Обладателями золотой, серебряной и бронзовой “палитры” стали учащиеся КГПК

Абсалютная перамога

IMG_5456Усе галоўныя ўзнагароды ў VI міжнародным біенале мастацкай творчасці моладзі “Захапленні і таленты-2016” за статуэтку бургамістра г. Бельска-Падляскага “Залатая, сярэбраная і бронзавая палітра” ва ўзроставай катэгорыі 16 — 20 гадоў атрымалі кабрынчане – навучэнцы Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Нагадаем, што ў красавіку польскай дэлегацыяй з Бельскага Дома культуры было адабрана каля 50 работ, выкананых у разнастайных тэхніках выяўленчага мастацтва.
Вынікі конкурсу былі абвешчаны ў межах святкавання XXXVII Дзён Бельска-Падляскага з удзелам сардэчна запрошаных на свята нашых землякоў: намесніка дырэктара па вытворчым навучанні політэхнічнага каледжа Аляксандра Юшчука, надзеленага “на час” функцыямі дырэктара каледжа, і выкладчыкаў установы Ірыны Гулюты і Алёны Сіняк. Абладальнікамі залатой, сярэбранай і бронзавай “палітры” сталі Валянціна Верамко, Юрый Любімаў, Аліса Шыманчык (адпаведна). Граматамі за творчасць былі ўзнагароджаны Людміла Сергіевіч, Камелія Архіпава, Ларыса Прылуцкая і Аляксандра Папова.
Варта адзначыць, што Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж заўсёды паспяхова ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і фестывалях, перамога ж у Польшчы, дзе спаборніцтва вызначалася вялікай колькасцю ўдзельнікаў, стала чарговым доказам таго, наколькі таленавітыя нашы землякі.
Абсалютная перамога каляджан вельмі ўразіла палякаў. За прафесіяналізм і творчую работу былі ўзнагароджаны граматамі вышэйадзначаная Ірына Гулюта і майстар вытворчага навучання Аксана Селівончык, якія падрыхтавалі пераможцаў. Дарэчы, у межах свята з удзелам педагогаў каледжа прайшлі майстар-класы для дзяцей і моладзі Польшчы.
Упэўненае і творчае выступленне навучэнцаў Кобрынскага політэхнічнага каледжа ў дадзеным фестывалі адкрыла ім новыя перспектывы. Ужо ў студзені наступнага года нашых землякоў ізноў чакаюць у Польшчы, каб пераняць іх вопыт у адлюстраванні навакольнага свету, на які, мы, беларусы, глядзім з вялікай пашанай і любоўю.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: Васілій Дземідовіч (у цэнтры), Аксана Селівончык (другая злева), Ірына Гулюта (трэцяя справа) з пераможцамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *