Кобринщина насчитывает больше 20 тысяч граждан «золотого возроста»

Нам, маладым, часам вельмі цяжка зразумець, што такое адзінота… Але гады пралятаюць вельмі хутка. І бывае так, што заслужаны адпачынак выклікае хутчэй непакой, чым палёгку. Разам з работай знікаюць былыя знаёмствы. Ствараючы свае ўласныя сем’і, разлятаюцца па свеце дзеці… Як не застацца сам-насам з самім сабою, не страціць цікавасць да жыцця, не замкнуцца ў чатырох сценах? Як не згубіцца ў нашым няўрымслівым свеце, напоўненым дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу? Дзе знайсці сабе справу па душы і цікавае кола сяброў? Усё гэта і многае іншае прапаноўвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, урачыстае адкрыццё якога нядаўна прайшло на базе Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па вуліцы Настасіча.
— Сёння на Кобрыншчыне налічваецца больш за 20 тысяч грамадзян “залатога ўзросту”, і адкрыццё аддзялення – гэта наступны крок у нашай рабоце з імі, — расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бойка. – Аднак трэба адзначыць, што вялікую ролю ў гэтай рабоце адыгрываюць самі пажылыя, іх актыўнасць і ініцыятыўнасць, за што хочацца ім ад усёй душы падзякаваць. Асноўнай задачай нашага новага аддзялення з’яўляецца стварэнне грамадзянам пажылога ўзросту ўмоў для раскрыцця іх патэнцыяльных магчымасцяў. А мы заўсёды будзем падтрымліваць усе новыя ініцыятывы, каб разам зрабіць наша жыццё больш цікавым і разнастайным.
Гасцямі мерапрыемства сталі прадстаўнікі духавенства, раённага савета ветэранаў, грамадскіх аб’яднанняў, пажылыя грамадзяне — удзельнікі клубаў “Сустрэча”, “Альтэрнатыва” і “Залаты ўзрост”, прыхільнікі валанцёрскага руху і многія іншыя. Вялікую зацікаўленасць выклікалі прэзентацыі насычанага клубнага жыцця. Адна за адной ліліся песні і вершы, удзельнікі клубаў і сацыяльных ініцыятыў дзяліліся сваімі дасягненнямі, самыя актыўныя атрымлівалі пісьмы падзякі і памятныя падарункі.
Якія ж новыя формы работы прапануюць пажылым грамадзянам Кобрыншчыны ў новым аддзяленні дзённага знаходжання? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да загадчыцы аддзялення Святланы Сытой.
— Мы імкнемся зацікавіць як мага больш пажылых людзей горада і раёна, – расказвае Святлана Аляксееўна. – У нашых планах арганізацыя гуртковай дзейнасці: “Зялёная аптэка”, “Таямніцы даўгалецця”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, музычна-тэатральны гурток, “Прыгажосць і ўзрост”, таксама будзем развіваць краязнаўчы і турыстычны накірункі. У аддзяленні будзе весціся актыўная аздараўленчая работа, у прыватнасці, у сферах гімнастыкі і фізкультуры для пажылых, скандынаўскай хадзьбы, будуць праводзіцца заняткі на трэнажорах. Нельга не адзначыць разнастайныя клубныя і інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы. Будуць актыўна падтрымлівацца сацыяльныя ініцыятывы пажылых грамадзян, творчыя ідэі, валанцёрская дзейнасць і многае іншае. І галоўнае, што сацыяльныя паслугі ў аддзяленні аказваюцца бясплатна.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Як адзначыла Святлана Сытая, у вялікай ступені накірункі дзейнасці новага аддзялення вызначаць самі пажылыя грамадзяне. Гэта значыць, што новыя гурткі будуць стварацца ў залежнасці ад запатрабаванасці і ў адпаведнасці з пажаданнямі наведвальнікаў, якім тут заўсёды гатовы пайсці насустрач.
Аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых запрашае ўсіх грамадзян “залатога ўзросту” Кобрыншчыны, якія жадаюць развіваць свае творчыя здольнасці, дзяліцца вопытам і ведамі і хацелі б зрабіць сваё жыццё цікавым і разнастайным. Прыходзьце па адрасе: вул. Настасіча, 31, каб. 16, ці тэлефануйце на нумар 4-80-56. Тут кожны зможа пераканацца на ўласныя вочы: восень чалавечага жыцця можа быць не менш цудоўнай, чым яго вясна. Асабліва, калі гэтая восень — залатая…
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ: (злева направа) – старшыня Кобрынскага раённага савета ветэранаў Уладзімір Кузіч, удзельніца клуба “Альтэрнатыва” Галіна Шастакова, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бойка, старшыня клуба “Альтэрнатыва” Валянціна Фінцклер, старшыня клуба “Сустрэча” Вера Жуковіч, старшыня клуба “Залаты ўзрост” Вера Лаўрова і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Святлана Сытая;
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *