Таццяна Місюк: “Годна жыць і працаваць на сваёй зямлі — галоўная ўзнагарода для чалавека”


У сераду на Кобрыншчыну пасля плённай двухдзённай работы вярнуліся члены дэлегацыі  4-га Усебеларускага народнага сходу. Паводле іх слоў, час, праведзены ў сталіцы, праляцеў літаральна на адным подыху. Дарэчы, восем удзельнікаў форуму з’яўляюцца дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў. Больш падрабязна аб сваіх уражаннях расказала старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк.

— Я ўпершыню ўдзельнічала ў падобным мерапрыемстве. Шчыра скажу, моцна ўражана арганізацыйным узроўнем яго правядзення. У зале панавала атмасфера сяброўства, узаемапавагі, яна яднала ўсіх нас. Дзякуючы Усебеларускаму народнаму сходу  грамадзяне маюць цудоўную магчымасць прымаць удзел у вырашэнні дзяржаўных спраў.

Калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падводзіў вынікі пяцігодкі, нам было не сорамна за ўсе тыя пазітыўныя дасягненні народнагаспадарчага комплексу, сацыяльнай сферы, станоўчыя пераўтварэнні ў грамадстве, якія адбыліся за апошні час, не толькі перад суайчыннікамі,  але і перад гасцямі з іншых краін.

Зроблена шмат. І гэта бачна простым вокам: прыгажосць сталічных вуліц, абноўленыя абласныя  і раённыя цэнтры, аграгарадкі, якія нагадваюць  еўрапейскія гарады. Дзяржава і далей будзе ўдзяляць вялікую ўвагу гарадам і вёскам.

Нашым дзецям і моладзі дадзены добры шанц у жыцці  набыць якасную адукацыю, уладкавацца на работу, з густам і карысцю адпачываць у новых спартыўна-фізкультурных аб’ектах. Дынамічна і ўпэўнена развіваецца эканоміка – мадэрнізуецца вытворчасць на прадпрыемствах, укараняюцца інавацыйныя, энергаэфектыўныя тэхналогіі, павялічваецца колькасць рынкаў збыту беларускай прадукцыі, павышаецца яе якасць.  Такія зрухі ў чарговы раз з’яўляюцца прамым доказам таго, што наша незалежная дзяржава працаздольная, сучасная і мае каласальны навукова-тэхнічны патэнцыял.

У час Усебеларускага народнага сходу мы размеркаваліся па спецыяльных секцыях, якія працавалі ў шэрагу прадпрыемстваў і ўстаноў. Мне прадаставілася магчымасць быць у групе на чале са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Андрэйчанкам на ЗАТ ”Атлант”. У працэсе абмеркавання рабочых пытанняў мы з калегамі прыйшлі да адзінай высновы — стабільнасць эканомікі Беларусі вырасла, створаны надзейны плацдарм для яе развіцця ў чарговай пяцігодцы. Мясцовыя органы ўлады праводзяць дзяржаўную палітыку, галоўнай мэтай якой з’яўляецца рост дабрабыту, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Дэпутаты раённага Савета ў межах сваёй кампетэнцыі абмяркоўваюць і прымаюць неабходныя рашэнні. Яны маюць намер і далей прадметна разглядаць усе звароты грамадзян, пытанні, звязаныя з далейшым развіццём нашага раёна. Мы заўсёды памятаем, што ў цэнтры ўвагі знаходзіцца чалавек з яго патрэбамі і інтарэсамі.

Лічу, што ў наступнай пяцігодцы мы ўсе павінны працаваць яшчэ больш якасна і плённа, удзяляць больш увагі дысцыпліне як у грамадстве, так і ў калектывах, памятаць, што будуем моцную і квітнеючую краіну не толькі для сябе, але і для сваіх нашчадкаў.

Паважаныя кабрынчане! Беларусь даказала  здольнасць забяспечыць  сваё ўстойлівае развіццё і нацыянальную бяспеку. Спадзяюся, што мы ўсе з вамі прымем актыўны ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і аддадзім перавагу на карысць стабільнасці і дастойнай будучыні!

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Таццяна Місюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *