«Майму дзіцяці ў вас вельмі добра…»

Абмежаванне магчымасцей, якое волею лёсу выпала інвалідам, зусім не тое ж самае, што абмежаванне здольнасцей і волі да жыцця — у гэтым, дарэчы, яны часта пераўзыходзяць і цалкам здаровых людзей.

Гэта выдатна пацвердзіў Дзень адкрытых дзвярэй, які прайшоў нядаўна ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Кобрынскага ТЦСАН па вуліцы Настасіча.

Як адзначыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Мікалай Якаўчук, заўсёды вельмі прыемна бачыць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі дзякуючы аддзяленню дзённага знаходжання маюць магчымасць працаваць, праяўляць свае творчыя здольнасці, павышаць камунікацыйныя і сацыяльныя навыкі — адным словам, жыць паўнацэнным жыццём.

Аб тым, якую вялікую ролю адыгрывае аддзяленне дзённага знаходжання ў жыцці маладых інвалідаў, лепей за ўсё гавораць словы, якія гучалі ў гэты дзень з вуснаў саміх наведвальнікаў аддзялення і іх бацькоў. Слухаць без хвалявання было не магчыма. І, мабыць, менавіта гэтыя простыя словы шчырай сардэчнай удзячнасці — «Майму дзіцяці ў вас вельмі добра»  — і ёсць самая лепшая і самая аб’ектыўная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў аддзялення.

Пасля наведвання выставы-продажу вырабаў, якія сваімі рукамі стварылі наведвальнікі аддзялення, нельга ўтрымацца ад захаплення. Гледзячы на ўсю гэту прыгажосць, разумееш — на самой справе магчымасці чалавека не маюць межаў, а калі нейкія бар’еры пакуль яшчэ і ёсць — то толькі ў нашай свядомасці. Аб тым, як вядзецца работа ў аддзяленні, госці даведаліся на  майстар-класах, якія праходзілі падчас мерапрыемства. На вачах гасцей людзі з абмежаванымі магчымасцямі працавалі ў тэхніцы батыку, займаліся народнымі рамёствамі, ставілі тэатральныя пастаноўкі…

Дарэчы, цікавы  падарунак — спектакль «Чараўнік ізумруднага горада» — прывезлі  ўсім прысутным госці з Брэста — тэатральная студыя «Калейдаскоп», дзе таксама выступаюць маладыя інваліды. Ну і якое ж свята без салодкага стала? Дапамогу ў гэтым плане аддзяленню дзённага знаходжання аказала прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Рад-Ост». А скончыўся гэты цудоўны дзень сардэчнасці, міласэрнасці і дабрыні цёплай гутаркай, якую правёў настаяцель Хідрынскага прыходу айцец Андрэй.

Будзем спадзявацца, што дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання будзе развівацца і карыстацца падтрымкай з боку тых, каму гэта па сілах. І памятайце — магчыма, чалавецтва сёння пакуль не ў стане перамагчы  ўсе хваробы. Але растапіць лёд у нашых сэрцах мы, безумоўна, проста  абавязаны.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *