Выбар на карысць шчаслівай будучыні

Не  паспелі адчыніць свае дзверы выбарчыя ўчасткі, як каля іх пачаў збірацца народ — з самай раніцы кабрынчане прыйшлі сюды, каб аддаць свае галасы. Аб тым, як праходзіла работа ў гэты дзень, расказвае старшыня выбарчай камісіі ўчастка №12, які размяшчаўся ў Палацы культуры,  Валянціна Пакалюк:

— Актыўнасць грамадзян вельмі высокая. Значная колькасць прагаласавала датэрмінова, але і сёння яшчэ да адкрыцця перад дзвярыма сабралася чарга. Людзі самага рознага ўзросту — ад моладзі да пенсіянераў. Прыходзяць і цэлымі сем’ямі. Для ўсіх, хто галасуе на нашым участку, работнікі Палаца культуры падрыхтавалі і своеасаблівыя падарункі — так, у гэты дзень тут выступаюць нашы творчыя калектывы.

Вялікую актыўнасць праяўлялі выбаршчыкі і на ўчастку №2, які размясціўся ў САШ №8. Яна тут пачала праяўляцца яшчэ ў час  датэрміновага  галасавання — так, з 2596-ці бюлетэняў датэрмінова  было выкарыстана 442. Мы наведалі САШ №8  у час, калі да сталоў выбарчай камісіі выстройваліся чэргі, а самі члены камісіі ледзь паспявалі спраўляцца са сваімі абавязкамі.

Дарэчы, паказальны факт – людзі, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, вельмі адкрыта і  добразычліва ішлі на кантакт з прэсай. Муж і жонка Варанецкія  прыйшлі на выбары ўсёй сям’ёй, уключаючы маленькага Радзівона. Ён, дарэчы, таксама праявіў да выбараў вялікую цікавасць — і нават паспеў зазірнуць разам з мамай у кабінку для галасавання.

— Для нас выбары — гэта вельмі адказна, — расказваюць муж і жонка Варанецкія. — Менавіта сёння мы галасуем за наша  заўтра.

Актыўна праходзіла выбарчая кампанія і ў сельскай мясцовасці. Мы наведалі выбарчы ўчастак №49, што ў вёсцы Астромічы. Літаральна за паўгадзіны пасля адкрыцця тут ужо прагаласавала больш 10-ці чалавек. Значная частка грамадзян — каля 26-ці працэнтаў —прагаласавала датэрмінова.

— Першымі пайшлі людзі, што называецца, сталага ўзросту, — расказвае старшыня выбарчай камісіі Валянцін Пазняк. — А потым падцягнулася і моладзь.

— Упэўнены, што прыняць удзел у выбарах — абавязак кожнага з нас, — дзеліцца сваімі думкамі жыхар вёскі Астромічы Віталь Марчук. — Наша абгрунтаванае і ўзважанае рашэнне — гэта таксама ўклад у развіццё краіны.

Калі ж падвесці  вынік нашай паездкі па выбарчых участках Кобрыншчыны, можна зрабіць вывад, што ў гэты дзень работа выбарчых камісій праходзіла  спакойна і арганізавана. Ход выбараў пацвердзіў, што кабрынчанам не абыякавы лёс краіны, і ў яго вызначэнні яны прынялі актыўны ўдзел. Людзі  не проста выбіралі Прэзідэнта.  У першую чаргу яны галасавалі за сваю  Радзіму —  за тое, каб яна квітнела і развівалася.  Рабілі абгрунтаваны выбар на карысць  жыцця  сваіх дзяцей і шчаслівай будучыні.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *