8 июля состоялось открытое первенство Кобринского района по гребле на байдарках и каноэ

Упэўненасць і вера ў перамогу
IMG_39458 ліпеня на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па вяслярных відах спорту адбылося адкрытае першынство Кобрынскага раёна па веславанні на байдарках і каноэ, прысвечанае Дню горада Кобрына.
Адкрыццё спаборніцтваў пачалося з прывітальных слоў намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Паўла Адамовіча, які ва ўрачыстай атмасферы пажадаў юным спартсменам поспехаў на старце і спадарожнага ветру.
У гэты дзень выпрабоўвалі свае сілы 120 весляроў, прычым не толькі з Кобрыншчыны. Юнакі і дзяўчаты 2002 – 2004 г.н. і маладзей з Брэста, Пінска, Белаазёрска і Мінска бралі ўдзел у заездах на 200, 1500 і 2000 метраў.
Асабліва назіралася імкненне да перамогі ў дзяўчат, якія ўсімі сіламі імкнуліся ні ў чым не ўступаць юнакам, упэўнена заваёўваючы поспех і паказваючы высокія вынікі ў такім няпростым відзе спорту. Менавіта таму прызёрамі спаборніцтваў сярод кабрынчан сталі Дзіна Марчук (байдарка, 3 месца на дыстанцыях 200 і 1500 м), Таццяна Селівончык (байдарка, 200 м – 2 месца, 2000 м – 3 месца), а таксама Дар’я Жалязоўская (байдарка, 200 м – 3 месца).
Спартсмены, якія занялі 1 – 3 месцы, былі ўзнагароджаны Дыпломамі РК ГА “БРСМ”, аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама, а таксама медалямі адпаведных ступеняў ад ДЮСШ па вяслярных відах спорту горада Кобрына.
У такі выдатны дзень асабліва прыемна было назіраць за камандным духам удзельнікаў першынства. Нягледзячы на юны ўзрост, іх упэўненасці ў сваіх сілах, а таксама веры ў перамогу можна было пазайздросціць. Дзеці не толькі хварэлі адзін за аднаго, але і імкнуліся даць слушныя парады сябрам, якія рыхтаваліся да стартаў. Менавіта таму можна з упэўненнасцю сказаць, што сённяшнім прафесіянальным спартсменам і алімпійскім чэмпіёнам падрастае годная змена.
Ганна ЦІМАШУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *