Андрэй Карпенка: “Без эстрады не ўяўляю жыцця”

Добрыя песні заўсёды пакідаюць у сэрцы незабыўныя ўражанні. Менавіта так лічыць і адзін з самых яркіх мясцовых талентаў Андрэй Карпенка.

Яго маці Соф’я Васільеўна ўжо шмат гадоў працуе загадчыкам Корчыцкага сельскага клуба. Неяк раз яна ўзяла з сабой на работу маленькага Андрэйку. Хлопчыка зацікавіў  студыйны  мікрафон, які ён доўга трымаў у руках, уважліва разглядаў, а потым пад фанаграму адной з папулярных песень пачаў спяваць. Соф’я Васільеўна прыемна здзівілася і адразу пачала развіваць творчы патэнцыял сына. За навучанне Андрэя ўзялася выкладчык музыкі Таццяна Татоліна. Памятае малады спявак сваю самую першую песню, якую ён выканаў на сцэне СШ №8 у праекце “Фабрыка зорак”, – “Сэрцам з табою”.

Пасля заканчэння школы кабрынчанін паспяхова паступіў у Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў.  У гэтай навучальнай установе Андрэй атрымаў магчымасць развіць свае здольнасці не толькі ў час вучобы. Ён прымаў удзел у разнастайных конкурсах. Так, на адкрытым гарадскім фестывалі “Песня над Нёманам” у Гродне кабрынчанін заняў другое месца. Разам з аднакурснікамі ён гастраліраваў з канцэртамі  па гарадах Беларусі. Выступалі хлопцы са сваімі нумарамі і ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. У Гродзенскім драматычным тэатры Андрэй спяваў на адной сцэне з вядомымі эстраднымі зоркамі айчыннай эстрады Георгіем Калдуном, Русланам Аляхно, Пятром Ялфімавым і інш. Таксама наш зямляк прымаў актыўны ўдзел у рэспубліканскім фестывалі маладых выканаўцаў “Зорка Венера ўзышла над Беларуссю” і “Рытмы маладосці”, дайшоў да абласных этапаў гэтых прэстыжных праектаў. Песні Андрэя Карпенкі ліліся з кіеўскіх сцэн, з падмосткаў фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009” у Кобрыне. Свой пазітыў ён дарыў гледачам на гарадскіх святах, мерапрыемствах РК ГА “БРСМ” і аддзела па справах моладзі і інш.

Прадзюсары гурта  “Брэст-стрыт-бойз” заўважылі арыгінальныя нумары кабрынчаніна  і прапанавалі яму далучыцца да гэтага калектыву. Юнак прыняў рашэнне паспрабаваць свае сілы ў новым статусе. Выканаўцы моднага гурта працавалі ў асноўным у папулярных у моладзі стылях POP i Rhythm and Blues.

Цяпер малады спявак працуе ў рэстаране “Алімп” у вакальна-інструментальным гурце і адначасова рыхтуецца да ўдзелу ў чарговым важным праекце “Новыя галасы Беларусі”, які стартуе ў студзені 2011 года. Таксама ў наступным годзе Андрэй плануе паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры на вакальнае аддзяленне.

— Маю вялікае жаданне стаць прафесійным  музыкантам, — гаворыць Андрэй Карпенка. — Мару з вялікай сцэны заўсёды з гонарам заяўляць: “Я з Кобрына!”

Раман Мельнік.

(Фота з архіва Андрэя Карпенкі.)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *