Главную елку Кобрина посетили 32 Деда Мороза и Снегурочки


Адзін за другім адлятаюць лісточкі календара, зусім хутка настане Новы год, аднак сапраўданая зіма, як і раней, усё не спяшаецца да нас у госці, не хоча накрываць Кобрыншчыну сваёй белай снежнай коўдрай… Не парадаваў снег кабрынчан нават на адкрыцці галоўнай гарадской ёлкі, як гэта адбылося ў мінулым годзе. Аднак нягледзячы на ўсе прыродныя капрызы свята, без перабольшання, атрымалася на славу.

Пачалася імпрэза каля Палаца культуры. Менавіта адсюль у суправаджэнні народнага духавога аркестра рушыў святочны парад, у складзе якога, між іншым, было ажно 32 Дзяды Марозы з адпаведнай колькасцю Снягурачак з усяго Кобрынскага раёна, а таксама мноства разнастайных казачных персанажаў, у тым ліку цэлая кагорта маляўнічых Бабак-Ёжак. З музыкай і ў суправаджэнні светлых усмешак кабрынчан шэсце нарэшце дабралася да плошчы, дзе пад шчырыя апладысменты і радасныя дзіцячыя крыкі галоўная ёлка Кобрына зазіхацела яркімі агнямі. Свае віншаванні кабрынчанам выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, які пажадаў усім цеплыні, радасці, вяселля і, самае галоўнае, мірнага неба.
А свята набірала абароты. Зусім побач з навагодняй прыгажуняй парк імя А.В. Суворава радаваў маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак святочнымі катаннямі на чароўных санках, навагоднім паравозіку і ў казачнай карэце. А вясёлае шэсце, якое па дарозе значна “прырасло” кабрынчанамі, накіравалася з плошчы ў бок кінатэатра “Радуга”, дзе гасцей таксама чакаў цэлы шэраг цікавых і разнастайных прыгод, сярод якіх быў эстрадны кактэйль з любімых песень, бяспройгрышная латарэя, перадсвяточная выстава-продаж і многае іншае. Вясёлыя гульні з танцамі і хараводамі разгарнуліся яшчэ ў файе, а крышачку пазней у вялікай зале кінатэатра гасцей сабраў тэатралізаваны маскарад “Парад Дзядоў Марозаў і Снягурачак”. Адным словам, арганізатары папрацавалі ад душы.
А з якімі думкамі і настроем праваджаюць адыходзячы год кабрынчане і чаго жадаюць тым, хто побач? Адказ на гэтыя пытанні мы вырашылі пашукаць у гэтай вясёлай святочнай мітусні, у якой, прынамсі, спаткалі шмат добрых знаёмых нашай “раёнкі”.
Наталля ГАПАНЮК,
фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2014”:
— Чаго хочацца пажадаць кабрынчанам? Перш за ўсё дабрабыту, міру, моцнага здароўя. А яшчэ – абавязкова шчасця і ўсмешак. Няхай на гэтай зямлі заўсёды гаспадарыць мір, няхай нараджаюцца дзеткі, і няхай яны робяць светлым і прыгожым наш заўтрашні дзень.
Юлія КРАЎЦЭВІЧ,
спецыяліст па маркетынгу Кобрынскага РВЭС:
— Шчыра жадаю ўсім кабрынчанам і усім чытачам “КВ” здароўя, стабільнасці і поспехаў у надыходзячым годзе. Няхай ён будзе шчаслівым і светлым і адзначыцца ў жыцці кожнага толькі станоўчымі пераменамі.
Людміла ЧЫРУН,
першы сакратар Кобрынскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”:
— Перш за ўсё жадаю ўсім кабрынчанам і, у першую чаргу, моладзі мэтанакіраванасці і энергіі. Каб у Новым годзе ўсе мы ставілі перад сабой высокія мэты і знаходзілі сілы на іх дасягненне, каб кожны наш учынак так ці інакш працаваў на карысць роднай краіны. І каб усе мы, незалежна ад таго, куды закіне нас лёс у надыходзячым годзе, заўсёды памяталі пра свае карані і сваю гісторыю.
Падобныя словы ў гэты дзень можна было пачуць вельмі часта, відаць, такі ўжо чароўны надыходзіць час, калі хочацца шчыра пажадаць адзін аднаму самага найлепшага. Каб хоць на некалькі святочных дзён мы забыліся пра ўсе крыўды і пра ўсё нядобрае ды выкінулі з галавы ўсе дрэнныя эмоцыі. І ўрэшце ўбачылі, колькі побач з намі на самай справе цеплыні, радасці і простага чалавечага шчасця.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *