Першапраходзец

Пазнаёміцца з ветэранам працы Мікалаем Якоўчыцам мне параіў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Іван Чуйко.

— З гэтым чалавекам мы працавалі разам у ПМК-52. Я кіраўніком арганізацыі, ён — экскаватаршчыкам, – успамінае Іван Андрэевіч. – Сярод многіх іншых выдатных работнікаў Рыгоравіч быў у мяне на асаблівым рахунку – ніколі не адмаўляўся ад самай складанай працы і заўсёды перавыконваў план. На магутным гусенічным экскаватары “Э-652” на буйных аб’ектах меліярацыі як Кобрыншчыны, так і шэрагу аб’ектаў Брэсцкай вобласці ён быў першапраходцам.

І вось гутарым з Мікалаем Рыгоравічам у яго хаце, якую ён пабудаваў сваімі рукамі. У снежні яму споўніцца 83 гады. Родам Мікалай Якоўчыц з в. Грыцэвічы Бярозаўскага раёна. Шматдзетная сялянская сям’я, у якой нарадзіўся Коля, увесь час працавала на зямлі.

Мой субяседнік добра памятае, як пачалася  Вялікая Айчынная. Мікалай з сям’ёй дачакаліся Перамогі. Дваццацігадовым хлопцам разам са сваімі аднавяскоўцамі ён прызваўся ў армію, служыў у будаўнічых войсках. Мікалай ніколі не ўхіляўся ад працы. Будаваць яму падабалася.

— Асабліва мне запомніўся поўнасцю разбураны Сталінград. Сумнае гэта было відовішча, — расказвае Мікалай Рыгоравіч. — Нашы будаўнічыя брыгады ўзводзілі там металургічны завод “Чырвоны Кастрычнік”. У Сталінградзе, дарэчы, я сустрэў сваю будучую жонку Любоў. Хутка мы згулялі вяселле.

Пасля звальнення ў запас Мікалай уладкаваўся сталяром на буйнейшы аб’ект  — Волга-Данскі суднаходны канал. Менавіта там Мікалай Рыгоравіч назаўсёды быў зачарованы магутнасцю і каласальнымі магчымасцямі тэхнікі, марыў стаць машыністам экскаватара. Ліст з дому назаўсёды пераканаў яго ў дакладнасці выбару. Родныя паведамілі, што на Палессі распачаліся комплексныя меліярацыйыя работы і мясцовым арганізацыям патрабуюцца спецыялісты.

Мікалай Рыгоравіч уладкаваўся на работу на Кобрынскую машынна-меліярацыйную станцыю, адкуль яго накіравалі на курсы ў Мінск. У сталіцы атрымаў спецыяльнасць экскаватаршчыка.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя меліярацыя закранула і частку тэрыторыі Белавежскай пушчы, куды і накіравалі маладога работніка.

— У той мясцовасці было праблематычна працаваць з каўшом, паколькі ў тарфяным слоі пастаянна трапляліся ствалы старажытных дрэў. Даводзілася падкладваць так званыя “слані” — (бярвёны ці металічныя шчыты), каб тэхніку не праглынула дрыгва, — расказвае Мікалай Якоўчыц.

Праца Мікалая Рыгоравіча заўсёды была адметнай. У яго атрымліваліся роўныя, нібыта пад “лінейку”, магістральныя каналы.

Мікалай Рыгоравіч за 39 гадоў работы ў ПМК-52 быў камандзіраваны ў многія куткі Брэстчыны, але такой унікальнай прыроды і жывёльнага свету, як на кобрынскай зямлі, ён нідзе не бачыў. Маляўнічыя лясы каля вёскі Добрае, нібыта на карцінах мастакоў, і да гэтай пары ўспамінае часта.

У 1987 годзе Мікалай Якоўчыц выйшаў на заслужаны адпачынак.  У яго актыве шмат узнагарод, у тым ліку медаль “За працоўную адзнаку”, “Залаты медаль ВДНГ”, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і “Галоўпалессевадбуда”.

Ветэран выгадаваў сына, двух унукаў, падрастае праўнучка Аліна. Доўгімі восеньскімі вечарамі ён любіць расказваць сваім нашчадкам пра мінулае, заўсёды раіць ім плённа працаваць.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *