Кобринчане и гости города уже провели зиму

Зіму правялі — і вясну сустрэнем!

У мінулую нядзелю, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, кабрынчане і госці горада адправіліся ў парк імя А.В. Суворава: тут распачаліся гулянні, прысвечаныя провадам зімы.
З розных бакоў парку даносіўся водар шашлыкоў і смажаных блінцоў, на галоўнай алеі можна было падсілкавацца гарачай кашай ды сагрэцца духмяным чаем.
А вось канцэртная праграма разгарнулася на пляцоўцы ля бюста А.В. Суворава. Скамарохі вялі святочную праграму, на імправізаванай сцэне з запалам выступалі маладыя выканаўцы Кобрыншчыны. Каб госці свята не сядзелі на месцы, ім прапаноўваліся гульні. Напрыклад, былі раздадзены рознакаляровыя карткі, і ў час гучання розных песень трэба было танцаваць тым, у каго быў названы колер у песні. Пасля такіх заданняў ніхто не заставаўся без салодкіх падарункаў: цукеркі атрымалі ўсе ўдзельнікі. Акрамя сучасных песень, гучалі і народныя. Так, прывітаць гасцей свята прыехаў народны фальклорны калектыў “Ліцвінянка”. Так што песні, якія гучалі, прыйшліся да спадобы ўсім.
Было шмат і іншых забаў. Так, дзеці і дарослыя маглі пазабіваць на хуткасць ў калоду цвікі, паскакаць ў мяшках, пабіцца падушкамі, паперацягваць канат, праверыць сілу падняццем гіры.
Так што можна сказаць, што зіму правялі плённа і весела. Засталося папрасіць адзін ў аднаго прабачэння, спаліць пудзіла, а там глядзіш, і сапраўдная вясна прыйдзе.
Нагадваем, што Масленіца скончыцца 13 сакавіка ў гарадскім парку гуляннямі, праграму якіх вы знойдзеце на старонках “Кобрынскага весніка”.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *