Надзея ЖУК: “Асноўная крыніца духоўнасці – сям’я”

Надзея ЖУК:
“Асноўная крыніца духоўнасці – сям’я”

2016 году Беларусі абвешчаны Годам культуры.  У сілу шматграннасці гэтага паняцця знакавая падзея закране ўсе сферы дзейнасці.  Падрабязна аб гэтым расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея ЖУК.
— У першую чаргу хочацца акцэнтаваць увагу грамадскасці на мэтавым прызначэнні знакавага года. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 522 ад 28 снежня 2015 года, паводле якога 2016 год і набыў статус “Года культуры”, прыняты ў мэтах аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для рашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любві да сваёй Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятыў.
Акрэсленых мэтавых установак культурная сфера прытрымліваецца сістэматычна, але ў Год культуры ў іх дасягненні плануецца карыстацца новымі і больш крэатыўнымі падыходамі.
У нашай краіне духоўнай культуры заўсёды надавалася вялікая ўвага. Аб гэтым сведчыць шэраг дзяржаўных праграм, якія рэалізуюцца ў культурнай сферы, законаў, якія рэгламентуюць грамадскія адносіны ў ёй. Больш за тое, сёлета плануецца прыняцце Кодэкса аб культуры, аналагаў якому няма ва ўсім свеце. Гэты дакумент накіраваны на павышэнне якасці дзяржаўнага рэгулявання ў сферы культуры, стварэнне максімальна спрыяльных умоў для задавальнення духоўных патрэб людзей.
На сучасным этапе ў краіне функцыянуе разгалінаваная сетка ўстаноў культуры, якую складаюць больш за 7 тысяч арганізацый, што ў значнай ступені забяспечвае даступнасць культурных даброт для беларусаў. У нашым раёне гэтая сетка ўтрымлівае 32 клубныя, 40 бібліятэчных устаноў, 5 дзіцячых школ мастацтваў, ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, парк імя А.В. Суворава, раённую кінавідэасетку.
Нашы культурныя ўстановы робяць усё магчымае, каб маральна і духоўна абагаціць чалавека, прыўнесці ў яго жыццё яркасці і святочнасці, але тут важна помніць, што асноўнай крыніцай духоўнасці асобы была і застаецца сям’я. Нашы культурныя ўстановы, іх якасныя паслугі і цікавыя прапановы, на жаль, могуць аказацца па-за ўвагай чалавека, калі ў яго адсутнічае патрэба ў духоўнай ежы. Важна зразумець, што фарміраванне гэтай патрэбы ідзе з дзяцінства. Іншымі словамі, у школы мастацтваў, гурткі, секцыі, студыі, якія сёння мы прапануем, дзіця прыходзіць за руку з мамай ці татам, па ўласным жаданні, а можа па жаданні бацькоў, што таксама не ёсць дрэнна: здараецца, што выказаная ў свой час бацькоўская ініцыятыва адносна занятасці сваіх дзяцей перарастае ў апошніх у шчырую прыхільнасць.
Не выпадкова ў Год культуры акцэнтуецца ўвага на культуры сямейных адносін і быту. Верагодна, многія сацыяльныя праблемы, якія сёння востра стаяць на парадку дня ў дзяржаве, здымуцца, калі ў кожнай сям’і на першы план выйдуць духоўныя каштоўнасці. Выхаванне дзяцей у велікадушнасці, міласэрнасці, шчырасці, цярплівасці, любві і павазе вернецца бацькам такім жа духоўным бумерангам.
Мы ж, у сваю чаргу, у станаўленні духоўнай асобы будзем добрым дапаўненнем. Культурная сфера Кобрыншчыны мае для  гэтага ўсе неабходныя ўмовы. У нашым рэгіёне багатая гісторыка-культурная спадчына, прадстаўленая 215 гісторыка-культурнымі аб’ектамі. У мінулым годзе касцюм лелікаўскай свахі ўвайшоў у спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны і прыняты пад ахову на рэспубліканскім узроўні. У нас старанна захоўваюцца народныя традыцыі, побач з імі зараджаюцца новыя, вялікую ролю ў гэтым адыгрывае Дзівінскі Дом рамёстваў.
Хочацца адзначыць, што ўстановы культуры пастаянна ўдасканальваюць сваю дзейнасць. Аб гэтым сведчаць шматлікія перамогі на разнастайных фестывалях і конкурсах. Значнымі дасягненнямі адзначыўся ўжо і бягучы год. Толькі ў Палацы культуры спіс узнагарод яго выхаванцаў папоўніўся 9 дыпломамі рэспубліканскага ўзроўню, у Кобрынскай дзіцячай школе мастацтваў — 7.
У нашай сферы не прывыклі спыняцца на дасягнутым. Мы заўсёды знаходзімся ў пошуку новых метадаў і форм работы, каб гаючым і светлым  промнем улівацца ў душы людзей. Вось і на гэты год маем шмат цікавых планаў, у тым ліку і па правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў. Хачу заўважыць, што сёлета мы працягнем развіваць трансгранічнае супрацоўніцтва, рэалізуем тое, што ўжо перайшло ў разрад традыцый, гэта такія мерапрыемствы, як “Ноч у музеі”, свята горада, марафон маладзёжнай творчасці “Лета-2016”, святы народнага календара і вёсак і многія іншыя. У цэнтры ўвагі знаходзяцца юбілейныя даты знакамітых беларускіх пісьменнікаў: Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Уладзіміра Мулявіна.
Хочацца звярнуцца да ўсіх кабрынчан: прыходзьце на нашы мерапрыемствы, адклікайцеся на нашу ініцыятыву, звяртайцеся са сваёй. Спадзяюся, што Год культуры надасць жыхарам кобрынскай зямлі новыя творчыя сілы, веды, стваральную энергію, якая дазволіць паспяхова развіваць эканоміку, палітыку і сацыяльную сферу. Разам мы зможам зберагчы сваю багатую гісторыка-культурную спадчыну і рэалізаваць мноства творчых праектаў.
Запісала Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: Надзея Жук.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *