Мы — маладыя А вопыт прыйдзе з часам


Калі бываеш на вытворчых участках СВК «Пакроўскі», міжволі адзначаеш  — сярод тых, хто працуе ў гэтай гаспадарцы, вельмі шмат  моладзі. Маладыя людзі завіхаюцца каля тэхнікі, заняты на фермах… Гэта ў той час, калі, згодна з даволі распаўсюджанай думкай, большая частка вясковай моладзі сёння імкнецца хутчэй з’ехаць у горад. У чым жа справа? Расказвае старшыня СВК «Пакроўскі» Віктар Свянцецкі.

— Сапраўды, моладзі ў нашай гаспадарцы шмат — усяго больш за 40 чалавек. Сярод іх ёсць як  спецыялісты, так і рабочыя  самых разнастайных прафесій. Хацелася б адзначыць, што асабіста я заўсёды прымаю на работу маладых з асобай ахвотай. Магчыма, некаторыя аддаюць перавагу вопыту — але мне здаецца, што вопыт прыходзіць з часам — згадзіцеся, ніхто не народжваецца адразу «са стажам». А на карысць маладых — іх энтузіязм, высокая працаздольнасць, ды і ўвогуле  маладыя супрацоўнікі — будучыня любога прадпрыемства.

Сёння ім давяраецца самая сучасная тэхніка, якой у гаспадарцы шмат. Малады механізатар Дзяніс Дубіна разам з напарнікам Юрыем Сідаруком у сезон убіраў буракі на сучасным нямецкім камбайне «Кляйн», а зараз працуе на новым англійскім пагрузчыку «JCB». Мы сустрэлі яго на будаўніцтве фермы, дзе невялічкі пагрузчык пад яго кіраваннем, нібыта працавіты жук, з бадзёрым бурчаннем жвава круціўся па будаўнічай пляцоўцы. А побач на пагрузцы кармоў працавалі яшчэ двое маладых механізатараў — Сяргей Пакалюк  і  Дзмітрый Радкович. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі  і іншыя хлопцы і дзяўчаты, якія выбралі для сябе работу ў гаспадарцы і  зараз знаходзяцца ў самым пачатку свайго працоўнага шляху.

Дарэчы, Віктар Свянцецкі ўпэўнены — менавіта так, паступова, і павінна складвацца кар’ера. Сам старшыня СВК «Пакроўскі» ў свой час прайшоў практычна ўсе этапы працы ў гаспадарцы — начальнікам участка, аграномам, потым — галоўным аграномам, і нарэшце — старшынёй. Таму нюансы работы ведае, што называецца, назубок. І патрабаванні да сваіх супрацоўнікаў прад’яўляе адпаведныя.

— Калі быць шчырым, то патрабаванне адно —  трэба працаваць, — расказвае Віктар Іосіфавіч. — Таму мяне вельмі абурае адказ — маўляў, што вы хочаце, я ж быў на рабоце, і гэтак далей. На гэта заўсёды адказваю — мне не патрэбна, каб чалавек на рабоце проста «быў», неабходна — як, думаю, і любому кіраўніку — каб чалавек працаваў, каб быў канкрэтны вынік.

Па працы — і заробак. У сярэднім па гаспадарцы ён перавышае 800 тысяч рублёў, калі ж даходзіць да аплаты, напрыклад, механізатараў у сезон — то тут можна зарабіць і паўтара, і нават 2 мільёны. Зразумела, калі падыходзіць да працы адпаведна. Акрамя непасрэдна аплаты, існуюць і іншыя формы падтрымкі — у прыватнасці, прадастаўленне жылля. Толькі за 7 гадоў работы Віктара Свянцецкага кіраўніком для забеспячэння жыллёвых патрэб супрацоўнікаў тут было пабудавана калі 40 дамоў. Застаецца толькі працаваць…

А падрыхтоўка маладых кадраў пачынаецца непасрэдна са школы. Як расказаў Віктар Свянцецкі, работнікі СВК прымаюць актыўны ўдзел у выхаванні падрастаючага пакалення, прыходзяць на ўрокі і сустрэчы з вучнямі. А вучні з маленства прывыкаюць да працы на сваёй зямлі — каб потым, у будучыні, ставіцца да яе па-гаспадарску. Пастаянную дапамогу школе СВК «Пакроўскі» аказвае і ў матэрыяльным плане.

Што ж датычыцца дасягненняў гаспадаркі непасрэдна ў бягучым годзе, то тут супрацоўнікам СВК таксама ёсць чым пахваліцца. Так, за 10 месяцаў чысты прыбытак кааператыва склаў каля 1,5 мільярда рублёў. У гэтым годзе была дасягнута самая высокая ў гісторыі  прадпрыемства ўраджайнасць цукровых буракоў — 467 цэнтнераў з гектара. Вядома, паспрыялі поспеху новыя тэхналогіі і сучасная, высокапрадукцыйная тэхніка.

— І ўсё ж галоўнае — не тэхніка, — адзначае Віктар Свянцецкі. — Аснову любога прадпрыемства складаюць людзі.

Нават пасля кароткай экскурсіі па гаспадарцы зразумела — у  калектыве сфарміраваўся трывалы касцяк, які з’яўляецца сапраўднай рухаючай прагрэс сілай. А з кожным годам у гэтае своеасаблівае ядро ўліваюцца маладыя спецыялісты, якія, няма сумненняў, здолеюць не толькі падтрымаць узятыя тэмпы, але і вывесці ў будучым СВК «Пакроўскі» на новыя рубяжы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *