Гучы, роднае слова!

Гучы, роднае слова!

Адным з шэрагу мерапрыемстваў, падрыхтаваных удзельнікамі народнага аматарскага аб’яднання “Белы бусел” Кобрынскага Палаца культуры ў межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, стала літаратурна-музычная гасцёўня “Гімн беларускай мове”. Імпрэза прайшла з удзелам вучняў старэйшых класаў школ горада і адбылася нядаўна ў Палацы культуры.
Пачалося ўсё з інтэрв’ю, з дапамогай якога вядучыя высвятлялі, на колькі добра дзеці ведаюць матчыну мову. Адказы рэспандэнтаў парадавалі: сакавітае беларускае слоўца знайшлося ў кожнага.
Папулярызавалася родная мова праз народную музыку, песні, дэкламаванне паэтычных твораў знакамітых класікаў беларускай літаратуры, а таксама выступленні беларускамоўных аўтараў літаратурнай суполкі “Белы бусел”.
Цікавую кампазіцыю прадставіла гледачам паэтэса з вёскі Яромічы Галіна Балахоўская. У мінулым настаўніца беларускай мовы і літаратуры, яна смакавала кожнае слова, адлюстроўваючы яго ва ўсёй красе. “Цёплыя, гарэзныя, ласкавыя, светлыя словы нашай беларускай мовы”, — адзначыла Галіна Андрэеўна. Пранікнёна дэкламавала вершы пра родную мову кабрынчанка Валянціна Пігас.
Як адзначыла кіраўнік народнага аб’яднання “Белы бусел” Людміла Лазюк, перавагу беларускай мове ў сваёй творчасці аддаюць многія кобрынскія паэты: Леанід Глушко, Ігар Сідарук, Дзяніс Жыгавец, Юлія Піваварава, Валянціна Клачковіч, Ніна Дрык, Людміла Ярмалюк, Наталля Сацута. Дарэчы, творчасць двух апошніх аўтараў была прадстаўлена ў межах святочнай імпрэзы.
Вялікую цікавасць удзельнікаў выклікаў конкурс перакладчыкаў, у які былі ўключаны малаўжывальныя беларускія словы.
Лагічным завяршэннем мерапрыемства стала слайд-прэзентацыя аб вядомых пісьменніках-юбілярах. У гэтым годзе грамадства ўшаноўвае памяць Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Ніла Гілевіча і іншых “майстроў пяра”, якія, кожны ў свой час, унеслі вялікую лепту ў тое, каб наша роднае беларускае слова гучала.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *