У грамадскай прыёмнай — 500-ты наведвальнік


Своеасаблівы юбілей адзначыла грамадская прыёмная Кобрынскага райвыканкама — нядаўна яна прыняла свайго 500-га наведвальніка. Ім стала Таццяна Грамчук, якая прыйшла высветліць пытанне магчымасці выкарыстання чэкаў «Жыллё», якія былі падараваны роднай цёткай, на пагашэнне крэдыту на будаўніцтва кааператыўнай кватэры.
Дарэчы, як сведчыць статыстыка, пытанні, што датычацца чэкаў «Жыллё», з’яўляюцца самымі актуальнымі для наведвальнікаў грамадскай прыёмнай. Толькі за бягучы год за кансультацыяй такога кшталту звярнуліся 22 чалавекі. Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Галіна Бурдыка, ролю грамадскай прыёмнай на самой справе пераацаніць практычна немагчыма.
— Людзі ідуць да нас з самымі рознымі праблемамі. Менавіта тут, у грамадскай прыёмнай, можна пагаварыць са спецыялістам адпаведнай службы, што называецца, сам-насам, у спакойнай абстаноўцы задаць сваё пытанне і атрымаць адказ. Прыём вядуць кваліфікаваныя прафесіяналы самых разнастайных устаноў і арганізацый, якія могуць вырашыць нават складанае, на першы погляд, пытанне.
Вось на гэты раз “юбілейная” наведвальніца атрымала поўны і грунтоўны адказ, які дала Ніна Маюк, спецыяліст па прыватызацыі КУШВП ЖКГ «Кобрынская ЖКГ». Як аказалася, чэкі «Жыллё», пра якія ішла гаворка, у свой час былі падараваны цётцы родным дзядуляй Таццяны Аляксандраўны. Цяпер заяўніцы патрэбна ўдакладніць у выканаўчым камітэце па месцы пражывання дзядулі, чые жыллёвыя квоты былі ўключаны ў склад аб’яднанай жыллёвай квоты, выдадзенай у выглядзе чэкаў «Жыллё» на імя дзядулі. Калі ў склад аб’яднанай жыллёвай квоты ўключаны жыллёвыя квоты блізкіх родных заяўніцы, значыць, яна можа выкарыстоўваць чэкі «Жыллё» для пагашэння крэдыту на будаўніцтва кватэры пры адпаведным афармленні дагавароў даравання і пераафармлення чэкаў «Жыллё» на імя заяўніка.
Так што, паважаныя кабрынчане, калі ў вас ёсць хвалюючыя пытанні да прадстаўнікоў адпаведных службаў і арганізацый – грамадская прыёмная райвыканкама вас чакае.
Дзмітрый БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *