Василий Демидович: «Ко всему нужно подходить творчески»

Уменне бачыць прыгажосць – гэта найвялікшы падарунак, але і  найвялікшае выпрабаванне. Хаця б таму, што чалавек, у якім аднойчы прачнулася гэтая здольнасць, ужо наўрад ці здолее жыць, не выкарыстоўваючы і не ўдасканальваючы яе. І шлях так ці інакш застаецца толькі адзін – неспакойны, няўрымслівы, напоўнены пастаяннымі перажываннямі і хваляваннямі, шлях сапраўднага творцы, вымушанага зноў і зноў дасягаць недасяжнага ідэалу і дзяліцца полымем сваёй душы з тымі, хто побач. У гасцях “КВ” – дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, дэпутат абласнога Савета і проста мастак па прызванні і ў душы Васілій Дземідовіч, які за выдатныя дасягненні ў прафесіянальнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа 2 сакавіка быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Птушка з дрэва
— Калі ўсё пачалося? Мабыць, калі мне было гадоў дзесяць, — успамінае Васілій Мікалаевіч.- Можна сказаць, што “стартавы штуршок” мне даў мой дзядзька Уладзімір Красноў, які сёння жыве ў Касцюковічах. Ён захапляўся маляваннем, кажучы прасцей, маляваў тое, што бачыў. Каляровымі алоўкамі, ручкай – тым, што было пад рукой. Мяне гэта захапіла.
Маляванне вельмі хутка стала любімым прадметам Васілія Дземідовіча. Юнака ўключылі ў школьную рэдкалегію. Дарэчы, жыла сям’я Васілія Дземідовіча ў той час у невялічкай вёсачцы Пузі, што на Бярозаўшчыне, і хадзіць у школу даводзілася за тры з паловай кіламетры ў суседнюю вёску Высокае. А па дарозе любаваўся прыродай – цудоўныя краявіды выдатна спрыялі натхненню. Не дзіўна, што калі пісалі сачыненне на тэму “Кім я хачу быць”, вучань Васілій напісаў, што хацеў бы стаць мастаком —  ілюстратарам дзіцячых кніг. Па сачыненні, дарэчы, атрымаў заслужаную “пяцёрку” (па пяцібальнай шкале).
А яшчэ з самага дзяцінства Васілій Дземідовіч любіў працаваць з дрэвам. Караблікі з кары, драўляныя танкі, пісталеты і аўтаматы… З кожным годам расло майстэрства. Аўтамат, які выразаў юнак да ваенных збораў у 9-м класе, быў зроблены так дэталёва і дасканала, што яго нават узялі ў якасці ўзору ў кабінет пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Што ж датычыцца першай сапраўды мастацкай работы, то ёй стала прыродная скульптура — драўляная птушка, якая яшчэ доўгі час “сядзела” на галінцы вялікай ружы ў бацькоўскай хаце.
“Толькі творчасць, толькі мастацтва!”
Менавіта такім быў свядомы выбар Васілія Дземідовіча пасля заканчэння школы. Юны выпускнік, не доўга думаючы, паехаў паступаць у Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут.
— Мае родныя, вядома, пераконвалі мяне ў тым, што такім рамяством, як маляванне, я не зараблю сабе і на лустачку хлеба, — расказвае Васілій Мікалаевіч. – Але ж я вельмі ўдзячны бацькам за тое, што, нягледзячы на гэта, яны не перашкаджалі мне ісці ў выбраным накірунку, наадварот, як маглі, падтрымлівалі і дапамагалі. Я ўдзячны лёсу, што і цяпер бацька і маці – мая маральная і духоўная падтрымка.
На жаль, у тэатральна-мастацкі інстытут прымалі толькі на базе прафесіянальна-тэхнічных навучальных устаноў, таму адразу паступіць не атрымалася. Аднак Васілія Дземідовіча правялі па навучальнай базе, пасля чаго ўсведамленне выбранага шляху перарасло ў канчатковую ўпэўненасць. Некаторы час працаваў на заводзе, па размеркаванні ваенкамата вучыўся ў аўташколе ў Баранавічах, а потым пайшоў у армію, служыў у Калінінградскай вобласці.
— Вярнуўся дамоў, і зноў дылема: куды пайсці, — расказвае Васілій Дземідовіч. – А ў той час у Кобрыне якраз адкрылася тэхнічнае вучылішча № 156 народных мастацкіх промыслаў, куды я і паступіў па спецыяльнасці “Мастак роспісу па дрэве”, адкуль у хуткім часе перайшоў у групу разьбы па дрэве. Аб чым, дарэчы, не пашкадаваў.
Так, нягледзячы на ўсе перашкоды, мара дзяцінства пачала ажыццяўляцца. І сёння Васілій Мікалаевіч з вялікай удзячнасцю згадвае педагогаў, якія працавалі ў свой час над яго станаўленнем, – аднаго з першых настаўнікаў, скульптара і мастака  Генадзія Абрамава, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Чыквіна, выкладчыка жывапісу Людмілу Левую, якая навучыла яго “бачыць колер”, настаўнікаў па жыцці Антона Букача і Георгія Амельянюка, апошніх двух, на жаль, ужо няма сярод нас… І сёння, ужо на пасадзе дырэктара, Васілій Дземідовіч помніць іх і ўсе тыя ўрокі, якія дапамагаюць яму жыць, працаваць і разумець людзей, што знаходзяцца побач.
Вучыў іншых, вучыўся сам
Экзамены ў Васілія Дземідовіча прынялі датэрмінова і адразу ж паставілі “свежавыпечанага” педагога на групу, майстар якой паехаў на сесію. Гэта стала на самай справе няпростым выпрабаваннем – вучыць тых, разам з кім яшчэ ўчора вучыўся сам.
— Упэўнены, што вучань павінен перасягнуць узровень настаўніка, — адзначае Васілійь Дземідовіч. – Але не адразу, не занадта рана. З гэтага вынікае неабходнасць пастаянна вучыцца, увесь час павышаючы свой асабісты ўзровень. Немагчыма навучыць таму, чаго не ўмееш сам.
Нягледзячы на тое, што маладога майстра адразу ж кінулі “на пярэдні край”, усё атрымалася. Вялікі станоўчы ўклад у самым пачатку ўнесла армейская служба, а далей шлях майстра ўжо пайшоў сваёй чарадой. Але сваю самую першую групу № 17 набору 1984 года, якая назаўсёды засталася для яго самай блізкай і дарагой, Васілій Мікалаевіч добра помніць і сёння. Дарэчы, менавіта  ў гэтай групе вучыўся  народны майстар Рэспублікі Беларусь Юрый Камандзірчык, які сёння добра вядомы сваёй творчасцю ў нашай краіне. Паралельна з работай працягваў вучобу. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут імя С. М. Кірава, мастацка-графічны факультэт па спецыяльнасці “Выкладчык выяўленчага мастацтва і чарчэння”.
І сёння са сцен каледжа выходзяць новыя і новыя выдатныя спецыялісты і дастойныя грамадзяне. Тых, хто аддаў значную частку жыцця і душы свайму вучылішчу, а потым каледжу, можна ўбачыць на фотаздымках Галерэі славы ў музеі гэтай навучальнай установы побач з экспанатамі, выкананымі рукамі яе выхаванцаў за ўсе гэтыя гады. Ёсць тут і работы самога Васілія Дземідовіча, як і тых, хто вучыў яго, і тых, каго ўжо вучыў ён сам… І здаецца, што менавіта тут, у музейнай цішыні, пачынаеш у поўнай меры разумець, што такое  пераемнасць пакаленняў, памножаная на талент.
Не пераманілі нават грошы
У пачатку 90-х, калі ўпала “жалезная заслона”, модным стала зарабляць грошы за мяжой, дзе праца нашых таленавітых майстроў давала на самай справе выдатны прыбытак. Не прайшла гэтая тэндэнцыя і міма Васілія Дземідовіча. Сябры, якія прыязджалі “адтуль” на прыгожых машынах, настойліва спрабавалі пераманіць “за кардон” і маладога майстра. Здавалася б, яно і зразумела – добрыя грошы, а значыць, магчымасць значна палепшыць матэрыяльны стан сям’і. Сваімі думкамі Васілій Мікалаевіч падзяліўся з дырэктарам вучылішча, якім на той час працаваў Антон Букач.
— Помню, уздыхнуў цяжка Антон Васільевіч, маўляў, ну што ж, калі прыняў такое рашэнне, то сілай не ўтрымаеш, — расказвае Васілій Дземідовіч. – Аднак параіў усё ж такі падумаць. А на наступны дзень прынёс загад упраўлення адукацыі на маё назначэнне на пасаду намесніка дырэктара па вытворчым навучанні. Зразумела, што кудысьці ехаць у такім становішчы мне ўжо не дазволіла сумленне.
“Да ўсяго трэба падыходзіць творча”
Менавіта гэты тэзіс на працягу многіх гадоў з’яўляецца асноўным крэда ў рабоце Васілія Дземідовіча – майстра, намесніка дырэктара, дырэктара Кобрынскага мастацкага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа, а з 2013 года – Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, да якога ў 2014-м афіцыйна ў якасці аддзялення мастацкіх рамёстваў і дрэваапрацоўкі далучыўся мастацкі каледж. Усяго ў сценах новай навучальнай установы сёння вучыцца каля 720 чалавек, якія выходзяць з каледжа, каб рабіць нашу краіну прыгожай, а жыццё – цікавым і разнастайным.
— Да любой справы трэба падыходзіць творча, — дзеліцца сваімі думкамі Васілій Дземідовіч. – Мастак – гэта не абавязкова чалавек з пэндзлем у руках, у першую чаргу гэта той, хто ўмее бачыць прыгажосць ва ўсіх яе праяўленнях, незалежна ад таго, якой справай займаецца.
Тое ж самае можна сказаць і пра выхаванне навучэнцаў, якое займае ў каледжы такое ж важнае месца, як вучэбны працэс. Аднак, як справядліва адзначае Васілій Мікалаевіч, сучасная моладзь патрабуе асаблівай увагі, якая не павінна абмяжоўвацца аднымі толькі сценамі навучальных устаноў. Нашы дзеці сёння ўспрымаюць усё тое мора інфармацыі, якое сёння знаходзіцца ў іх распараджэнні, і далёка не заўсёды гэтая інфармацыя з’яўляецца карыснай. Як утрымаць дзяцей на “светлым баку” і засцерагчы ад памылак? Магчыма, адказ будзе не такім ужо і складаным: усё пачынаецца з сям’і, ад бацькоў. Трэба не толькі бачыць сваіх дзяцей, але і мець дачыненне да іх штодзённага жыцця – дома, на вуліцы, у школе і пазашкольнай установе, цікавіцца становішчам іх спраў, дзяліць з імі радасці і нягоды. Займаць дзіцячы час добрай і цікавай справай і падштурхоўваць іх у належным накірунку, які дапаможа ў будучым, калі трэба, то і з выкарыстаннем бацькоўскага аўтарытэту. Наша моладзь – гэта наша заўтра, і мы абавязаны паказаць ім той маяк, на які яны змогуць арыентавацца ў самай складанай сітуацыі. А стаць такім маяком  можа творчасць, таму што менавіта яна, як і добрая стваральная праца, абуджае самыя светлыя рысы характару, дысцыплінуе і лепш за ўсё вучыць адрозніваць і вылучаць сапраўдныя каштоўнасці нашага шматграннага жыцця.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *