17 апреля в Кобринском Дворце культуры звание “народный” подтвердили клубы “Кобрин-700” и “Раритет”

Званню — адпавядаюць!

17 красавіка ў Кобрынскім Палацы культуры ў чарговы раз званне “народны” пацвердзілі аматарскія клубы “Кобрын-700” і “Рарытэт”. Асноўным крытэрыем, па якім вызначалася адпаведнасць ганароваму статусу, паводле слоў галоўнага суддзі — вядучага спецыяліста абласнога грамадска-культурнага цэнтра горада Брэста Зоі Нічык, было прызнанне калектываў дзейснымі.
Аматарскі клуб “Кобрын-700” пачаў сваю гісторыю ў 1985 годзе.
— Сабраліся энтузіясты інтэлектуальных гульняў, пачалі наладжваць турніры, кантактаваць,  — успамінае тагачасныя падзеі  Мікалай Лагвіновіч, адзін са старэйшых удзельнікаў клуба.
Пры клубе былі створаны секцыі шашак, шахмат і аматарскай творчасці. Званне “народнага” калектыву было прысвоена ў 1995 годзе.
На сучасным этапе ў фарміраванне ўваходзяць 30 чалавек, кіраванне клубам ажыццяўляе Вольга Кісялевіч. Як і шмат гадоў назад, сваю асноўную місію ўдзельнікі бачаць у папулярызацыі шахматнай, шашачнай гульні і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Пастаўленую мэту рэалізуюць праз разнастайныя мерапрыемствы, якія арганізоўваюць і ўласнымі сіламі, і ў тандэме з Кобрынскай КСДЮШАР, РФАУ “Атлант” і іншымі. Дарэчы, па-за ўвагай інтэлектуалаў не застаецца ніводная знакавая падзея і дата.
Высокі ўзровень некаторых удзельнікаў: майстра Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЕ) і чэмпіёна Брэсцкай вобласці па шахматах Сцяпана Давыдзюка, кандыдата ў майстры спорту па шахматах Мікалая Лагвіновіча, кандыдата ў майстры спорту па шашках, чэмпіёна Брэсцкай вобласці па шашках Сяргея Місюты — дазваляе сведчыць пра прафесіянальную падрыхтоўку ў межах клуба.
Вышэйадзначаныя спартсмены-інтэлектуалы правялі з удзельнікамі імпрэзы сеансы адначасовых гульняў па шахматах і шашках, конкурс па рашэнні шахматных задач.
Гісторыя клуба “Рарытэт” пачалася ў 1970 годзе. Фарміраванне калекцыянераў першапачаткова функцыянавала пад назвай “Філатэліст”, што было абумоўлена асноўным накірункам дзейнасці. Ішоў час, да збіральнікаў паштовых марак далучаліся іншыя калекцыянеры, і дзейнасць клуба пашырылася. Цяпер яго ўдзельнікі, а іх, дарэчы, 21 чалавек, прадстаўляюць самыя разнастайныя накірункі калекцыяніравання: бібліяграфію, баністыку, дзіджытабулізм, мілітарыю, нумізматыку, фалерыстыку, філакартыю, філафанію і многія іншыя. Экспанаты клуба – унікальныя, у гэтым можна было ўпэўніцца на выставе, падрыхтаванай да мерапрыемства.
Пры клубе, кіраўніцтва якім зараз ажыццяўляе Наталля Дубовік, працуе секцыя выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва, якая дапамагае ўдзельнікам афармляць свае калекцыі з эстэтычным густам.
Як заўважыла Зоя Нічык, для аматарскіх калектываў званне “народны” – своеасаблівая ўзнагарода за актыўную плённую дзейнасць. Калі ж апантаныя людзі рэалізуюць свае духоўныя патрэбы на прафесіянальным узроўні, тут варта проста захапляцца.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: 1 — дырэктар Кобрынскага Палаца культуры Валянціна Пакалюк і Зоя Нічык знаёмяцца з гісторыяй народнага аматарскага клуба “Рарытэт”; 2 – сеанс адначасовай гульні па шашках праводзіць Сяргей Місюта; 3 – у час імпрэзы; 4 — сям’я калекцыянераў — Ігар, Анастасія і Кірыл Волкавы — удзельнікі народнага аматарскага клуба “Рарытэт”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *