У вёсцы жыць цікава

Інжынер машынна-трактарнага парку СВК “Верхалескі” Расціслаў Пяшко родам з в. Фядоры Столінскага раёна. Бацька Расціслава працаваў галоўным энергетыкам у мясцовай гаспадарцы. Неяк ен сказаў  свайму сыну, што няма дрэннай ці нецікавай справы, важна, як да яе адносіцца.

Расціслаў Пяшко – малады спецыяліст у СВК “Верхалескі”. Сюды ён накіраваны па размеркаванні аблвыканкама год таму пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. У ВНУ хлопец вучыўся на факультэце тэхнічнага сэрвісу ў аграпрамысловым комплексе.

— Мяне заўсёды цікавіла тэхніка, — распавядае Расціслаў Мікалаевіч.  – І  я нават не задумваўся аб выбары свайго далейшага жыццёвага шляху. У в. Верхалессе старшыня гаспадаркі Валянцін Скакун паклапаціўся аб прадастаўленні мне і яшчэ двум маладым спецыялістам камфартабельнага жылля з выгодамі. У калектыве таксама прынялі з павагай.

Адміністрацыя СВК адзначае, што малады інжынер апраўдвае іх спадзяванні, хутка ўнікае ў сутнасць спраў, здольны аператыўна знаходзіць выйсце са складаных сітуацый.

Працоўны дзень Расціслава Пяшко пачынаецца рана, клопатаў хапае. Неабходна кантраляваць стан і эксплуатацыю ўсёй тэхнікі гаспадаркі, арганізоўваць тэхнічны сэрвіс, улік запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў і інш.

Першыя дні работы былі сапраўдным выпрабаваннем. Але ўжо сёння Расціслаў прайшоў так званы працэс “адаптацыі”.

— Сёлета быў выпадак, калі ў напружаную пару выйшаў са строю камбайн. І мне даручылі тэрмінава паставіць тэхніку ў строй. Менш чым за суткі гэта пытанне было вырашана, і машына зноў была ў рабоце, – узгадвае Расціслаў Пяшко.

Не толькі праца захапляе маладога спецыяліста. У вольны час ён актыўна займаецца фізічнай культурай на спартыўнай пляцоўцы. Летам гуляе ў футбол, неаднаразова прымаў удзел у раённых спаборніцтвах па валейболе – адстойваў гонар гаспадаркі.  А яшчэ Расціслаў – заўзяты прыхільнік фантастычнай літаратуры, а таксама карыстальнік камп’ютара і сеткі інтэрнэт.

— Усё гэта байкі, што на сяле моладзі жывецца сумна і няма дзе сябе прымяніць, — адзначае інжынер.  – Было б толькі жаданне!

Расціслаў Пяшко ў бліжэйшай будучыні марыць стварыць сям’ю, каб яго нашчадкі таксама працягнулі добрую традыцыю – жыць і працаваць на зямлі.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *