Маленьких жителей Кобрина порадовали новогодним представлением 25 декабря

“Як два Дзеды Марозы паспрачаліся” — пад такой назвай адбылося навагодняе прадстаўленне ў Кобрынскім Палацы культуры 25 снежня. У тэатралізаваную спрэчку, падрыхтаваную ўдзельнікамі творчых калектываў установы, актыўна ўключыліся маленькія і дарослыя жыхары нашага горада.
Разам з юнымі артыстамі гледачы  высвятлялі, хто з Дзедаў Марозаў мае большую сілу — Сіні Нос ці Чырвоны Нос. Уласную моц героі правяралі, памяняўшыся сваімі валоданнямі.
Чырвоны Нос адправіўся ў горад. Яму здавалася, што замарозіць людзей не складзе ніякай цяжкасці, аднак памыліўся. І дарослыя, і дзеці смела процістаялі марозу і холаду: акрабатычныя эцюды, нумары хула-хуп у выкананні выхаванцаў узорнай цыркавой студыі “Сонейка” адразу давялі Чырвонаму Носу марнасць яго намераў.
Аналагічная сітуацыя склалася і ў Сіняга Носа, які правяраў уласную моц у лесе. Звярыная сям’я старанна падрыхтавалася да зімы, зрабіўшы дастаткова прыпасаў, таму смела змагалася з холадам. Вясёлую зімоўку звяроў артысты паказалі з дапамогай танцаў. Пазітыўнай была развязка сюжэта: Снягурка прымірыла ўпартых Марозаў, параіўшы ім аб’яднаць свае сілы і скіраваць на нешта добрае. “Каб радаснымі быць, патрэбна ўсіх любіць”, — такімі былі фінальныя словы прадстаўлення.
Тэатралізаваная пастаноўка плаўна перайшла ў забавы каля ёлкі. Цяпер паспаборнічалі ў спрыце і хуткасці і самі госці. Пераадолець разнастайныя выпрабаванні ім дапамаглі казачныя героі, у тым ліку Дзед Мароз і Снягурка. Салодкімі падарункамі, доўгімі фотасесіямі і сонечнымі ўсмешкамі завяршыўся ранішнік.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *