«Настаўнікам трэба нарадзіцца…»

Размеркаванне… Мабыць, толькі той, хто сам прайшоў праз гэтыя хвалюючыя моманты, можа зразумець, колькі эмоцый, надзеі і іншых самых разнастайных пачуццяў перажывае ўчарашні студэнт перад гэтым этапам свайго жыцця. У мінулым засталіся лекцыі, экзамены і курсавыя работы — і вось ужо зусім хутка распачнуцца першыя працоўныя дні на новым месцы.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Мінянскай СЭШ Ала Крукава на размеркаванні мела магчымасць выбіраць месца работы першай і, пасля кароткіх роздумаў, у якасці будучага месца работы была выбрана Кобрыншчына — у прыватнасці, Мінянская сярэдняя экалагічная школа. Аб чым сама Ала, дарэчы, зусім не шкадуе.

— Шчыра прызнацца, аб такой прафесіі я марыла, пачынаючы з малодшых класаў, — расказвае маладая настаўніца. — Ды і ў школе ўсе гаварылі — маўляў, быць табе педагогам. Асабліва падабаліся мова і літаратура — як руская, так і беларуская. Вось і абрала такі профіль, дзе яны спалучаюцца, і зараз магу выкладаць як адну, так і другую. А ўвогуле — лічу, што настаўнікам, мабыць, трэба нарадзіцца. Калі ты бачыш, што твае ўрокі ідуць на карысць, калі ў вачах дзяцей свецяцца энтузіязм і цікавасць — што можа быць лепш?

Як адзначыла Ала Крукава, на першым рабочым месцы ёй спадабалася. З дапамогай адміністрацыі школы, і ў прыватнасці, дырэктара Галіны Молчан, хутка і аператыўна вырашылася праблема з жыллём — сама Ала родам з-пад Баранавіч. Не ўзнікае пытанняў і ў прафесіянальнай сферы — тут, у Мінянскай СЭШ, да маладых педагогаў заўсёды ставяцца з асаблівай увагай і пяшчотай. І падкажуць, і дапамогуць, калі будзе патрэбна. Але ўжо зараз, праз некалькі месяцаў пасля пачатку работы, водзывы пра новую настаўніцу ў адміністрацыі школы толькі станоўчыя.

— Вельмі прыемная дзяўчына, — расказвае дырэктар Галіна Молчан. – І справа не толькі ў тым, што спецыяліст з «чырвоным» дыпломам. Проста вельмі шчыры,  сумленны чалавек, які да сваёй працы ставіцца з вялікай адказнасцю.

Гледзячы ў вочы маленькіх вучняў Алы Крукавай, можна сказаць з упэўненасцю — новая настаўніца ім падабаецца.  Што ж датычыцца такога пытання, як размеркаванне менавіта ў сельскую мясцовасць, то для нашай гераіні такой праблемы  не існавала ніколі.

— Да таго, што пасля вучобы трэба адпрацаваць, я была гатовая даўно, — разважае Ала. — А вясковыя дзеці і ўвогуле часам бываюць лепшымі за гарадскіх. Яны, як правіла, простыя, добрыя — ды і да вучобы ставяцца з увагай. Няма абыякавасці, якую часам  можна сустрэць у адносінах да школы і да вучобы ў буйных гарадах. Адным словам — у Мінянскай школе мне падабаецца.

Пасля размовы з Алай было зразумела, што гэтая дзяўчына знайшла ў жыцці сваё месца.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *