Лепшыя краязнаўцы — дзяўчаты

У рамках рэспубліканскай акцыі навучэнцаў «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» нядаўна на базе вячэрняй сярэдняй агульнаадукацыйнай школы г. Кобрына праводзілася раённая краязнаўчая алімпіяда вучняў 8 — 11 класаў, у якой прынялі ўдзел 58 юных краязнаўцаў з 33-х устаноў адукацыі Кобрыншчыны.

Алімпіяда праводзілася ў два туры: на першым, які праходзіў у выглядзе краязнаўчай віктарыны «Пазнай свой край», удзельнікі дэманстравалі тэарэтычныя веды, а на другім, які называўся «Падарожжа па Кобрыншчыне», — выконвалі практычныя заданні. Зараз пераможцы рыхтуюцца да абласных спаборніцтваў. Мы наведалі Цэнтр дзіцячага турызму і краязнаўства ў той час, калі там актыўна ішла падрыхтоўка да паездкі.

— Выпрабаванні на абласным этапе будуць сур’ёзнымі, — расказвае метадыст ЦДТіК Валянціна Ігнацюк. — Так, акрамя ведання непасрэдна свайго рэгіёна, якое будзе правярацца ў конкурсе «Мой родны кут», вучням спатрэбяцца і добрыя веды ўсёй Брэстчыны. Будзе і практычнае заданне — у прыватнасці, работа на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці па апісанні архітэктурнага аб’екта. Спадзяемся, што ўзровень нашых пераможцаў дазволіць ім дастойна выступіць.

Што ж датычыцца раённага этапа, то ўсе прызавыя месцы дасталіся дзяўчатам. Дыплом першай ступені атрымала вучаніца САШ №7 Марына Мельніковіч, другое месца ў Наталлі Тамашковай з САШ №8, трэцяе падзялілі Крысціна Піліпчук з Акцябрскага дзіцячага садка-сярэдняй школы і Аксана Гугнюк з Батчынскай САШ, а чацвёртае дасталося Вераніцы Сідарук таксама з Батчынскай школы. Дарэчы, Крысціна Піліпчук будзе прымаць удзел у абласной краязнаўчай алімпіядзе ўжо ў другі раз.

Дасягненні вучняў – заслуга і педагогаў, якія падрыхтавалі такіх цудоўных дзяцей і навучылі іх самаму галоўнаму — любіць сваю краіну. Гэта Ірына Сіманава, Марыя Асійчук, Людміла Лакеева, Іна Сахарчук і непасрэдна Валянціна Ігнацюк, пад чыім кіраўніцтвам і вядзецца краязнаўчая работа.  Многіх з іх мы, дарэчы, сустрэлі разам са сваімі вучнямі ў ЦДТіК — падчас падрыхтоўкі да абластнога этапа.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: каманда пераможцаў раённага этапа краязнаўчай алімпіяды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *