Мы благодарные дети мирного неба вместе со всей страной отмечаем День Победы (9 мая 2016г в Кобрине) +фото

З вясной, са святам, з Перамогай!
Гісторыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ніколі не адрозніваюцца многаслоўнасцю. Відаць, не так ужо многа ёсць слоў, здольных у поўнай меры выразіць увесь жах, які зведала наша зямля ў ваенны час,  і перадаць сапраўдную  веліч подзвігу, які на мяжы чалавечых магчымасцяў здзейснілі ў тыя страшныя гады салдаты. І мы міжволі замаўкаем разам з франтавікамі, нібыта пераносячыся разам з імі ў тое самае зацішша перад боем, калі свет здаецца такім прыгожым і так моцна хочацца жыць. І зноў кожны год у гэтыя святочныя дні ў сэрцы зліваюцца ў адзінае цэлае бязмерны смутак па загінуўшых і трыумф новага жыцця, а ў душы і на вуліцы квітнее сонечны май – і мы, удзячныя дзеці мірнага неба, разам з усёй краінай адзначаем Дзень Перамогі.
Сапраўдным сімвалам гэтай удзячнасці сталі святочныя мерапрыемствы, якія прайшлі ў гэты дзень на нашай Кобрыншчыне. Урачыстая праграма распачалася з цырымоніі ў рамках Дня Герба і Сцяга Рэспублікі Беларусь, ў час якой былі ўзнагароджаны пераможцы спаборніцтваў за дасягненне лепшых у 2015 годзе вынікаў у працоўнай і грамадскай дзейнасці. Іх імёны занесены на Дошку гонару Кобрынскага раёна. Дыпломы з рук старшыні райвыканкама Аляксандра Зазулі атрымалі прадстаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, гандлю, бытавога абслугоўвання, паліўна-энергетычнага комплексу, камунальнай гаспадаркі, бізнесу, адукацыі,  медыцыны, органаў тэрытарыяльнага і грамадскага самакіравання і іншых сфер дзейнасці.
А побач набірала ход урачыстае шэсце, гучаў духавы аркестр, луналі сцягі, усё падыходзілі і падыходзілі кабрынчане. Здавалася, што цэнтральная плошча горада не здолее ўмясціць усіх жадаючых – такой дружнай і аднадушнай атрымалася святочная ініцыятыва жыхароў нашай Кобрыншчыны. З вялікім энтузіязмам была падтрымана акцыя “Бессмяротны полк”, якая сёлета праходзіла на Кобрыншчыне ўпершыню, але адразу набрала вялікую колькасць прыхільнікаў. І здавалася, што тыя, хто не дажыў да гэтага Дня Перамогі, ішлі ў гэты ранак побач з усімі намі, радуючыся агульнай Перамозе.
— Чым далей адыходзіць у гісторыю пераможны 1945 год, тым больш відавочнай становіцца жорсткая праўда вайны і тое, якой цаной быў заваяваны мір, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – За гады Вялікай Айчыннай загінула каля 13 тысяч нашых землякоў, была знішчана ўся інфраструктура раёна, і гэты боль не залечыць нават час. Вечная памяць тым, хто не вярнуўся з палёў бітвы, зямны паклон салдатам-вызваліцелям, працаўнікам тылу, усім тым, хто падарыў нам шчасце жыць і працаваць пад мірным небам. Гледзячы ў вочы ветэранам вайны, хацелася б падкрэсліць, што мы зробім усё, што ў нашых сілах, для таго каб гэтая памяць заставалася свяшчэннай, каб сувязь часоў замацоўвалася нашымі добрымі справамі і стваральнай працай.
Ускладзены вянкі і кветкі да абеліска, адгучалі словы малебна па загінуўшых, адбілі хвіліну маўчання гучныя ўдары метранома. А побач з ветэранамі на плошчы стаяць зусім маленькія дзеткі – як сімвал новага жыцця і непарыўнай пераемнасці пакаленняў. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь – нашай свабоднай і незалежнай краіны, якая не скарылася пад страшным гнётам фашысцкай навалы, не апусціла рукі ў цяжкія пасляваенныя гады, не страціла духоўныя падставы ў няпростыя 90-я. Мы выжылі, мы перамаглі – і нам ёсць што святкаваць.
Урачыстая атмасфера свята ў гэты дзень панавала і ў парку імя Суворава, які, па візуальным уражанні, сабраў у гэты дзень як мінімум палову раёна. Пасля мітынгу тут прайшоў святочны канцэрт з удзелам такіх зорак беларускай эстрады, як Уладзімір Ухцінскі, Мікіта Фаміных, Маргарыта Лурдж, Алег Жукаў. Не пуставала і пляцоўка ля ратонды – тут працавала палявая кухня, шмат гледачоў сабраў конкурс чытачоў, у якім прынялі ўдзел вучні школ горада. Цікавым момантам праграмы стала выступленне кіналагічнай службы Пінскага пагранатрада: службовыя сабакі, якія імгненна сталі цэнтрам увагі прысутных, прадэманстравалі выдатныя навыкі і на самай справе непаўторную прывабнасць, сабраўшы вакол сябе вялікую колькасць прыхільнікаў усіх узростаў.
Ну і якое ж свята Перамогі без сапраднай ваеннай песні ля вогнішча?! У гэты дзень яна аб’яднала ўсіх: песні на ваенную тэматыку спявалі заслужаныя калектывы, у тым ліку “Кобрынскія музыкі” і “Зараніца”, людзі сталага ўзросту, моладзь, сямейныя дынастыі, прафесіянальныя выканаўцы і людзі, вядомыя нам зусім па іншых сферах дзейнасці. Разам з песнямі ваенных гадоў знайшлі сваё месца сучасныя творы, сярод якіх бурныя апладысменты выклікала песня ў выкананні Аляксея Кірыеўскага на словы супрацоўніцы нашай “раёнкі” Наталлі Кандрашук “Яшчэ да вайны”.
Маштабная імпрэза разгарнулася і побач, у амфітэатры. Тут гледачоў сабраў канцэрт творчых калектываў і выканаўцаў Кобрынскага РЦДТ “Праўнукі Перамогі”, якіх крыху пазней змянілі творчыя калектывы і выканаўцы горада. Ббліжэй да ночы святочную эстафету падхапіў Ігар Пашэчка з творчым праектам “Вышыня”. Свята аб’яднала ўсіх.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *