“Ніколі не думаў, што буду працаваць у вёсцы…”

Шчыра прызнацца, калі мы ўпершыню сустрэліся з Аляксандрам Белабеевым — маладым педагогам з Лукскай сярэдняй школы, то першай думкай было, што менавіта такім і павінен быць сапраўдны настаўнік. Акуратны знешні выгляд, добры настрой, дзелавы стыль адзення — усё адпавядала іміджу выбранай прафесіі. І, самае галоўнае —  свежы позірк, напоўнены энергіяй і энтузіязмам.

У вёску Лука Аляксандр трапіў па размеркаванні з горада Брэста, дзе ён не толькі вучыўся, але і жыў разам з сям’ёй. Як прызнаецца сам малады педагог, размеркаванне і працаўладкаванне для яго сталі сапраўднай чарадой сюрпрызаў..

— Па-першае, я, прызнацца, не думаў, што апынуся ў вёсцы, якая, тым больш, знаходзіцца на даволі вялікай адлегласці ад раённага цэнтра, — з усмешкай успамінае  Аляксандр Белабееў. — Ну а другі сюрпрыз стаў, насупраць, вельмі прыемным — таму што ўбачыць такія ўмовы работы, як тут, я нават не спадзяваўся. І спачатку проста хадзіў, што называецца, адкрыўшы рот, — еўрарамонт, новыя класы, добры калектыў, практычна імгненнае вырашэнне жыллёвага пытання — у чым, дарэчы, дапамагла адміністрацыя школы. Адным словам — сустрэча з вёскай Лука для мяне пераўзышла ўсе мае самыя смелыя надзеі, у тым ліку — і па зарплаце.

Пра апошнюю, дарэчы, варта сказаць асобна — многія з нас ужо прызвычаіліся да думкі, што маладыя спецыялісты заўсёды атрымліваюць мала, працуюць многа, ды і ўвогуле жыццё маюць няпростае. Дык вось, зарплата маладога спецыяліста  Аляксандра Белабеева ўжо перавышае планку ў мільён рублёў. Запытаецеся, як такое можа быць? Усё проста. Па-першае, выкладае Аляксандр і хімію, і біялогію — а значыць, мае больш вучэбных гадзін.  Па-другое, атрымлівае надбаўку — як малады спецыяліст. І, па трэцяе — яшчэ адну, за тое, што працуе ў сельскай мясцовасці. Увогуле атрымліваецца зусім нядрэнна. Чаму ж не працаваць?

Што ж датычыцца выбару прафесіі, то да вывучэння жывога свету Аляксандр імкнуўся з дзяцінства. У школе прымаў удзел у алімпіядах па біялогіі, цікавіўся ўсім, што бачыў вакол сябе ў жывой прыродзе. Лічыць, што жывёлы абавязкова павінны быць і дома —з’яўляецца абсалютна іншая, прыемная і ўтульная атмасфера. А гэта — адзін з залогаў прыемнага адпачынку і, адпаведна — добрай працаздольнасці.

Дарэчы, Аляксандр — яшчэ і прыхільнік здаровага ладу жыцця. Ён сябруе са спортам — у прыватнасці, захапляецца футболам. Малады настаўнік упэўнены — ад таго, як мы будзем ставіцца да свайго здароўя сёння, напрамую залежыць будучыня нашых дзяцей заўтра. А яшчэ Аляксандр гаворыць, што вясковая атмасфера не можа ісці ні ў якое параўнанне з гарадской…

— Ведаеце, калі я ўпершыню сюды прыехаў, спачатку ў мяне нават круцілася галава — такім чыстым, празрыстым і свежым здалося мясцовае паветра, — расказвае Аляксандр. — Пасля гоману і загазаванасці  вуліц вялікага горада гэта — сапраўдная казка. Да таго ж, ад школы да дому ісці літаральна некалькі хвілін.

Такіх маладых спецыялістаў, як Аляксандр Белабееў, у Лукскай школе 4 чалавекі. А ўвогуле доля маладых настаўнікаў тут складае каля трэцяй часткі ад усяго калектыву — моладзі заўсёды ёсць у каго павучыцца.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *