Кобринщина встречает Новый год

У чаканні святочнай казкі
…Бываюць такія хвіліны, калі здаецца, што ўсё навокал засяроджваецца і заціхае, нібыта чакаючы чагосьці чароўнага, добрага і светлага. Кобрыншчына сустракае Новы год, які, нягледзячы на ўсе цяжкасці, зноў і зноў нагадвае ўсім нам пра вечныя каштоўнасці простага сямейнага шчасця, ветлівасці і дабрыні. І няхай прырода пакуль што не радуе нас снегам і сапраўдным зімовым марозам, святочная атмасфера ўжо жыве на вуліцах нашага горада, нібыта запрашаючы прыпыніцца, захапіцца, задумацца.
Яна – у рознакаляровых фантанах і зіхатлівых скульптурах, якія вітаюць нас на вуліцы Суворава, у выдатна аздобленых будынках прадпрыемстваў і арганізацый. У сапраўднай электрычнай феерыі, якая размясцілася каля гандлёвага цэнтра “Палессе”, у многіх дзясятках упрыгожаных ёлачак, вітрын, фасадаў… І, зразумела, у велічнай постаці галоўнай прыгажуні надыходзячага Новага года – 18-метровай ёлцы, якой засталося чакаць ужо зусім нядоўга. Хутка праляцяць апошнія перадсвяточныя дні, і горад зноў, як адбываецца з году ў год, ахопіць непаўторная атмасфера святочнай імпрэзы.
А мы ўсе станем старэйшымі яшчэ на адзін год. І няхай пакуль што вырашаны далёка не ўсе праблемы, зараз, у чаканні святочнай казкі, чамусьці вельмі хочацца верыць у лепшае. Што ніякія праблемы ніколі не здолеюць нас ні зламаць, ні раз’яднаць, а казачны Дзед Мароз абавязкова прынясе ўсім крышачку простай чалавечай цеплыні і ўвагі.
Са святамі вас, кабрынчане!
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *