ААТ “Белаграпрамбанк” — надзейнае партнёрства

Урачыстыя сустрэчы адміністрацыі аддзялення “Белаграпрамбанк” у г. Кобрыне напрыканцы года са сваімі карпаратыўнымі кліентамі сталі ўжо добрай традыцыяй. Нядаўна адбылося чарговае такое мерапрыемства.

На адкрыцці сустрэчы кіраўнік аддзялення “Белаграпрамбанка” ў г. Кобрыне Сяргей Грыбок, адзначыў, што ў апошнія некалькі гадоў акцэнт у рабоце фінансавай установы рабіўся на прыцягненне максімальнай колькасці надзейных партнёраў.  Па стане на 1 снежня 2010 года ў ліку кліентаў значыцца больш як 360 юрыдычных асоб.  Сярод іх ужо не першы год у тройку лідараў уваходзяць СТАА “ВП Палессе”, ААТ “Кобрынскі масласырзавод”, ААТ “ГП “Надзея”, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у фарміраванні актываў і пасіваў фінансавай установы. За кошт крэдытаў “Белаграпрамбанка” прадпрыемствам Кобрыншчыны сёлета ўдалося зрабіць шмат. Так, на “Палессі” працягваецца мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы. На суму больш як 1 млн. долараў набыты прэс-формы, 427 тысяч еўра прадастаўлена на закуп аўстрыйскага вытворчага абсталявання фірмы “Энгель” і інш. “Белаграпрамбанк” планамерна развівае цеснае ўзаемакарыснае супрацоўніцтва  і з арганізацыямі аграпрамысловага комплексу Кобрыншчыны. У ліку кліентаў-лідараў —  ААТ “Гарадзец-агра”, “Астромічы”, “Стрыгава”, СВК “Батчы”.

Паводле інфармацыі  начальніка аддзела актыўных банкаўскіх аперацый аддзялення “Белаграпрамбанка” Ліліі Арабей,  сёлета ў параўнанні з мінулым годам крэдытаванне юрыдычных асоб павялічылася ў два разы, што сведчыць аб высокім аўтарытэце  фінансава-крэдытнай установы, узаемавыгодных умовах, якія прапануюцца.  Разам з тым “Белаграпрамбанк” развівае шырокі спектр паслуг  і для насельніцтва. Колькасць пластыкавых картачак, па якіх кабрынчане атрымліваюць зарплату, складае 12,5 тысячы адзінак. Распрацаваны і прасоўваюцца новыя спецыяльныя праекты для фізічных асоб – крэдытаванне развіцця  аграэкатурызму і падсобных гаспадарак пад льготны працэнт.

— Гэта фінансавая ўстанова з’яўляецца адным з вядучых мясцовых банкаў. Яна абавязкова стане ўдзельнікам рэалізацыі тых маштабных планаў, якія плануюцца дзяржавай на наступную пяцігодку,  — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Алег Кузіч.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Сяргей Грыбок, Алег Кузіч і дырэктар ААТ “Кобрынскі Хімік” Аляксандр Дземянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Развлечения