Пазіцыя — актыўная

Справаздачна-выбарная дзейнасць у ветэранскіх арганізацыях і ўдзел ветэранаў у будучых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — вось два галоўныя пытанні, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі на сходзе з удзелам кіраўнікоў пярвічных ветэранскіх арганізацый, які прайшоў нядаўна ў райвыканкаме.

Як падкрэсліў у час свайго выступлення старшыня Кобрынскага раённага савета ветэранаў Іван Чуйко, кіраўнік ветэранскай «пярвічкі» — пасада вельмі адказная. Неабходна ведаць, колькі ветэранаў жыве ў дадзенай мясцовасці, колькі чалавек выйшла на заслужаны адпачынак, які працэнт складаюць інваліды працы, малалетнія вязні  — адным словам, быць у курсе ўсіх падзей, звязаных з праблемамі пажылых людзей. Важнае значэнне мае і падтрымка, якая аказваецца ветэранам калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама ўдзел ветэранаў у грамадскім жыцці. Усе гэтыя звесткі павінны быць адлюстраваны ў дакладах, з якімі дэлегаты ад ветэранскіх «пярвічак» Кобрыншчыны будуць прымаць удзел у абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая адбудзецца ў красавіку.

Што ж датычыцца другога пытання — удзелу ветэранаў у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то можна не сумнявацца —  людзі, якія ўсё жыццё прысвяцілі  сваёй краіне і зараз застаюцца самымі актыўнымі, у грамадскім жыцці, зробяць правільны выбар на карысць моцнай і незалежнай Беларусі. Акрамя свайго грамадзянскага абавязку — прыняцця ўдзелу ў галасаванні —  ветэраны будуць працаваць назіральнікамі на выбарчых участках, 15 ветэранаў увайшлі ў склад участковых выбарчых камісій. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Галіна Бурдыка падзякавала ўсім ветэранам за іх жыццёвую  пазіцыю і за тое, што яны заўсёды з’яўляюцца сапраўднай апорай і падтрымкай для ўсяго канструктыўнага, што сёння робіцца ў нашым грамадстве, і выказала надзею, што трывалы кантакт ветэранскіх арганізацый з органамі ўлады будзе ўмацоўвацца.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *