Под знаком юбилея проходит текущий год для работников Городецкой участковой больницы

На варце чалавечага здароўя

IMG_6531Пад знакам юбілею праходзіць бягучы год для работнікаў Гарадзецкай участковай бальніцы. 70 гадоў прайшло з той пары, калі ўстанова ўпершыню адчыніла свае дзверы пацыентам.
Першапачаткова бальніца размяшчалася ў адным з жылых дамоў вёскі і была разлічана на 15 ложкаў-месцаў. Тут працавалі тэрапеўтычнае і радзільнае аддзяленні, работу якіх ажыццяўлялі 11 медработнікаў і 10 чалавек малодшага медыцынскага персаналу. На яе абслугоўванні быў 31 населены пункт.
У цяперашні будынак бальніца “перасялілася” ў 1979 годзе. Благаславёная дзіцячымі галасамі (раней тут размяшчалася вясковая школа), установа і да гэтай пары стаіць “на варце” чалавечага здароўя.

IMG_6547 Зараз Гарадзецкая ўчастковая бальніца ўключае ў сябе стацыянарнае і амбулаторнае аддзяленні. Магутнасць бальніцы разлічана на 25 ложкаў-месцаў, з якіх 15 – для хворых сястрынскага догляду. Зона абслугоўвання засталася практычна тая ж, праўда, аб’ём работы, а гэта каля трох тысяч чалавек, “разгрузіўся” на ФАПы: Дзямідаўшчынскі, Аніскавіцкі і Грушаўскі.
25 гадоў на пасадзе загадчыка бальніцы працуе Алег Клімчук, які прыйшоў у гэтыя сцены адразу пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. На вачах Алега Рыгоравіча бальніца двойчы падвяргалася рамонту, у тым ліку капітальнаму, які супаў з “дажынкавым” перыядам.

IMG_6567 Матэрыяльна-тэхнічная база бальніцы прадстаўлена неабходным абсталяваннем, каб ажыццяўляць комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў. У бальніцы функцыянуюць фізіякабінет, кабінет ультрагукавога абследавання, стаматалагічны, працэдурны, прышчэпачны кабінеты. Ёсць ва ўстанове і ўласная лабараторыя, дзе праводзіцца агульны аналіз крыві, аналіз крыві на глюкозу і халестэрын, аналіз мачы. Для зручнасці людзей у бальніцы працуе аптэчны кіёск.
Асаблівай увагі заслугоўваюць работнікі ўстановы. Гэта яны клапоцяцца пра здароўе вяскоўцаў. Як заўважыў Алег Рыгоравіч, усе 33 работнікі, з якіх дактары яму ў дапамогу – урач-тэрапеўт Ала Бойка і ўрач-педыятр Яўгенія Ярашэвіч, вартыя толькі добрых слоў. Выснову аб дружнасці і згуртаванасці працоўнага калектыву я зрабіла, калі выпадкова стала сведкам трапяткога і прыгожага віншавальнага моманту, які работнікі ўстановы падрыхтавалі для сваёй калегі – медыцынскай сястры Ніны Андрановіч з нагоды яе юбілейнага дня нараджэння.

IMG_6649З такой жа душэўнасцю, адказнасцю паставіліся гарадзецкія медыкі і да юбілею бальніцы, які тут адзначылі ў межах Дня медыцынскіх работнікаў. Юбілейная імпрэза прайшла з удзелам прадстаўнікоў асноўных аб’ектаў Гарадзецкага сельскага Савета: ААТ “Гарадзец-Агра”, клуба, публічнай бібліятэкі — і стала для вёскі ўсеагульным святам.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *