Дзень Незалежнасці Беларусі: Свята гонару, памяці, славы

Свята гонару, памяці, славы

IMG_2507
Гавораць, што толькі той, хто хоць раз сам-насам сутыкнуўся са смерцю, у стане ўспрыняць багацце і прыгажосць жыцця. Менавіта такая страшная, але неабходная генетычная памяць жыве ў сэрцы кожнага з нас – з тых, хто нарадзіўся на нашай шматпакутнай зямлі, палітай крывёю воінаў і мірных жыхароў, партызан і падлеткаў, мужчын і жанчын, імёны якіх навечна засталіся ўпісанымі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Мы не скарыліся ва ўмовах акупацыі, назаўсёды застаўшыся ў сусветнай гісторыі нязломным партызанскім краем, дзе кожнае дрэва, кожная лясная сцежка дыхала ў спіну ворага помстай і смерцю. Мы не апусцілі рукі пасля вайны, крок за крокам падымаючы з кален амаль што дашчэнту знішчаную краіну, не разгубіліся і ў пачатку 90-х, калі ў чарговы раз руйнаваліся ўсе прывычныя нам асновы. І сёння насуперак усім разбуральным тэндэнцыям, якія, на жаль, ужо падступаюць і да нашых межаў, мы ў чарговы раз з гонарам адзначаем сваю незалежнасць, неадрыўнай часткай якой ёсць і заўсёды будзе памяць пра гераізм нашых продкаў, якія не шкадавалі жыцця дзеля дабрабыту будучых пакаленняў. Таму што толькі той народ, які аднойчы пазнаў страшнае жыццё пад прыгнётам ворага, можа ў поўнай меры ацаніць мір і свабоду на сваёй зямлі, ціхі шорах лістоты на дрэвах, спевы птушак і вясёлы дзіцячы смех. І зразумець, што ў гэты дзень усім нам, без перавелічэння, ёсць чым ганарыцца.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *