Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “УСЕБЕЛАРУСКІ СХОД — ВЫШЭЙШАЕ ПРАЯЎЛЕННЕ НАРОДАЎЛАДДЗЯ”

Усебеларускі сход — вышэйшае праяўленне народаўладдзя, якое ўвасабляе ў сабе гістарычны вопыт і сучасныя тэндэнцыі дэмакратызму. Аб гэтым 6 снежня ва ўступным слове на IV Усебеларускім народным сходзе заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.Паводле слоў беларускага лідара, Усебеларускі народны сход дае магчымасць не проста весці адкрытую, сумленную і зацікаўленую размову людзей і ўлады, але і прымаць рашэнні аб выбары стратэгіі развіцця дзяржавы.

Беларусь у 2011-2015 гадах павінна ўвайсці ў лік 50 краін з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Прэзідэнт адзначыў, што праводзімая ў краіне работа ў мінулым па сваіх маштабах і складанасці не ідзе ў параўнанне з тым, што трэба будзе зрабіць. Наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі.

Узровень і якасць жыцця чалавека, паводле слоў Прэзідэнта, вызначаюць пяць важнейшых складальнікаў: паўнацэнная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. Менавіта праз іх праламленне варта разглядаць усю праграму на чарговую пяцігодку.

“Праграма, з якой мы выходзім на гэты сход, — гэта беспрэцэдэнтныя тэмпы росту эканомікі і дабрабыту народа. Інакш нельга, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У сучасным свеце паважаюць моцных і лічацца толькі з моцнымі. Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму моцнай!”

Беларусь наблізілася да галоўнай мэты — высокага ўзроўню і якасці жыцця народа.

Беларусь даказала сваю здольнасць забяспечыць устойлівае развіццё і нацыянальную бяспеку нават у самых жорсткіх знешніх умовах.

Сусветны фінансава-эканамічны крызіс, на жаль, не абышоў бокам Беларусь, але краіна змагла вытрымаць гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. «Краіна не прагнулася, нягледзячы на неймаверны націск і масіраваны шантаж з усіх бакоў. Мы не далі загубіць створаную палітычную і сацыяльную стабільнасць. Захавалі народны здабытак, які ў іншых краінах пайшоў за бясцэнак».

У Беларусі дзякуючы ўласнай мадэлі развіцця ўдалося прадухіліць наступствы крызісу, якія давялося зведаць большасці краін свету. Гаворачы аб дасягненнях Беларусі за апошнія гады, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што «гэта не падарунак ад Госпада Бога і не вынік сыравіннага экспарту», а вынік напружанай працы. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў цэннасць рэальнага суверэнітэту краіны, калі народ мае права самастойна выбіраць стратэгію сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.

Прэзідэнт перакананы, што паўнацэнная сям’я — гэта сям’я, у якой нараджаюцца і растуць дзеці. «Беларускіх грамадзян павінна станавіцца больш. Для Беларусі мінімальна неабходная колькасць — 20 млн. чалавек, а аптымальная — 30 млн.», — перакананы ён.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што меры дзяржаўнай падтрымкі будуць садзейнічаць росту нараджальнасці ў краіне. У будучай пяцігодцы, паводле яго слоў, «трэба на поўную магутнасць уключыць сацыяльны пакет і эканамічныя стымулы для сем’яў з трыма і больш дзецьмі».

На гэтыя мэты накіравана і жыллёвая праграма. «Ёсць трое дзяцей — сям’я пры будаўніцтве аплачвае не больш за чвэрць кошту кватэры або жылога дома. Калі ў сям’і чацвёра-пяцёра дзяцей — гарантавана бясплатная кватэра», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь уклала ў эканоміку ў бягучай пяцігодцы $72 млрд. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка 6 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія паўтара дзесяцігоддзі краіна даказала сваю палітычную і эканамічную самастойнасць. Пацвярджэнне таго — пастаянны эканамічны рост, абнаўленне асноўных вытворчых фондаў, павышэнне дабрабыту народа. Сярэднегадавы тэмп эканамічнага развіцця Беларусі ў мінулай пяцігодцы склаў каля 8 працэнтаў. Вышэйшы ён толькі у 12 краін свету.

За пяць гадоў у Беларусі створана 185 новых прадпрыемстваў, больш як 320 кардынальна мадэрнізаваны. У цэлым краіна выйшла на аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш $25 млрд. у год. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш як у 4 разы. Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматразова, увесь мадэльны рад. Гэта вялікая праца інжынераў, канструктараў, вучоных, рабочых і служачых.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае беларусаў весці здаровы лад жыцця. Выступаючы на IV Усебеларускім народным сходзе, кіраўнік дзяржавы назваў здаровы лад жыцця адным з галоўных фактараў выхавання падрастаючага пакалення.

Паводле даных экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 80 працэнтаў фактараў, якія ўплываюць на стан здароўя, з’яўляюцца кіруемымі. Палова з іх залежыць ад ладу жыцця чалавека. Таму ў Беларусі, адзначыў кіраўнік дзяржавы, будзе прадоўжана стварэнне спартыўна-аздараўленчай інфраструктуры. Не толькі такіх буйных праектаў, як «Мінск-Арэна», «Сілічы», лядовыя палацы, але і басейнаў, лыжаролерных трас, спартыўных пляцовак у школах і ў дварах.

Камфортнасць жыцця не будзе дасягнута без глыбіннай дэбюракратызацыі і выкаранення карупцыі. «Усе гэтыя гады мы бязлітасна змагаемся з гэтым злом, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ўжо многае зрабілі, каб павярнуць дзяржаўныя органы як у цэнтры, так і на месцах тварам да чалавека. Але работа яшчэ не завершана».

У Беларусі па трох пазіцыях (росту ВУП, сельскагаспадарчай вытворчасці, зніжэнню адмоўнага знешнегандлёвага сальда) не ўдалося выканаць у бягучай пяцігодцы прагнозныя паказчыкі. З аднаго боку, на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У першую чаргу гэта фінансавы крызіс, які ўдарыў па нашаму экспарту. Негатыўным фактарам з’явілася і рэзкае павышэнне цэн на энерганосьбіты. За пяць гадоў цана на прыродны газ для Беларусі вырасла ў 4 разы, на нафту — у 2 разы. І ўмовы надвор’я мінулага года, вядома, моцна ўдарылі па эканоміцы нашай краіны, «што апусціла на ступень ніжэй па вытворчасці сельскую гаспадарку».

Але з другога боку, лічыць кіраўнік дзяржавы, нельга скідаць з рахунку і суб’ектыўны фактар. «Што, скажаце, у нас няма расхлябанасці, непаваротлівасці, маруднасці ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў? А колькі відавочнай безгаспадарчасці!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі не маюць намеру павялічваць пенсійны ўзрост, ламаць існуючую сістэму. Дзяржава выканала сваё абяцанне, забяспечыўшы рост пенсій у сярэднім у паўтара раза. Удзельная вага тых, хто атрымлівае пенсію, ніжэйшую за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера, за пяцігодку скарацілася больш як у чатыры разы і цяпер складае менш за 3 працэнты.

У наступныя пяць гадоў, запэўніў Прэзідэнт, мінімальная пенсія будзе жорстка прывязана да пражытачнага мінімуму пенсіянера і расці такімі ж тэмпамі, як і зарплата.

Беларусь вытрымала цэнавыя шокі. Беларусь не загінула. «Скажам шчыра: наш чалавек не вельмі і адчуў гэты глабальны крызіс. Мы забяспечылі хоць і не такі, як планавалі, але невялікі рух наперад нават у крызісны год, калі па валавому ўнутранаму прадукту практычна ўсе дзяржавы мінусавалі, — хоць каля 2 працэнтаў, але прырост мы атрымалі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта і ёсць праяўленне таго, што называецца надзейным запасам трываласці эканамічнай сістэмы.

Стабільнасць эканомікі Беларусі адчувальна вырасла, таму можна з поўнай падставай  сцвярджаць, што створаны надзейны плацдарм для паскоранага развіцця эканомікі ў чарговай пяцігодцы. «Мы ўжо навучыліся вырашаць любыя задачы і здольны паспяхова працаваць ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі. Нам цяпер нельга спыняцца, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Дасягнутае стала магчымым дзякуючы, без перабольшання, гераічнай працы нашага народа. Людзі — галоўнае багацце Беларусі, у іх залог поспехаў дзяржавы ў цэлым». Таму ў Беларусі ключавым прыярытэтам палітыкі заўсёды быў, ёсць і будзе чалавек, яго патрэбнасці, узровень і якасць жыцця.

У Беларусі ўжо сфарміраваўся сярэдні клас грамадства. Сёння тых, хто лічыць сябе чалавекам з сярэднім дастаткам, — амаль дзве трэці, у той час як пяцігодку таму такіх было напалову менш. І гэта пры тым, што эканамічны крызіс яшчэ толькі заканчваецца.

Ёсць і багатыя людзі. Але пры гэтым вельмі важна, што няма моцнага сацыяльнага расслаення. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найменшай сацыяльнай няроўнасцю. Розніца ў даходах у Беларусі за апошнія гады складае прыблізна 5 разоў (прыкладна як у Германіі, Аўстрыі і Швецыі). У Расіі яна — амаль 20 разоў.

«На еўрапейскі ўзровень мы будзем арыентавацца і ў будучым, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта зусім не азначае, што будуць стрымлівацца высокія даходы. Наадварот, дзяржаўная палітыка нацэлена на тое, каб заможных людзей станавілася больш. Але пры гэтым каб прапарцыянальна падцягваліся і астанія слаі грамадства».

Беларусь да 2016 года па долі ВУП на душу насельніцтва павінна выйсці на сярэднееўрапейскі паказчык. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў.

У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Аляксандр Лукашэнка назваў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, лекавую бяспеку, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту.

У рэспубліцы да 2015 года павінна быць уведзена 42 млн. кв.м жылля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы, сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што жыллёвае будаўніцтва застанецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Шмат зроблена ў гэтай сферы. На працягу некалькіх гадоў па колькасці пабудаваных кватэр на 10 тыс. насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і ўваходзіць у групу дзяржаў свету з высокімі паказчыкамі.

Запланаванае павелічэнне рэальных грашовых даходаў павінна да 2016 года зрабіць для асноўнай масы насельніцтва даступным будаўніцтва жылля за кошт уласных і пазыковых сродкаў.

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб была забяспечана поўная занятасць. Сёння дастаткова прапаноў па працаўладкаванню. Усё астатняе залежыць ад жадання і патэнцыялу самога чалавека. І ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці ў будучай пяцігодцы ўсе пытанні па заработнай плаце будуць зняты.

Пытанню якасці адукацыі неабходна ўдзяліць сур’ёзную ўвагу ў Беларусі. Прэзідэнт перакананы, што ў Беларусі неабходна мяняць структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, арыентуючыся на запыты і патрэбы нашай эканомікі.

Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінен наблізіцца да $1 тыс. у эквіваленце. Гэта самыя высокія ў нашай гісторыі тэмпы росту заработнай платы і даходаў насельніцтва. Зарплата $500 або нават $1000 — меншая за еўрапейскі ўзровень. Але гэта калі лічыць толькі яе намінальнае значэнне. Аднак нельга не ўлічваць, што дзяржава добраахвотна ўзяла на сябе значную частку расходаў, звязаных з сацыяльным забеспячэннем грамадзян.

Прэзідэнт прывёў даныя Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых міжнародных агенцтваў. Так, насельніцтва аплачвае менш як 30 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 працэнтаў кошту праезду ў грамадскім транспарце, толькі 10 працэнтаў затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садзе і толькі 0,5 працэнта расходаў на навучанне аднаго вучня ў школе. Астатняе кампенсуе дзяржава. Сюды ж трэба дадаць тыя вялікія сродкі, якія затрачвае дзяржава на медыцынскае абслугоўванне, адукацыю ў ВНУ, харчаванне ў школах, не гаворачы ўжо аб датацыях вёсцы на вытворчасць прадуктаў харчавання. І калі падсумаваць усё гэта, то ўзровень даходаў насельніцтва будзе цалкам супастаўны з еўрапейскім.

Ён заявіў таксама аб неабходнасці ўстанавіць дастойны ўзровень мінімальнай заработнай платы, ніжэй за якую не павінен атрымліваць ні адзін рабочы, — яна будзе складаць не менш як трэць ад сярэдняй зарплаты.

Доля інавацыйнай, высокарэнтабельнай прадукцыі ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў будучай пяцігодцы павінна скласці не менш як 20 працэнтаў. Паводле слоў Прэзідэнта, «Беларусь стаіць на парозе новай эканамічнай палітыкі, змяняецца структура эканомікі». «Трэба адысці ад арыентаванасці на ўвоз вельмі вялікіх аб’ёмаў сыравіны і энергіі для вытворчасці невялікай дабаўленай вартасці, — сказаў ён. — Эканоміка павінна прырастаць за кошт прынцыпова новых галін і прадпрыемстваў, якія даюць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю». Перавагу павінны атрымаць прадпрыемствы, заснаваныя на ўласнай сыравіне і рэсурсах.

У той жа час, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі пакуль яшчэ не навучыліся па-гаспадарску ставіцца да мясцовых рэсурсаў.

У новай пяцігодцы Беларусь сканцэнтруе намаганні на рэалізацыі некалькіх нацыянальных праектаў тэхналагічнага прарыву, якія павінны вырашыць важнейшыя дзяржаўна значныя задачы і заснаваны на ўласных прыродных і інтэлектуальных рэсурсах, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Фармацэўтычнай галіне Беларусі неабходны рэвалюцыйны прарыў.

За кошт якасці і эфектыўнасці доля айчынных прэпаратаў на ўнутраным рынку павінна перасягнуць 50 працэнтаў, у разы трэба павялічыць экспарт лекавай прадукцыі. «Сёння — 25 працэнтаў, а трэба 50 працэнтаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь зробіць стаўку на асваенне нетраў за мяжой. Мы пастаўляем ужо нафту з Венесуэлы. І здабываем яе там. А ў далейшым плануем істотна павялічыць уласную здабычу вуглевадароднай сыравіны», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што ўяўленне аб тым, што ў Беларусі няма прыродных рэсурсаў, у корані няправільнае. Работнікі вытворчасці і вучоныя ўжо сёння ацэньваюць тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні здабычы і комплекснай перапрацоўкі жалезнай руды, сланцаў, бурага вугалю, нарошчвання магутнасцей па калію, нярудных матэрыялах.

Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду разгледзець пытанне аб ільготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што захавана вялікая колькасць ільгот для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, інвалідаў, асоб, якія пацярпелі ад катастроф, і іншых катэгорый, якім сапраўды патрэбна сацыяльная абарона. Штогод устанаўліваецца для ўсіх пенсіянераў на дачны перыяд 50-працэнтная скідка на праезд у прыгарадным транспарце. Гэта практыка будзе прадоўжана, запэўніў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, кожны чалавек мае права разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу, калі аб’ектыўна мае ў ёй патрэбу. «Аднак шалёных ільгот не будзе».

Крызісаў у Беларусі не будзе, заявіў Прэзідэнт Беларусі. «Хачу з гэтай трыбуны запэўніць усіх грамадзян Беларусі: крызісаў не будзе. Крызіс у галовах тых, хто свядома разгойдвае сітуацыю і прыдумвае розныя страшылкі».

Дырэктыва №4 будзе прынята ў Беларусі да канца года і накіравана на стымуляванне ініцыятывы і сацыяльнай адказнасці суб’ектаў гаспадарання, ухіленне лішніх бар’ераў. «Сутнасць нашай стратэгіі лібералізацыі простая: канкурэнцыя — усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь бярэ пазыкі не на праяданне, а на тое, каб купіць новыя тэхналогіі і пабудаваць вытворчасці, якія будуць глядзець у новае стагоддзе.

Беларусь па вытворчасці прадуктаў харчавання на душу насельніцтва займае першае месца сярод краін СНД і ўваходзіць у лік сусветных лідараў па вытворчасці малака, бульбы, лёну. «Наша дальнабачная палітыка дала магчымасць зрабіць вельмі магутны рывок у развіцці сельскай гаспадаркі краіны», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларускаму ўраду і прадпрыемствам трэба стварыць эфектыўную сістэму кантролю якасці. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мадэрнізацыя і прагрэс немагчымы без дысцыпліны і якаснай працы.

Жыццё ў вёсцы ў малых і сярэдніх гарадах павінна быць не менш камфортнае, чым у буйных гарадах і сталіцы. У бягучай пяцігодцы рэгіёны Беларусі, многія населеныя пункты абнавіліся. Паводле даных сацыялагічных даследаванняў, матэрыяльнае становішча вяскоўцаў з 2000 года па 2010 год палепшылася амаль у 7 разоў. Вёска перастала ўспрымацца як дэпрэсіўны і бесперспектыўны сектар эканомікі.

Умовы будаўніцтва жылля ў малых і сярэдніх гарадах, асабліва для моладзі, будуць самыя лепшыя. «Нядаўна мы прынялі рашэнне аб павышэнні надбавак да заработнай платы для маладых спецыялістаў у сельскіх населеных пунктах. Гэта ж увядзём і для малых гарадоў», — удакладніў Прэзідэнт.

У будучай пяцігодцы экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання неабходна павялічыць да $7 млрд. Для параўнання: гэта столькі, колькі нам даюць калійныя ўгнаенні, і нават больш, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт вызначыў задачы на наступную пяцігодку ў галіне АПК. Праграма завершыць працэс фарміравання беларускай мадэлі аграпрамысловага комплексу. Яе поўная рэалізацыя дасць магчымасць ператварыць сельгасвытворчасць у высокаразвіты і экспартаарыентаваны сектар эканомікі з узроўнем эфектыўнасці, не ніжэйшым за еўрапейскі. Рэнтабельнасць сельгасвытворчасці павінна дасягнуць 25-30 працэнтаў.

Уся навейшая гісторыя Беларусі была звязана з глыбокімі пераменамі, і гэта патрабуе ад нацыі неймаверных намаганняў, настойлівасці, мудрасці і прадбачання, адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, беларускі народ з годнасцю праходзіць гэты нялёгкі шлях: закладзены магутны эканамічны фундамент, пастаўлены моцныя ідэйныя апоры грамадства, створана надзейная сістэма нацыянальнай бяспекі.

У заключным выступленні на IV Усебеларускім народным сходзе  Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую ўдзячнасць усім дэлегатам за падтрымку, разуменне, актыўны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці праграмных дакументаў, пажадаў усім удзельнікам высокага форуму, іх блізкім, родным і дзецям шчасця, поспеху і дабрабыту.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папрасіў беларусаў прыйсці на выбары.

«Вельмі вас прашу — не расслабляйцеся, не складана ж кожнаму з нас прыйсці на выбары, 19-га гэта ці 18-га, датэрмінова, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Кажуць, не трэба датэрмінова, а мы вас і не штурхаем да гэтага, галоўнае, каб вы прыйшлі на выбары і сказалі сваё слова».

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *