Открытие 3-го этапа республиканской олимпиады прошло в Кобринском Дворце культуры

Спаборніцтва таленту і інтэлекту

Працавітасць, любоў да сваёй гісторыі, веданне сваіх каранёў – менавіта гэтыя рысы традыцыйна з’яўляюцца падставамі нашага беларускага менталітэту. А яшчэ – нязменны клопат пра моладзь, якая з’яўляецца асноўным патэнцыялам нашага грамадства. Тым больш калі моладзь гэтая  на самай справе “зорная!, як удзельнікі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, якая нядаўна распачала свой ход у нашай краіне. Не засталася ўбаку ад гэтай падзеі і Кобрыншчына: яна прымала ўдзельнікаў алімпіяд па працоўным навучанні, гісторыі і грамадазнаўстве. Адкрыццё 3-га этапа рэспубліканскай алімпіяды ва ўрачыстай атмасферы прайшло ў Кобрынскім Палацы культуры.
— Можна сказаць без перабольшання, што ўсе тыя, хто сабраўся сёння  ў гэтай зале, ужо з’яўляюцца пераможцамі, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – І я ўпэўнены, што менавіта яны ў свой час павядуць за сабой нас па жыцці. Няхай пераможа мацнейшы, ну а мы, кабрынчане, безумоўна, будзем “хварэць” за нашых землякоў і спадзявацца, што яны пакажуць сябе з найлепшага боку.
Дарэчы, усяго у трэцім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па вучэбных прадметах сёлета прымае ўдзел 61 кабрынчанін.
Алімпіяда па працоўным навучанні традыцыйна размясцілася на базе Кобрынскага політэхнічнага каледжа, дзе спаборнічала частка хлопцаў, і ў СШ № 7, дзе выконвалі конкурсныя заданні астатнія хлопцы і дзяўчынкі. Удзельнікаў алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве сустракаў Кобрынскі дзяржаўны ліцэй сферы абслугоўвання. Не засталася ўбаку і культурная праграма: напрацягу “алімпійскага” тыдня госці Кобрыншчыны атрымалі магчымасць наведаць музей Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа, СТАА “ВП Палессе”, прыняць удзел у экскурсіі “Старажытны Кобрын”, наведаць аквапарк.
У першым туры ўдзельнікам алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве трэба было выканаць тэарэтычныя і практычныя заданні, у другім – прайсці тэсты. “Гісторыкаў”, акрамя таго, чакаў яшчэ мультымедыйны тэст з пытаннямі, якія былі прадстаўлены на камп’ютары ў выглядзе графічнага і ілюстрацыйнага матэрыялаў. Але самым відовішчным, як заўсёды, стаў творчы тур алімпіяды па працоўным навучанні,  напрацягу якога канкурсанты стругалі, пілавалі, шліфавалі, вымяралі і, нарэшце, прадстаўлялі строгаму журы гатовыя вырабы, якія прайшлі шлях ад інструкцыйнай карты да абароны творчага праекта. Апошні, дарэчы, праходзіў у рэжыме анлайн-трансляцыі. Канчатковы ж выраб павінен быў быць не толькі самастойна распрацаваным і выкананым, але і адрознівацца навізною, арыгінальнасцю і практычнай значнасцю. Што атрымалася ў выніку спалучэння таленту, працы і сапраўднага педагагічнага майстэрства, можна было ўбачыць у час выставы, якую на трэці “алімпійскі” дзень аформілі кіраўнікі каманд, члены журы і самі ўдзельнікі.
Ну а пра тых вучняў, якія стануць лепшымі з лепшых і будуць прадстаўляць нашу Кобрыншчыну і вобласць на заключным, рэспубліканскім, этапе прадметнай алімпіяды, мы абавязкова раскажам у адным з нашых бліжэйшых нумароў.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *