На праздник к кобринским детям пришел Дед Мороз

Ведаюць дзеці любоў і пяшчоту!
Каб у Кобрынскай дзіцячай вёсцы хлопчыкі і дзяўчынкі не страцілі веру ў Дзеда Мароза, яго віншавальную місію актыўна бяруць на сябе тыя, хто неабыякава ставіцца да лёсу дзяцей, што апынуліся без бацькоўскай любві. Гэта ААТ “Кобрынаграмаш”, “Кобрын-Дызайн”, “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, “ГП “Надзея”, СТАА “ВП Палессе”, Кобрынскі РАУС, філіял ААТ “Берасцейскі пекар” “Кобрынскі хлебазавод”, мясцовы дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Неабыякавыя людзі” – далёка не поўны спіс шэфаў установы. Яшчэ адным доказам, што цуды здзяйсняюцца, стала навагодняе прадстаўленне “Хутка, хутка Новы год”, якое адбылося тут 24 снежня
На свята да дзяцей завіталі шматлікія госці: старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук і многія іншыя. І прыйшлі яны не з пустымі рукамі: выхаванцам дзіцячай вёскі прэзентаваны каштоўныя, грашовыя і салодкія падарункі.
Дарэчы, ва ўстанове зараз выхоўваюцца 103 дзіцяці. Як заўважыла яе дырэктар Ала Сапяжынская, у асноўным гэта сацыяльныя сіроты, якія засталіся без апекі пры жывых бацьках. Дзеці жывуць з бацькамі-выхавальнікамі ў 15 дамах-катэджах сямейнага тыпу. У якіх умовах ідзе станаўленне непаўналетніх, госці пазнаёміліся ў час наведвання сям’і Інгі і Андрэя Нарваткіных. Да прафесіі “бацькоў” сямейная пара з Баранавіч прыйшла свядома, таму з выхаваннем васьмярых дзяцей спраўляецца выдатна. У катэджы пануюць чысціня і парадак, а дзеці вызначаюцца асаблівай арганізаванасцю.
Вартая ўвагі і такая з’ява, што некаторыя мамы-выхавальнікі набылі статус бабулі: больш за 60 выпускнікоў са 136, якія выйшлі са сцен установы за дваццаціаднагадовы перыяд існавання, ужо стварылі сем’і і гадуюць уласных дзяцей.
“Я ўбачыў у вачах гэтых рабят бляск, яны не абдзелены ўвагай. Ведаюць, што такое любоў і пяшчота”, — рэзюмаваў свой візіт у Кобрынскую дзіцячую вёску, які адбыўся ў межах рэспубліканскай акцыі “Міласэрнасць”, Сяргей Ашмянцаў і падзякаваў супрацоўнікам установы за шчырае стаўленне да працы, сардэчна павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *