Город, которым мы гордимся

Горад, якім мы ганарымся
Мороз и молодёжьГавораць, што толькі тое грамадства з’яўляецца жыццяздольным, дзе моладзь расце на запаветах сваіх бацькоў, дзе не знікаюць традыцыі продкаў, а памяць аб мінулым становіцца падставай для новых здзяйсненняў. Менавіта гэта лепш за ўсё адчуваеш на вуліцах нашага Кобрына, дзе загадкавым чынам спалучаюцца подых сівой даўніны і магутны рытм прагрэсу, дзе з помнікаў на нас глядзяць абліччы старажытных князёў, а пад іх урачыстым поглядам расце новы горад і новае пакаленне, здольнае да самаадданай стваральнай працы. Віншуючы нашу Кобрыншчыну са святам, мы аддаем даніну пашаны ветэранам Вялікай Айчыннай, якія на свае ўласныя вочы бачылі ўсе жахі вайны, і тым, хто працаваў у гады пасляваеннага аднаўлення амаль што дашчэнту знішчанай краіны, калі ўся наша Беларусь адбудоўвалася літаральна па цаглінцы, каб сёння нам і нашым дзецям было чым ганарыцца. І мы ганарымся, калі бачым, як на кожным кроку павялічваецца колькасць нашых здабыткаў, як з кожным днём, нягледзячы на цяжкасці, наш горад робіцца яшчэ прыгажэйшым, як растуць новыя жылыя дамы і аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. У кожным гэтым будынку, у кожным кіламетры чыстых і прыгожых вуліц – праца нашых сучаснікаў, якія не шкадуюць сябе, каб горад рос і квітнеў, і старэйшых грамадзян, якія ўжо ўнеслі свой уклад у развіццё рэгіёну, але і пасля выхаду на заслужаны адпачынак не пакідаюць грамадскую дзейнасць і шчодра дзеляцца сваім вопытам з маладымі. Таму што ў нашым Кобрыне – часцінка душы кожнага з яго жыхароў, і часцінка Кобрына заўсёды будзе жыць у кожным з нас, куды б ні закідваў нас няўрымслівы лёс.
IMG_3415Самую цяжкую і балючую частку гісторыі Кобрына ўвасабляюць помнікі Вялікай Айчыннай вайны – вечныя напаміны аб вялікім горы і найвялікшым подзвігу. Адзін з іх – сквер імя Герояў-танкістаў, які быў закладзены ў нашым горадзе ў 2004 годзе, дзе ў якасці помніка доблесным воінам 22-й танкавай дывізіі, удзельнікам аднаго з першых баёў вайны, на магутным пастаменце ўсталяваны танк “Т-44”. Сёння на гэтым месцы, як і каля ўсіх іншых помнікаў героям Вялікай Айчыннай, ляжаць кветкі, тут праходзяць шматлікія ўрачыстыя мерапрыемствы.
І няхай нашы цудоўныя дзяўчаты заўсёды апранаюць ваенную форму толькі для памятных мітынгаў ды ўрачыстых імпрэз на ваенную тэматыку. Няхай зямля дорыць нам не міны і снарады, а багатыя ўраджаі ды цудоўныя палявыя кветкі, а па небе ляцяць толькі белыя аблокі. Вайна ж няхай заўсёды застаецца толькі нашай гісторыяй – горкай, страшнай, але незабыўнай. А мы на ўроках гэтай гісторыі і на прыкладах самаадданага гераізму, які назаўсёды праславіў нашу Беларусь у гады Вялікай Айчыннай, будзем гадаваць новае пакаленне свабодных грамадзян, сапраўдных патрыётаў і дастойных сыноў нашай агульнай Радзімы.
IMG_3880Ніколі, нават у цяжкія пасляваенныя часы кабрынчане не забывалі пра свае традыцыі і пра сваю мінуўшчыну, якія мы з асаблівай увагай і пяшчотай узгадваем сёння, у Год культуры. Гэтыя ж самыя тэмы хвалявалі кабрынчан і адразу пасля Вялікай Перамогі. Ужо ў 1946 годзе ў нашым горадзе быў заснаваны ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава – вялікага рускага палкаводца, жыццёвы шлях якога стаў часткай гісторыі Кобрына. Прынамсі, менавіта кобрынскі музей, заснаваны ў доме, што ў свой час належыў славутаму генералісімусу, – адзіны ў Беларусі, які непасрэдна звязаны з асобай Аляксандра Суворава. Сёння дзякуючы багатым калекцыям аўтэнтычных прадметаў музей, які выдатна ўпісаўся ў ансамбль адноўленай вуліцы Суворава, карыстаецца нязменнай папулярнасцю як сярод кабрынчан, так і гасцей нашага горада, а ўнікальныя экспанаты выклікаюць цікавасць як простых прыхільнікаў гісторыі, так і спецыялістаў. Зброя, абмундзіраванне, манеты, жывапіс, прадметы побыту нібыта пераносяць нас на стагоддзі ў мінулае, нагадваючы пра падзеі, якія сталі неадрыўнай часткай сусветнай гісторыі, і пра факты, на якіх фарміравалася сучасная ваенная тэорыя. І здаецца, што побач з усімі гэтымі рэчамі, амаль кожная з якіх мае глыбокі след, становішся бліжэй да тых этапаў нашай гісторыі, якія аказалі свой уплыў на нацыянальнае станаўленне не толькі кабрынчан, але і ўсяго беларускага народа.
Парк фонтан 1А зусім побач, праз некалькі соцен метраў, раскінулася другая выдатная мясціна нашага горада – парк імя А.В. Суворава, дарэчы, адзін са старэйшых паркаў Рэспублікі Беларусь. Калісьці – невялікая сядзіба, а сёння — помнік прыроды рэспубліканскага значэння, ён з’яўляецца аблюбаваным месцам адпачынку для наведвальнікаў усіх узростаў. Тут можна сустрэць самыя разнастайныя пароды дрэваў, а таксама лебедзяў, качак, паўлінаў і ручных белачак, якія зусім не баяцца падыходзіць да людзей, нібыта ўвасабляючы еднасць чалавека і прыроды. Менавіта тут адбываюцца практычна ўсе мерапрыемствы раённага маштабу, а на сцэну сучаснага амфітэатра выходзяць як самыя славутыя “зоркі”, так і самыя маленькія “зорачкі”, якія толькі пачынаюць свой шлях у чароўным свеце песні і музыкі. Тут чуецца вясёлы смех дзяцей, якіх чакаюць больш за два дзясятка разнастайных атракцыёнаў і цэлае мора вяселля ў дзіцячым забаўляльным цэнтры “Кеша”. Па цяністых алеях парку любяць гуляць маладыя пары, на пляцоўку ля фантана, які ўпрыгожвае скульптурная кампазіцыя “Купалле”, прыходзяць адпачыць прадстаўнікі старэйшага пакалення. І не толькі таму, што тут вельмі ціха, утульна і прыемна, але і таму, што для кожнага кабрынчаніна парк імя А.В. Суворава з’яўляецца неадрыўнай часткай жыцця нашага горада і нашай гісторыі.
IMG_3772Кобрын гасцінна адкрывае для ўсіх дзверы сучасных спартыўных і аздараўленчых комплексаў, сярод якіх – лядовая арэна і аквапарк. У першым з іх размясцілася дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па зімовых відах спорту, дзе ў хакейных секцыях сёння займаюцца больш за 120 падлеткаў рознага ўзросту, якія ўжо зараз паказваюць выдатныя вынікі напрацягу матчаў як з беларускімі камандамі, так і з нашымі гасцямі з-за мяжы, дорачы новыя і новыя нагоды для гонару. Дарэчы, дзякуючы лядовай арэне на Кобрыншчыну прыйшоў і сапраўдны вялікі хакей, а кабрынчане цяпер маюць магчымасць на свае вочы назіраць за матчамі з удзелам каманд рэспубліканскага ўзроўню. Акрамя хакеістаў, тут трэніруюцца больш за 60 юных прыхільніц і прыхільнікаў фігурнага катання, выступленні якіх выклікаюць нязменныя апладысменты на ўсіх “лядовых” мерапрыемствах самага рознага ўзроўню.
IMG_3892Шмат разнастайных прапаноў для здароўя кабрынчан і гасцей горада усіх узростаў прапануе і АЦ “Аквапарк”, дзе наведвальнікі могуць атрымаць цэлы спектр медыцынскіх і эстэтычных паслуг ці проста паплаваць у сваю асалоду. Сваіх наведвальнікаў тут чакаюць басейн з атракцыёнамі, плавальны басейн, зала саўн, медыцынскае аддзяленне, трэнажорная зала і многае іншае. Адным словам, карысны і здаровы адпачынак, а пры неабходнасці – і лячэнне, знойдуцца для кожнага.
IMG_3833Ну а калі адпачынак і падтрымка спатрэбяцца не целу, а душы, знайсці іх можна ў храмах, якіх на Кобрыншчыне вялікае мноства. У час праваслаўных святаў здаецца, што меладычны гук царкоўных званоў з усіх бакоў горада льецца ў самае сэрца. Своеасаблівай жамчужынай сярод іх з’яўляецца Свята-Аляксандра-Неўскі сабор, які быў закладзены ў 1864 годзе ў памяць рускіх салдат, загінуўшых у час Кобрынскага бою ў Айчыннай вайне 1812 года, калі была атрымана першая значная перамога над войскам Напалеона. У гэтага храма вельмі няпросты гістарычны лёс: сабор перажыў пажар, пераабсталяванне ў планетарый, потым — у архіў… Толькі ў 1990 годзе храм быў адбудаваны і асвячоны зноў і сёння з’яўляецца цэнтральным месцам праваслаўных набажэнстваў нашага горада і гістарычна-культурнай каштоўнасцю. А на бліскучых крыжах весела ззяе яркае летняе сонейка, нібыта радуючыся разам з людзьмі выратавальнай моцы сапраўднай веры, дабрабыту і мірнаму жыццю. І, гледзячы на гэтую прыгажосць, якая жывым золатам пераліваецца пад блакітным мірным небам нашай Радзімы, хочацца ад усёй душы павіншаваць усіх, хто тут нарадзіўся, вырас ці аддаў хаця б частку свайго жыцця гэтай цудоўнай зямлі. Са святам вас, кабрынчане! Са святам, родная Кобрыншчына!
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *