Кобрин отметил День города 2016 (+фото)

Гэта наша свята

Фото 22З 15 па 17 ліпеня кабрынчане святкавалі Дзень горада. Сёлета споўнілася 729 гадоў з моманту першага згадвання Кобрына ў Іпацьеўскім летапісе.
Працай славім Кобрын
Старт святочным мерапрыемствам быў дадзены ў пятніцу ў Палацы культуры. На імпрэзу сабраліся не толькі жыхары Кобрына, але і шматлікія госці, у тым ліку дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў: Ціхарэцка і Ліўнаў (Расійская Федэрацыя), Канева і Ківерцаў (Украіна), Бельска-Падляскага і Сямяцічаў (Рэспубліка Польшча).

Фото 23

Фото 24– Вялікая і складаная, але цікавая гісторыя нашай зямлі, рабілі яе розныя людзі, і мы цяпер багатыя гэтай гісторыяй, – адзначыў падчас урачыстасцяў старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Дзякуй Богу, жывуць яшчэ ветэраны, якія абаранілі чалавецтва, вызвалілі ў тым ліку і наш горад. Дзякуй ім за гэта. А мы з вамі робім сучасную гісторыю, і нам за яе не сорамна. Канешне, ёсць і нямала выклікаў, але мы з імі спраўляемся, і ў нас усё атрымаецца, таму што мы ўмеем працаваць.
Па добрай традыцыі на святочнай імпрэзе ўшаноўвалі кабрынчан, якія ўносяць значны ўклад у росквіт і развіццё горада і маюць высокія дасягненні ў сваіх сферах дзейнасці. Дыпломам і каштоўнымі падарункамі таксама адзначылі вялікую дружную сям’ю Антаніны і Валянціна Сухарэвічаў, у якой шасцёра дзяцей і трое ўнукаў. Затым на сцэну для ўзнагароджвання падымаліся сем’і, якія сталі прызёрамі і пераможцамі раённага конкурсу “Самая здаровая сям’я”. У гэтый жа дзень былі ўзнагароджаны і пераможцы конкурсу па добраўпарадкаванні і ўзорным утрыманні горада і жыллёвага фонду.
Незвычайнай і цікавай атрымалася музычная частка імпрэзы. Дзякуючы кобрынскім талентам, гледачам была прапанавана тэатралізаваная канцэртная праграма “Мой горад – любім і ганарымся”.

Фото 4
Мы любім сябраваць!
Фото 28
Немалаважным мерапрыемствам у стракатым калейдаскопе святочных падзей да Дня горада стаў і традыцыйны прыём у старшыні райвыканкама Аляксандра Зазулі шэрагу дэлегацый, якія наведалі Кобрын, Як адзначыў у сваім прывітальным слове Аляксандр Іванавіч, жыхары Кобрыншчыны заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю і талентам сябраваць, наладжваць новыя ўзаемавыгадныя адносіны. І доказ гэтаму – распрацаваныя і рэалізаваныя разам з кіраўніцтвам гарадоў-пабрацімаў Кобрына праекты, якія ўжо рэальна дзейнічаюць. Старшыня райвыканкама выказаў спадзяванні, што, акрамя сацыяльна-культурнай сферы, у якой назіраецца станоўчая тэндэнцыя развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у перспектыве будуць напрацаваны рэальныя справы і ў аграпрамысловым сектары, што ў няпросты час эканамічных пературбацый у свеце, набывае асаблівую актуальнасць. Фото 25У бліц-інтэрв’ю “КВ” старшыня Лівенскага гарадскога савета народных дэпутатаў (Расія) Алена Канішчава паведаміла, што сёлета ўпершыню наведала Кобрын. Яна адзначыла, што ўражанні ад горада — прыемныя. Адчуваецца разуменне ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, душэўнасць і добразычлівасць жыхароў, няўзброеным вокам бачна прыгажосць на вуліцах. Алена Мікалаеўна падкрэсліла, што менавіта высокай культурай і душэўнай цеплынёй вельмі блізкія два нашых брацкіх народа і таму сяброўства з Ліўнамі абавязкова будзе адкрываць новыя гарызонты.
Салідарны з такім меркаваннем і намеснік кіраўніка адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння Ціхарэцкі раён (Расія) Алег Анціфееў, які з задавальненнем вызначае актывізацыю ўзаемасупрацоўніцтва з Кобрынам у эканамічнай і мас-медыя сферы. Напрыклад, такі вядомы мясцовы брэнд, як кобрынскія сыры, ужо паспяхова заваяваў аўтарытэт у ціхарэцкіх спажыўцоў. Шчыльна сябруюць паміж сабой і рэдакцыі газет “Тихорецкие вести” и “Кобрынскі веснік”. У перспектыве разам з кіраўніцтвам райвыканкама будзе распрацаваны і рэалізаваны праект аб узаемасупрацоўніцтве ў спартыўнай сферы, што таксама немалаважна.
З 1996 года працягваюцца сяброўскія сувязі з г. Каневам і г. Ківерцы (Украіна). Украінскія партнёры сумесна з кіраўніцтвам Кобрынскага раёна ўдзельнічаюць у трансгранічным супрацоўніцтве.
Вядзецца прадуктыўны дзелавы дыялог і з адміністрацыяй г. Бельска-Падляскага і г. Сямяцічы (Польшча). Бургамістр апошняга горада Пётр Сняковіч адзначыў, што Кобрын вельмі прывабны горад для вядзення бізнесу. А гэта дае пэўныя магчымасці для новых дамоўленасцяў.
Ва ўрачыстай атмасферы госці і гаспадары свята абмяняліся памятнымі сувенірамі і сфатаграфаваліся на памяць.

Кветкі вызваліцелям
Фото 1

Фото 3

Фото 2Ніводная перамога ў вайне, нават самая радасная і светлая, ніколі не абыходзіцца без ахвяр. Менавіта таму неадрыўнай часткай святкавання Дня горада, дня вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, заўсёды з’яўляецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак тым, хто аддаў жыццё дзеля нашай свабоды. Не стаў выключэннем і гэты раз. Побач з прадстаўнікамі ўлады, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, РК ГА “БРСМ” і РА РГА “Белая Русь” ў адзінай вахце памяці стаялі госці, якія прыехалі павіншаваць Кобрын і яго жыхароў з Расіі, Украіны і Польшчы. Так памяць да агульнага мінулага пераважыла і межы, і адлегласці.

Цікава і весела

Фото 27У суботу, 16 ліпеня, свята літаральна запаланіла ўвесь горад. З самага ранку цэнтр Корына ператравыўся ў горад майстроў і кірмаш пад адкрытым небам. На вуліцы Суворава размясціліся рамеснікі, гандляры, забаўляльныя пляцоўкі. Прадпрыемствы горада і раёна прадстаўлялі сваю прадукцыю. А “Палессе”, акрамя продажу цацак, на сваёй пляцоўцы арганізавала яшчэ і невялічкі канцэрт.
Шмат цікавага чакала аматараў народнага фальклору. На ўваходзе ў парк на вялікай паляне выступалі калектывы сельскіх Дамоў культуры. Перад уваходам на пляцоўку з тэатралізаванымі падворкамі “Запрашаюць гаспадары” на ўсе галасы гучаў ансамбль “Кобрынскі гармонік”. А за гарманістамі да сябе клікаў кожны. Тут можна было завітаць у “Бульбяны рай”, “Крайнюю хату”, “Новосільску гостыну”, “Астроміцкую кумору”, на “Шляхецкі кірмаш”.

Фото 26

Ад мінуўшчыны да сучаснасці

Фото 10

Фото 11Яркая і цікавая атмасфера свята панавала ўвечары і на набярэжнай каля лядовай арэны. Тут разгарнулася сапраўднае славянскае гарадзішча ранняга сярэднявякоўя, рэканструкцыю з жыцця якога прадставілі кабрынчанам ваенна-гістарычныя клубы. Аўтэнтычная вопратка, зброя і прадметы быту стваралі на самай справе чароўную атмасферу, нібыта час раптам павярнуў свой рух назад, даўшы нам магчымасць паглядзець на тое, як калісьці жылі нашыя продкі. А потым да набярэжнай прычаліў драккар, з якога раптам выйшлі ўзброеныя вікінгі на чале з сапраўднай валькірыяй, ролю якой выканала гаспадыня аграэкасядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Ала Палікарпук.
Пасля экскурсу ў далёкае мінулае гасцей чакаў яшчэ адзін выдатны сюрпрыз, а калі быць больш дакладным, падарунак ад нашага земляка, бізнесмена Івана Панасюка, дзякуючы якому павіншаваць кабрынчан з Днём горада прыехаў былы вакаліст “Песняроў” Валерый Скаражонак. Матывы, вядомыя амаль што кожнаму беларусу, не пакінулі раўнадушным нікога, і над вячэрнім Мухаўцам раз за разам несліся бурныя і шчырыя апладысменты.
Падхапілі музычную эстафету і нашы маладыя таленты, якія літаральна трапілі “з карабля на баль”. А калі дакладней – з палубы цеплахода “Гродна”, які ў гэты вечар таксама прымаў удзел у святкаванні Дня горада. Што ж датычыцца самога балю, то ён атрымаўся на славу. Пад авацыі шматлікіх гледачоў прыгожыя хлопцы і дзяўчыны на набярэжнай кружыліся ў самых разнастайных танцах, ад вальса і кадрылі да сучасных матываў. І здавалася, што на працягу гэтых некалькіх гадзін перад вачамі гледачоў пранеслася ўся гісторыя, ад сівой даўніны да сучаснасці і будучыні, якую ўвасобілі нашы цудоўныя дзеці.

Музычныя віншаванні

Фото 32Адным з эпіцэнтраў масавых гулянняў стаў, канешне ж, парк імя А. В. Суворава, дзе са сцэны амфітэатра віншавалі жыхароў горада творчыя калектывы і эстрадныя выканаўцы Кобрыншчыны, такія як народны духавы аркестр Палаца культуры, Вольга Камінская, Ангеліна Саўка, Аляксандра Карабчук і многія іншыя. Асаблівае захапленне публікі і бурныя апладысменты выклікалі запрошаныя на свята госці. Імі сталі спевакі беларускай эстрады Вольга Сацюк, Саша Нема і кавер-бэнд “Госнадзор — Ленинград”, якія павіншавалі кабрынчан, а ў падарунак далі свае сольныя канцэрты. Але самым нечаканым сюрпрызам стала з’яўленне на сцэне вышэйадзначанага саліста легендарнага ансамбля “Песняры” Валерыя Скаражонка, які выканаў залатыя хіты “Песняроў” і шмат песень Уладзіміра Мулявіна. Як адзначыў сам артыст, ён часты госць у Кобрыне, бо тут жывуць яго родныя, і ў чарговы раз яму было прыемна прыехаць сюды з такой радаснай місіяй — павіншаваць гараджан са святам.

Фото 30

Яшчэ аднымі музычнымі выканаўцамі, на гэты раз экзатычнай музыкі, былі эквадорскія індзейцы, удзельнікі калектыву “Wayra Nan”, якія для многіх сталі сапраўдным адкрыццём. Іх незвычайная музыка здзіўляла і зачароўвала прахожых, а яркія і каларытныя індзейскія касцюмы надавалі неверагодную эмацыянальнасць выступленням.
Канешне ж, на гэтым адкрыцці і нечаканасці для жыхароў Кобрына не закончыліся: на стадыёне “Юнацтва” ўсіх чакаў аэрастат (паветраны шар). Самыя адважныя маглі падняцца ў паветра і з вышыні птушынага палёту з зусім іншага ракурсу паглядзець на любімы горад.
Ну а незабыўным момантам вечару стаў грандыёзны салют, які ўразіў усіх удзельнікаў суботняга святочнага дзейства, пасля якога многія пераканаліся: як не можа быць другой Белавежскай пушчы альбо другога Мірскага замка, так не можа быць другога Кобрына, які мы любім і якім даражым.

О спорт! Ты – жыццё!

Фото 7

Фото 6

Фото 5

Аматары здаровага ладу жыцця адзначылі Дзень горада цэлым шэрагам разнастайных спаборніцтваў. На стадыёне “Юнацтва” прайшоў міжнародны турнір сярод ветэранаў па міні-футболе, арганізаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сумесна з Кобрынскім гарадскім аб’яднаннем прафсаюзаў. У турніры прынялі ўдзел дзве каманды з Украіны і адна – з польскага горада-пабраціма Бельска-Падляскага. На баскетбольнай пляцоўцы балельшчыкаў сабралі аматары стрытболу, у турніры па якім прынялі ўдзел 13 каманд, у тым ліку з Бярозы і Брэста. Зусім побач спрытна перамяшчаліся па корце аматары вялікага тэнісу. У КСДЮШАР прайшоў традыцыйны турнір па валейболе памяці майстра спорту Ігара Чэрніка, у якім за званне пераможцаў змагаліся 5 каманд. Завяршыўся шэраг спартыўных мерапрыемстваў у нядзелю на возеры ў Каташах, дзе адбыўся чэмпіянат раёна па пляжным футболе.Фото 8

Фото 9“Мой горад – мая любоў”
Словы любові роднаму Кобрыну ўпэўнена гучалі з вуснаў ці не кожнага ўдзельніка святочнай імпрэзы, якая адбылася ў межах святкавання Дня горада ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Вечарына паэзіі “Мой горад – мая любоў”, якая была арганізавана супрацоўнікамі бібліятэкі ў тандэме з народным аматарскім аб’яднаннем “Белы бусел”, стала своеасаблівай одай гораду.

Краіна дзяцінства
Фото 16

Фото 14Не менш насычаным для кабрынчан быў трэці дзень святкавання. У парку імя А.В. Суворава ён прайшоў пад эгідай сямейна-забаўляльнага свята дзяцінства “Маленькая краіна”. Шэраг мерапрыемстваў для юных кабрынчан арганізавалі супрацоўнікі парку, Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці і аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама.
Чым жывуць маленькія жыхары нашага горада, можна было ўбачыць на выстаўцы цацак-самаробак “Цуды сваімі рукамі”, якую падрыхтавалі выхаванцы дзіцячых садкоў. Значную частку вырабаў складалі казачныя персанажы, лялькі, сувеніры. Рукамі маленькіх умельцаў ствараліся прадметы для ўпрыгожвання інтэр’еру, выкананыя ў асноўным з падручнага матэрыялу. З добрым густам і згодна правілам этыкету “накрылі” дзеці і святочны стол, які дазваляў наведвальнікам уяўна пакаштаваць салодкіх дэсертаў.

Фото 15Не сакрэт, што дзіцячае жыццё складаецца з хваляў эмоцый, рухомасці, імкнення перамагаць. Увесь комплекс дзіцячых “хачу” рэалізаваўся ў час спартыўнага спаборніцтва “Свята дзяцінства”, якое адбылося, не зважаючы на праліўны дождж. За тытул пераможцаў змагаліся дзевяць каманд, у складзе якіх — бацькі і дзеці з дашкольных устаноў Кобрына.
Вялікую цікавасць у малых выклікаў дзіцячы кірмаш па абмене цацкамі. Як адзначыла мастацкі кіраўнік парку Вера Пойта, мерапрыемства такога характару яны ладзяць ужо трэці год запар. Удзельнікаў кірмашу было шмат, а гэта значыць, што ідэя, перанятая ў свой час супрацоўнікамі парку ў замежных калег, прыйшлася кабрынчанам даспадобы.

Фото 17

Фото 18

Фото 19

Фото 20“На казачнай паляне” — пад такой назвай для маленькіх наведвальнікаў парку была прадстаўлена гульнёвая забаўляльная праграма, падрыхтаваная супрацоўнікамі ДЗЦ “Кеша”. Разам з героямі ўсходняй казкі “Чароўная лампа Аладзіна” Аладзінам і Жасмін дзеці прайшлі шэраг выпрабаванняў, акцэнт якіх быў зроблены на рухомых гульнях і танцах. Асаблівую цікавасць малых выклікала тое, што эстафеты-конкурсы ўключалі элементы арыенціравання на мясцовасці.

Фото 21Цяжка падрабязна расказаць пра ўсе імгненні святочных дней, але варта адзначыць, што кабрынчане па-сапраўднаму любяць і шануюць свой горад. Таму Дзень горада стаў асабістым святам для кожнага.
Дзмітрый БЯЛОЎ, Людміла ДУБІНА, Наталля ЕФЦІФЕЕВА, Раман МЕЛЬНІК, Людміла ПАШКОВІЧ, Ганна ЦІМАШУК.

Фото 29

Фото 12

Фото 13

Фото 31

Фото 33

Фото 34

Фота аўтараў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *