Роль религии в жизни человека стала темой занятия для старшеклассников города Кобрин

Кожны занятак – жыццёвы ўрок

Роля рэлігіі ў жыцці чалавека стала тэмай чарговага занятка “Школы маладога кіраўніка” пры Кобрынскім райвыканкаме, на якія збіраюцца лепшыя старшакласнікі горада раз у месяц.


Куратар праекта, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык паведаміў юнакам і дзяўчатам, якія канфесіі існуюць у нашым горадзе, і расказаў пра негатыўнасць дэструктыўных сект, якія забаронены ў Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў большасці сваёй такія секты негатыўна ўплываюць на людзей, асабліва на моладзь, і такая дзейнасць часта звязана з наркотыкамі і псіхалагічным ўздзеяннем. Таксама была выказана думка пра тое, што выбар рэлігіі кожнага чалавека трэба паважаць.
Кульмінацыяй сустрэчы стала непасрэднае знаёмства з канфесіямі. Першым быў Дом малітвы. Тут прэсвітар Сяргей Рамановіч паведаміў дзецям, што па плошчы кобрынскі малітвены дом самы вялікі ў краіне, а па колькасці наведвальнікаў – другі: кожную нядзелю сюды прыходзіць каля тысячы вернікаў. Юнакі і дзяўчаты задавалі пастару нямала пытанняў, а потым усе разам наведалі рэдакцыю хрысціянскага часопіса “Крыніца жыцця”.
У касцёле Успення Прасвятой Дзевы Марыі, нягледзячы на тое, што ў будынку было халадней, чым на вуліцы, дзеці гатовы былі знаходзіцца доўга. Ксёндз Чэслаў Ёйка з задавальненнем вёў размову са школьнікамі, расказваў ім пра няхітрыя жыццёвыя мудрасці, свае гісторыі. Госці з цікаўнасцю разглядалі прыгожае ўбранне касцёла, гарталі малітвенікі.
Апошняй кропкай маршруту стаў галоўны праваслаўны храм горада – Свята-Аляксандра-Неўскі сабор, у якім хлопцаў і дзяўчат чакаў протаіерэй Аляксанр Дзятчук. Гутарка пра сэнс жыцця і аповед пра гісторыю храма і асабісты шлях айца Аляксандра да служэння Богу зацікавіў моладзь.
Як адзначылі многія юнакі і дзяўчаты, падобныя заняткі для іх з’яўляюцца сапраўднымі жыццёвымі ўрокамі, якія вучаць дабру і справядлівасці.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *