Каравай нашей Кобринщины — это достижения тружеников села тех кто выбрал работу на родной земле

Да Дня жанчын, да свята шчырай працы

Калі мы гаворым пра агульны каравай нашай Кобрыншчыны, то маем на ўвазе не толькі збожжа, але ўсе без выключэння дасягненні працаўнікоў сяла – тых, хто ў якасці шляху жыцця выбраў працу на роднай зямлі. Адной з самых значных сфер гэтай працы з’яўляецца малочнатаварная вытворчасць. На яе пярэднім краі знаходзяцца аператары машыннага даення, пераважную большасць якіх складаюць прадстаўніцы прыгожага пола — нашы цудоўныя жанчыны. Менавіта таму ўрачыстае пасяджэнне клуба даярак-“шасцітысячніц” традыцыйна праводзіцца напярэдадні Дня жанчын. Не стаў выключэннем і бягучы год. У гэты раз “малочных каралеў” у цудоўны веснавы дзень гасцінна сустракалі  ў ААТ “Стрыгава”.
— Нашы жанчыны, дзеля якіх мы сёння сабраліся на ўрачыстае мерапрыемства, як ніхто іншы, заслужылі гэтае свята, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Яны на самай справе заслугоўваюць самага шчырага ўшанавання,  таму што сапраўдную каштоўнасць іх працы немагчыма змерыць словамі. І менавіта пра іх можна сказаць з упэўненасцю: сваю заработную плату – падкрэслім, дастойную заработную плату — яны зарабляюць, а не проста атрымліваюць.
Дарэчы, заработная плата перадавых аператараў машыннага даення, напрыклад, у СВК “Узыходзячая зара”, сёння дасягае 8-10 мільёнаў рублёў у месяц. Згадзіцеся, сума даволі значная. Аб тым, што трэба рабіць, каб атрымліваць такія грошы, мы вырашылі спытаць ў перадавога аператара машыннага даення  Святланы Батурка, якая на працягу апошніх гадоў з’яўляецца бяссменным лідарам клуба “шасцітысячніц”.
— Трэба шчыра рабіць сваю справу, — адказвае Святлана Фадзееўна. – У маім разуменні гэта значыць:  не думаць, колькі гадзін ты “перасядзеў” на рабоце, не “адбываць” час на ферме, адлічваючы хвіліны да заканчэння рабочага дня,  а клапаціцца аб тым, што асабіста ты можаш зрабіць, каб лепш сябе адчувалі кароўкі, каб павысіць надой, каб яшчэ хоць крышачку вышэй стала якасць нашага малака… І рабіць тое, што можаш, гледзячы не на гадзіннік, а на якасць ды на сваё сумленне.
Здавался б, простыя, усім зразумелыя рэчы. Аднак менавіта яны лепш за ўсё адлюстроўваюць сапраўдную сутнасць эфектыўнай работы, пра неабходнасць якой не трэба нагадваць ніводнай з тых, хто ў гэты дзень прыйшоў на свята перадавой працы і вясны. Дарэчы, сама назва клуба “шасцітысячніц” ужо стала даволі ўмоўнай: лічбы надояў у многіх прысутных працаўніц даўно перасягнулі не толькі 6, але і 7, і нават 8 тысяч кілаграмаў малака на адну карову.
Павіншаваць гераінь свята ў гэты дзень прыехалі прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюза АПК, сельскагаспадарчых арганізацый Кобрыншчыны. Добрай традыцыяй стаў удзел ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” – прадпрыемства, якое самым непасрэдным чынам звязана з малочнатаварным накірункам сельскай гаспадаркі нашай Кобрыншчыны, якое ў чарговы раз парадавала прысутных дэгустацыяй сваёй смачнай і карыснай прадукцыі. Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Руслан Чыбатар, менавіта праца аператараў машыннага даення і той прадукт, у які кожны з іх укладвае часцінку душы, з’яўляецца галоўнай падставай да стварэння на самай справе якаснай прадукцыі, якая сёння карыстаецца поспехам у тым ліку і на экспартных рынках.
Здавалася, што ў гэты дзень віншаванням і песням, якія ў выкананні артыстаў і калектываў Кобрыншчыны гучалі ў гонар перадавікоў вытворчасці і проста цудоўных жанчын, не будзе канца. Яно і зразумела:  як адзначыў, віншуючы пераможцаў, старшыня райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Васілій Лазарчук, усяго ў зале ў гэты дзень сабраліся 13 працаўніц, якія надаілі больш за 8 тысяч кілаграмаў, 14 – больш за 7 тысяч і 23 – больш за 6 тысяч кілаграмаў малака на адну карову. Цэлая “брыгада” атрымалася і з тых, хто літаральна “наступае на пяткі” перадавікам  і, магчыма, ужо ў наступным годзе ўступіць у іх рады. Па лепшаму аператару машыннага даення прадставілі ўсе гаспадаркі раёна.
Адну за адной лепшых прадстаўніц галіны ў гэты дзень знаходзілі каштоўныя падарункі ад ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”  і кветкі ад ААТ “Пакроўскі”, а самыя шчаслівыя атрымалі яшчэ і прызы ад раённага камітэта прафсаюза аграпрамысловага комплексу, якія разыгрываліся ў вясёлай і цікавай латарэі. А лідарства ў спаборніцтве зноў дасталося СВК “Узыходзячая зара”: першае месца заваявала Святлана Батурка, якая ў чарговы раз падышла да свята з рэкордным вынікам — 8561 кілаграм на адну карову, а лепшай сярод маладых аператараў машыннага даення стала Наталля Навошчык з паказчыкам у 7700 кілаграмаў малака – таксама з “Узыходзячай зары”. Разам з аператарамі машыннага даення кветкі і памятныя падарункі атрымалі намеснік начальніка па жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспарадкі і харчавання райвыканкама Валянціна Валасюк, галоўны заатэхнік упраўлення Ірына Аўдзей і старшыня СВК “Узыходзячая зара” Таццяна Дземідзюк.
А мы будзем спадзявацца, што ў наступным годзе колькасць гераінь гэтага цудоўнага свята вясны і працы абавязкова павялічыцца, як і паказчыкі малочнатаварнай вытворчасці на ўсёй нашай Кобрыншчыне.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) намеснік старшыні СВК “Узыходзячая зара” Сяргей Шпендзік, пераможца сярод маладых аператараў машыннага даення Наталля Навошчык, старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, пераможца раённага спаборніцтва Святлана Батурка, старшыня райкама прафсаюза АПК Васілій Лазарчук.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *