На базе Кобринской районной организации «БелТИЗ» открылся кабинет социально-бытовой реабилитации

15 студзеня ў Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю на базе Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” кабінета сацыяльна-бытавой рэабілітацыі. Ён створаны ў межах праекта “Рэабілітаванасць – галоўная ўмова незалежнага пражывання невідушчых і людзей са слабым зрокам, інтэграцыі іх у грамадства”, які рэалізуецца вышэйадзначаным таварыствам пры падтрымцы Пасольства ЗША.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел каардынатар праекта асістэнт па праграмах аддзела адукацыі, інфармацыі і культуры Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Галіна Паўлоўская, старшыня праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Ірына Юрэня, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Кобрынскага райвыканкама Таццяна Бойка, супрацоўнікі Кобрынскага ТЦСАН, а таксама члены праектнай групы.
Імпрэза пачалася са слоў Таццяны Бойка, якая падкрэсліла важную ролю сацыяльных праектаў у развіцці рэгіёна, дзякуючы якім павышаецца якасць жыцця людзей. У адрас Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” прагучалі словы падзякі за паспяховую працу ў гэтым накірунку. Такую ж думку агучыла і Ірына Юрэня.
Для таварыства вышэй адзначаны праект ужо трэці па ліку. Яго тэматычную накіраванасць абгрунтавала старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Валянціна Смяховіч:
— Глыбокі аналіз статусу нашых удзельнікаў паказаў, што з 205 членаў таварыства 68 працэнтаў складаюць пажылыя, якія ў асноўным пражываюць самотна. Маштабы праблем, з якімі яны штодзённа сутыкаюцца, звычайнаму чалавеку цяжка нават уявіць. Вось і вырашылі мы навучыцца жыць усляпую.
Абсталяваннем кабінета сацыяльна-бытавой рэабілітацыі і стварэннем пры ім школы рэабілітацыі завяршыўся першы этап праекта. Што чакае ўдзельнікаў наперадзе, кіраўнік расказала з дапамогай слайд-прэзентацыі. У перспектыўных планах – правядзенне конкурсу “Я самы рэабілітаваны”, арганізацыя для пераможцаў незалежнага пражывання на базе адпачынку “Камарова” і многае іншае. Пазнаёміліся госці і з жыццём таварыства.
У межах мерапрыемства акцэнтавалася ўвага на аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, якое не так даўно адкрылася на базе Кобрынскага ТЦСАН. З яго спецыфікай пазнаёміла прысутных загадчык аддзялення Святлана Сытая.
Пасля ўрачыстай часткі ўдзельнікі пераехалі ў той самы кабінет сацыяльна-бытавой рэабілітацыі, пра які вялася гаворка. Панарама, якая адкрылася гасцям, уразіла. Памяшканне напамінала дамашнюю абстаноўку. Прыемнае дызайнерскае рашэнне, новенькая бытавая тэхніка,  разнастайныя тыфлатэхнічныя сродкі – у такіх умовах будуць ажыццяўляцца заняткі, якія дапамогуць пажылым невідушчым ці людзям са слабым зрокам не згубіцца ў бясконцай жыццёвай мітусні.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) член Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Анастасія Машонік, інструктар па сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Таццяна Лявіцкая, Ірына Юрэня, Валянціна Смяховіч, Таццяна Бойка, член праўлення Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Таццяна Гурыш, в. а. дырэктара Кобрынскага ТЦСАН Таццяна Слінко, Галіна Паўлоўская.
НА ЗДЫМКУ: члены Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Андрэй Лесік і Таццяна Гурыш выпрабоўваюць вымяральнік ціску.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *