Пять месяцев ученики 3“А” и 3“В” классов СШ № 2 г. Кобрина изучали свойства глины и не только…

Закруцілася ганчарнае кола

Дзе зараджаецца мастацтва? Ці не ў гэтых вось залатых руках вялікага майстра народных промыслаў Дзяніса Грома, што на вачах у наведвальнікаў стварае цуды, вырабляючы з гліны міскі, лыжкі, збаны… Ды яшчэ дае магчымасць самім далучыцца да працэсу творчасці, прыняўшы непасрэдны ўдзел у лепцы свістулькі-цацкі.
Уражанняў, якія атрымалі вучні 3-х класаў СШ № 2 г. Кобрына разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Валянцінай Тунчык і Святланай Назымаевай пад час наведвання музейнага комплексу старадаўніх рамёстваў “Дудуткі”, хапіла надоўга. Настаўнікі нават прадбачыць не маглі, што экскурсія знойдзе такі працяг.
— Пытанні… Яны сыпаліся і сыпаліся з вуснаў дзяцей. Як даўно ўзнікла ганчарства? Ці з любой гліны можна зрабіць посуд? Ці моцны ён і ў чым яго карысць? Тады і ўзнікла ў нас ідэя знайсці адказы на ўсе гэтыя пытанні разам з дзецьмі, — у адзін голас заявілі Валянціна Іванаўна і Святлана Фёдараўна.
Як вынік – работа “Круціцца ганчарнае кола”, якая будзе прадстаўлена на 10-м раённым конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў “Першацвет», у якім штогод спрабуюць свае сілы маленькія даследчыкі з розных школ горада і раёна.
На працягу пяці месяцаў вучні 3“А” і 3“В” класаў СШ № 2 г. Кобрына Аліна Салей, Дзмітрый Пружанец, Ганна Панасюк і Данііл Бегель пад кіраўніцтвам Валянціны Тунчык і Святланы Назымаевай вывучалі ўласцівасці гліны як асноўнага матэрыялу для ганчарнай вытворчасці і не толькі…
Каб адказаць на ўсе пастаўленыя пытанні, прыйшлося шмат папрацаваць і патраціць вольнага часу. Але гэта таго каштавала. Цікавыя экскурсіі ў цэнтр беларускага ганчарства — вёску Гарадная на Століншчыне, краязнаўчы музей і ў СШ № 10 г. Брэста, яскравае, запамінальнае знаёмства і змястоўная гутарка з народным майстрам Беларусі, удзельнікам і дыпламантам ВДНГ Васіліем Логвіным, сустрэча з настаўнікам працоўнага навучання СШ № 3 г. Кобрына Юрыем Ігнацьевым, які ўласнымі рукамі зрабіў ганчарнае кола са старой пральнай машыны, шматлікія вопыты ў школе і дома з бацькамі, вывучэнне магазінных паліц з керамічным посудам, сістэматызацыя і абагульненне сабранага і вывучанага матэрыялу — усе гэтыя этапы ўжо пройдзены, работа на стадыі завяршэння. Але эмоцыі не пакідаюць маленькіх даследчыкаў.
— Мне спадабалася ставіць вопыты з глінаю. На ўласныя вочы я ўпэўнілася, што галоўная ўласцівасць гэтага матэрыялу — пластычнасць,- горда заяўляе Ганна Панасюк.
— А я ведаю, чаму на Кобрыншчыне не было пашыраным ганчарства. Таму што ў нас гліна не зусім прыгодная для лепкі, — падхапіла гутарку Аліна Салей.
Магчыма, міне некаторы час і прозвішчы кагосьці з гэтых маленькіх даследчыкаў загучаць новай зоркай на небасхіле беларускай навукі або папоўняць спіс выдатных дзеячоў культуры і мастацтва. Бо хто ж ведае, дзе заканчваецца мастацтва і пачынаецца навука?..
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКАХ: у майстэрні Васілія Логвіна; у гасцях у Дзяніса Грома.
Фота з архіва СШ № 2.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *