10 июня прошел выпускной бал в средней школе № 9 города Кобрина

Развітальная мелодыя

фото 1Апошнім акордам школьнай сімфоніі для 653 юнакоў і дзяўчат сталі выпускныя балі, якія адбыліся ў школах горада і раёна 10 чэрвеня. Цэлых адзінаццаць гадоў ішлі выпуснікі да гэтай падзеі, перажываючы поспехі і няўдачы на навучальнай ніве.
Пранікнёным, поўным настальгіі і ўдзячнасці быў выпускны баль у сярэдняй школе № 9 горада Кобрына. Тут з роднай установай развітваліся 64 адзінаццацікласнікі.

IMG_3331

IMG_3381Якія яны, сёлетнія выпускнікі? Маладыя, энергічныя, мэтанакіраваныя, якія глядзяць у сваю будучыню вачамі, поўнымі надзеі. Іх юныя сэрцы, на шчасце, не ведаюць, якім суровым бывае жыццё і як жорстка часам высцілае яно свае сцежкі. Але гэта добра ведаем мы, дарослыя, таму так многа карысных пажаданняў-парад прагучала ў гэты вечар у адрас выпускнікоў. Акцэнт на важнасці правільнага прафесіянальнага выбару зрабіла дырэктар школы Галіна Дземідовіч, на ўменні годна процістаяць любым жыццёвым выклікам сканцэнтраваў увагу госць імпрэзы — старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля. Не спыняцца на дасягнутым і працягваць самаўдасканальвацца заклікала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч. Словы добрых пажаданняў “на дарогу” выказалі выпускнікам іх педагогі і бацькі.

IMG_3535Трапяткой і запамінальнай стала цырымонія атрымання атэстатаў сталасці, асабліва для выпускнікоў, якія ўзнагароджваліся залатымі медалямі. Такіх у дзявятай школе трое: Ганна Грыбок, Аляксандра Юшкевіч, Ірына Камарчук. У межах імпрэзы атрымалі ўзнагароды і тыя дзеці, хто актыўна праявіў сябе ва ўстановах дадатковай адукацыі.
Своеасаблівую адзнаку “за працу” ў выглядзе Пісьмаў падзякі атрымалі і бацькі выпускнікоў. Гэта яны на працягу ўсяго перыяду навучання былі поруч з нашымі “героямі”, і гэта яны ледзь стрымлівалі слёзы, каб не расчуліцца непасрэдна ў зале, выпускаючы сваіх дзяцей у жыццё.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *