Ирина Романчук увлекла оригами воспитанников Кобринского детского дома

Птушка шчасця з палымяным сэрцам

Ці шмат сярод нас людзей, здольных у шэрых буднях паўсюдзённай жыццёвай мітусні злавіць імгненне, напоўненае прыгажосцю, тых, хто сам здзяйсняе прыгажосць і дзеліцца ёй з другімі, у каго, акрамя непасрэднай работы, ёсць захапленні, якім падуладна выціснуць з душы немаведама адкуль узнікшую пустату, напоўніць яе зместам? Ведаеце, шмат. Проста яны вельмі сціплыя, і мы не заўсёды іх заўважаем. Ірына Раманчук — адна з такіх людзей.
Ёсць у жыцці гэтай жанчыны два цікавыя, можа, не зусім звычайныя захапленні, якія прыносяць асалоду і грэюць душу не толькі ёй самой, але і тым, хто побач. Абодва яны маюць экзатычныя карані.
Пра першае захапленне лёгка дагадацца, калі толькі прыадчыняеш дзверы кватэры Раманчук. Прыемны тонкі водар вядзе ў пакоі, дзе красуюць на падаконніках і паліцах архідэі: белыя, ласкава-ружовыя, пяшчотна-салатавыя, блакітна-сінія — не хапае нават слоў, каб выразіць каляровую гаму адценняў гэтых дзівоснай прыгажосці кветак. І сама гаспадыня чароўнага аазіса, як тая архідэя — прыгожая, стройная, мяккая, але з прыкметным цвёрдым стрыжнем унутры маладая жанчына. Ад падаконніка позір падае на сцены, шафы, стол, якія выдаюць другое яе захапленне: там таксама кветкі, але ўжо з паперы, а яшчэ птушкі, карзінкі, велікодныя яйкі, анёлы… Здагадаліся? Так, гэта арыгамі.
Ірына ўключае прыемную класічную мелодыю, прапануючы няспешна паназіраць за архідэямі. “Не здзіўляйцеся, яны вельмі любяць музыку, ажываюць амаль на вачах, усміхаюцца, граюць адценнямі колераў”,  — апярэджвае маё пытанне жанчына. Яна з запалам пачынае расказваць пра сваіх любімцаў, як назапашвала вопыт па іх перасадцы, якую атрымала асалоду і радасць, калі карпатлівая праца дала свае вынікі і расцвіла першая архідэя, “узгадаваная” ўласнымі рукамі, дае парады, як правільна даглядаць гэтыя кветкі.
Адступаючы ад архідэй, Ірына бярэ ў рукі карзінку з букецікам белых кветак – ландышаў (на першы погляд, яны таксама як жывыя):
— Гэта квілінг – кампазіцыя з вузкіх скручаных палосак паперы.
Арыгамі прыйшло ў яе жыццё, калі ў 2002 годзе былая настаўніца прыйшла працаваць выхавацелем у Кобрынскі дзіцячы дом. У адказ на прапанову паўдзельнічаць у конкурсе “Выхавацель года” ўзнікла неабходнасць паказаць свае здольнасці і здзівіць журы. Ірына выпадкова натрапіла на артыкул у газеце пра арыгамі, паспрабавала – атрымалася, і потым так захапілася, што ўжо не змагла спыніцца.
Спачатку жанчына тварыла для сябе, а потым захацелася падзяліцца сваім захапленнем з іншымі. І вось ужо больш за дзесяць гадоў Ірына Раманчук кіруе ў дзіцячым доме гуртком “Чароўны ліст паперы”, перадаючы свій талент у тэхніцы арыгамі выхаванцам.
—  Дзецям  з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця гэта вельмі карысна. І не толькі для дробнай маторыкі пальцаў, стабілізацыі нервовай сістэмы, канцэнтрацыі ўвагі, памяці. Яны вучацца бачыць прыгожае, адчуваць колеры і вобразы, раскрываць творчы патэнцыял, — дзеліцца сваімі назіраннямі Ірына.
Заняткі ў гуртку яна ператварае ў захапляльную казку-дзею. Калі ствараецца лебедзь, то абавязкова  царэўна, калі кветка, то з чароўнымі пялёсткамі, здольнымі выканаць любое тваё жаданне, калі самалёт, то тэхніка будучыні… Імгненні, падчас якіх зараджаецца ідэя стварыць прыгажосць – гэта толькі Ірыніны імгненні, яе асалода, яе паэзія, яе шчасце. А вось вынікам гэтых імгненняў, працэсам увасаблення ў дзеянне жанчына заўсёды гатова дзяліцца з усімі, каму патрэбна радасць творчасці. Чалавек, які ўмее аддаваць, атрымлівае ўзамен удвая больш. Пэўна, таму і ў жывых, “выгадаваных” рукамі Ірыны кветкак, і нежывых, зробленых з паперы, увасоблена столькі святла, цяпла, дабра і вясны. Усё гэта і ад шчаслівых дзіцячых усмешак, калі раптам у іх нязграбных маленькіх ручанятах звычайны квадрацік паперы ператварыўся ў чароўную птушку, і ад маўклівай падзякі людзей, якія адганяюць свой дрэнны настрой доўгімі халоднымі вечарамі, любуючыся некалі падоранымі ім Ірынай архідэямі і марамі пераносячыся ў вясну.
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКАХ: Ірына Раманчук з выхаванцамі ў час заняткаў.
Фота з архіва Ірыны Раманчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *