Ад выбараў да выбараў: Вектар пазітыўнага развіцця

У мінулым годзе сельгаскааператыў “Узыходзячая зара” ўзначаліла Таццяна Дземідзюк. Нарадзілася яна ў в. Хідры. Усе яе продкі — працаўнікі сяла. Таму Таццяна Паўлаўна добра ведае, што такое вясковае жыццё, якія патрэбы маюць мясцовыя сем’і, супрацоўнікі СВК. Па адукацыі кіраўнік гаспадаркі – эканаміст.  Ці складана наогул кіраваць складанай гаспадаркай жанчыне? На гэта пытанне Таццяна Дземідзюк адказала з усмешкай:

— Лічу, што галоўны акцэнт у рабоце для мяне як кіраўніка трэба рабіць на павышэнне матэрыяльнага дабрабыту кожнага работніка, ствараць максімальна камфортныя ўмовы для працы і адпачынку, адпаведна з вынікамі працы заахвочваць людзей.

На сучасным этапе свайго развіцця СВК “Узыходзячая зара” – у ліку флагманаў не толькі сярод сельгаспрадпрыемстваў Кобрынскага раёна, але і Брэсцкай вобласці. Асноўныя накірункі дзейнасці  — вытворчасць малака і свінагадоўлі. У канцы 2006 года ў в. Каташы была ўведзена ў эксплуатацыю сучасная малочнатаварная ферма на 600 галоў дойнага статка, што дазволіла гаспадарцы атрымліваць 50% прадукцыі класам “экстра”. Вытворчасць поўнасцю камп’ютарызаваная. Жывёлу абслугоўваюць чатыры аператары машыннага даення. Выдатныя паказчыкі дэманструюць і работнікі малочнатаварных фермаў у вёсках Хідры і Гайкоўка. Так, сёлета Валянціна Гардун і Святлана Батурка дасягнулі дзевяцітысячнага рубяжа па надоях малака, за што ўдастоены ўзнагарод ад прэм’ер-міністра Беларусі.  Па вытворчасці малака СВК “Узыходзячая зара” займае першае месца ў вобласці і трэцяе – у краіне. Як адзначыла Таццяна Дземідзюк, у наступнай пяцігодцы плануецца распачаць будаўніцтва яшчэ адной новай малочнатаварнай фермы. Прынамсі, у гаспадарцы штогод  пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічваецца ў сярэднім на пяць працэнтаў.

У маі пачалася работа па рэканструкцыі свінагадоўчага комплексу ў в. Хідры. Цяпер тут размяшчаецца дзесяцітысячнае пагалоўе свіней. Па стане на 1 снежня за бягучы год гаспадарка рэалізавала дзяржаве 3300 тон мяса.  Дадаткова пабудаваны тры новыя вытворчыя будынкі.

Адміністрацыя “Узыходзячай зары” працуе ў цесным кантакце з вучонымі Беларускай акадэміі навук, якія ўкараняюць свой пілотны праект — манціруюць найсучаснейшае тэхналагічнае абсталяванне па праграме імпартазамяшчэння за кошт рэспубліканскага інавацыйнага фонду. Аналагічныя работы вядуцца і на свінакомплексе в. Пецькі. Сёлета дзякучы падтрымцы ААТ “Белаграпрамбанк” было асвоена прыкладна 11 млрд. рублёў на рэканструкцыі свінакомплексу.

Поспехі жывёлаводаў грунтуюцца на высокаразвітым раслінаводстве. Нягледзячы на сціплую бальнасць зямлі – 26,7 —  аграномы навучыліся вырошчваць кукурузу, іншыя культуры. Па выніках мінулага года СВК “Узыходзячая зара” заняў чацвёртае месца ў вобласці па вытворчасці кармавых адзінак на балагектар. Нядрэнная рэнтабельнасць вытворчасці гаспадаркі – 13 працэнтаў —  дазваляе паляпшаць заработную плату, якая ў сярэднім па выніках 11 месяцаў складае 923000 рублёў.

Прэзентабельна выглядае сацыяльна-бытавая інфраструктура Хідрынскага аграгарадка. Будуюцца новыя дамы для спецыялістаў, рэканструюцца вуліцы, іншыя аб’екты і ўстановы. Завяршылася мадэрнізацыя ведамаснага дзіцячага садка “Сонейка”, які наведваюць 34 хлопчыкі і дзяўчынкі.

— Як дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік кааператыву хачу пажадаць сваім калегам, каб кожны годна працаваў, меў дастойныя заробкі і выбраў для сваёй краіны  мір і росквіт, — гаворыць Таццяна Дземідзюк.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Таццяна Дземідзюк (у цэнтры) з аператарамі машыннага даення Наталляй Каракоўскай і Наталляй Самасюк (справа) у будынку малочнатаварнай фермы ў в. Каташы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

ZhytloNews.com: Откладывать покупку жилья не стоит