Татьяна ОСТАПУК: “За любым успехом – кропотливая работа”

Таццяна АСТАПУК:
“За любым поспехам – карпатлівая работа”

IMG_5095У паштовую сферу Таццяну Астапук прывяло само жыццё. На пасаду паштальёна ў аддзяленне паштовай сувязі “Астромічы” прыйшла яна ў 2003 годзе на падмену водпуску аднаго з работнікаў, а засталася назаўсёды.
“Я з дзяцінства з павагай і захапленнем ставілася да паштальёнаў. Яны прыносілі мне мае любімыя газеты “Зорка”, “Піянерская праўда” і здаваліся добрымі чараўнікамі”, — з усмешкай заўважыла Таццяна Уладзіміраўна, успамінаючы імгненні маленства.
Спецыфіку прафесіі паштальёна асвоіла адразу. Таццяна выгадавалася ў атмасферы працы і добра разумела, што за любым поспехам стаіць карпатлівая работа. А таму, не шкадуючы часу і моцы, у любое надвор’е дастаўляла карэспандэнцыю адрасатам.
На абслугоўванні Таццяны Астапук аграгарадок Астромічы і вёска Яромічы — каля 1,5 тысячы чалавек. Людзі розныя па ўзросце, характары і перавагах, але з аднолькавай патрэбай ва ўвазе. На апошнюю наша гераіня не скупіцца, разумее, што ў рабоце з людзьмі па-іншаму нельга. “Вясковы паштальён для людзей, асабліва пажылых і самотных, – своеасаблівы псіхолаг”, — адзначыла жанчына. На сваім участку яна ведае кожнага. З радасцю заўважае, што многія з яе кліентаў – людзі чытаючыя.
Любіць чытаць і сама Таццяна, хоць прызнаецца, што зусім мала часу застаецца на любімы занятак. Вясковае жыццё з усімі яго клопатамі ў выглядзе хатняй жывёлы і вялікага агарода, які жанчына садзіць на ўчастку апусцелай бацькоўскай хаты ў вёсцы Яўсімавічы, а яшчэ любімыя ўнукі практычна цалкам паглынаюць яе вольны час.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна Астапук.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *