Васіль Анішчук: “Электраэнергія – патрэба кожнага дня”

Спектр штодзённых задач Кобрынскага раёна электрычных сетак (РЭС) заўсёды вялікі. Паводле слоў кіраўніка РЭС Васіля Анішчука, бягучая пяцігодка была для яго калег няпростай. Асабліва напружаныя дні былі летась, калі Кобрыншчына рыхтавалася да правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі–2009”. Аб’ёмы работ былі павялічаны літаральна ў некалькі разоў у параўнанні з мінулымі гадамі.

Так, толькі ў горадзе брыгадамі РЭС было рэканструявана і пабудавана паветраных ліній электраперадач магутнасцю 0,4 Кв – больш за 41 кіламетр, яшчэ 25 км 319 м – у Кобрынскім раёне. Васіль Іванавіч адзначае, што такія мерапрыемствы — добрая магчымасць мінімізаваць  тэхнічныя праблемы.

Сёлета калектыў РЭС таксама плённа папрацаваў. У Кобрыне абноўлена 6 км 445 метраў паветраных ліній электраперадач на 10 кВ, для кварталаў індывідуальнай забудовы — 3 км 131 метр. Пабудавана і рэканструявана 712 метраў ліній 10 кВ, 5 км 404 м — 0,4 кВ, паводле Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла ў аграгарадках Кобрыншчыны. Уведзены ў эксплуатацыю новая гарадская камплектная і закрытая трансфарматарныя падстанцыі. Зусім нядаўна пры падтрымцы “Брэстэнерга” распачалася рэканструкцыя яшчэ 18 аб’ектаў у горадзе і на сяле, якая завершыцца ў пачатку наступнага года.

Планы ў Кобрынскага  РЭС на бліжэйшую перспектыву не менш адказныя і аб’ёмныя, іх выкананне залежыць ад высокага узроўню прафесіяналізму і адказнасці ўсяго калектыву арганізацыі.

— Мы добра ведаем, што электраэнергія – патрэба кожнага дня, без якога камфортнае жыццё проста немагчыма.  З упэўненасцю магу канстатаваць, што і сіл, і сродкаў на сучасным этапе дастаткова для таго, каб выканаць усе пастаўленыя дзяржавай задачы, – гаворыць Васіль Анішчук. —  Рэгулярна праводзяцца мадэрнізацыя і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, закуп вытворчага аўтатранспарту, навучанне персаналу, павышаецца узровень заработнай платы на прадпрыемстве. Ад усёй душы хочацца павіншаваць увесь калектыў з прафесійным святам, падзякаваць людзям за працу, адданасць  і высокую дысцыплінаванасць, пажадаць міру, спакою і дабрабыту ў сем’ях.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Васіль Анішчук (злева) разам з дыспетчарам РЭС Анатолем Люльковічам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *