Социальный проект для незрячих и людей со слабым зрением прошел на базе Кобринского ТЦСОН

Пераможная пяцёрка

IMG_2226Што адчувае невідушчы чалавек, можна ўявіць, калі заплюшчыць вочы. Поўную цемру, якая пазбаўляе арыентацыі, страх перад невядомасцю, разгубленасць. Але адкрываеш вочы – і ўсяго пералічанага ўжо няма.
Для ўдзельнікаў Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” цемра, на жаль, не заканчваецца, але са сваім хваляваннем і трывогай яны справіліся. Упэўніцца ў гэтым можна было ў час конкурсу “Я – самы рэабілітаваны”, які адбыўся ў межах сацыяльнага праекта “Рэабілітаванасць – галоўная ўмова незалежнага пражывання невідушчых і людзей са слабым зрокам, інтэграцыі іх у грамадства” на базе Кобрынскага ТЦСАН.

IMG_2116Як заўважыла старшыня раённай арганізацыі таварыства невідушчых і людзей са слабым зрокам Валянціна Смяховіч, спаборніцтву папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка ўдзельнікаў у школе рэабілітацыі, якая, дарэчы, таксама пачала сваю дзейнасць у час рэалізацыі праекта. За 9 месяцаў неабходныя ўменні і навыкі па самаабслугоўванні атрымалі 36 пажылых удзельнікаў, аднак для ўдзелу ў конкурсе вызначыліся 15 самых смелых і рашучых.
Паколькі конкурсная праграма падразумявала своеасаблівы экзамен па рэабілітацыі, для больш якаснай праверкі ведаў яна праводзілася ў тры этапы па пяць чалавек. Удзельнікамі першай пяцёркі сталі Пётр Нікіцюк, Еўдакія Кірычэнка, Марыя Бяляева, Людміла Пракапчук і Яфрэм Сахарук — розныя па складзе характару, з рознымі перавагамі і жыццёвым лёсам, але з аднолькавай бядой, якая напаткала іх кожнага па-свойму. Так, Пётр Нікіцюк інвалід па зроку з дзяцінства, Людміла Пракапчук стала невідушчай у выніку траўмы, астатнія ўдзельнікі страцілі зрок з узростам у выніку хваробы вачэй.
Візітоўкі канкурсантаў былі праніклівымі, прасякнутымі настальгічнымі ноткамі і велізарнай удзячнасцю да свайго заступніка – Валянціны Смяховіч.
Другім выпрабаваннем стала нарэзка прадуктаў, якую ўдзельнікі ажыццяўлялі з дапамогай уласнага нажа ці нажа-дазатара. Крытэрыі ацэнкі гэтага конкурснага задання былі такія ж, якія прад’яўляюцца і да відушчых гаспадароў. Як адзначыла Валянціна Смяховіч, не прыцягваць да сябе празмернай увагі – адно з асноўных правілаў, якое прывіваецца ў таварыстве. З асаблівай стараннасцю дэманстравалі ўдзельнікі сваё ўменне прасаваць. Акрамя практычных, правяраліся і тэарэтычныя веды, якія таксама раскрывалі “сакрэты” вядзення хатняй гаспадаркі.

IMG_2279У гледачоў, як і ў членаў журы на чале з начальнікам аддзела сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама Галінай Алясюк, праз конкурсныя заданні “Гурман”, “Мастацкая самадзейнасць” была магчымасць адчуць унутраны свет канкурсантаў. Прыемна, што нягледзячы на цяжкую хваробу, гэтыя людзі спяваюць, танцуюць, іграюць на музычных інструментах, нават складаюць вершы.
Любое спаборніцтва мае сваіх герояў. Званне самай рэабілітаванай атрымала Марыя Бяляева, другое месца – у Пятра Нікіцюка. На трэцяй пазіцыі апынуўся Яфрэм Сахарук, на чацвёртай і пятай – (адпаведна) Еўдакія Кірычэнка і Людміла Пракапчук. Усе яны былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.
Нягледзячы на тое, як размеркаваліся прызавыя месцы, кожны з канкурсантаў – пераможца над сваімі страхамі, няўпэўненасцю, над сваёй трывогай.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *