Наталья Конько стала многодетной мамой всего за два раза посещения роддома

Сямейны стаж у Андрэя і Наталлі Канько з аграгарадка Пескі-2 сем гадоў. За гэты час яны прыраслі пяццю дзеткамі, праўда, у статусе парадзіхі Наталля была ўсяго два разы. У складзе пяці дзетак – двайняты, хлопчыкі Мікіта і Арцём, якім сёлета споўнілася 6 гадоў, і трайняты – Ксенія, Вікторыя і Станіслаў. Апошнія з’явіліся на свет не так даўно: у час майго прыходу ім якраз было тры месяцы.

Ксенія з малых самая старэйшая. Пры нараджэнні яе вага была 1450 грамаў пры росце 40 сантыметраў. Другой убачыла свет Вікторыя: пры росце 38 сантыметраў дзяўчынка важыла ўсяго 980 грамаў. Пра малодшага Станіслава маладая мама заўважыла: “Прапусціў уперад дзяўчынак, як сапраўдны мужчына.”  Пры нараджэнні вага малога была 1790 грамаў, а рост – 42 сантыметры.
Верагоднасць нараджэння двайнят-трайнят ў сям’і Канько была вялікая. У Наталліным родзе такія выпадкі былі, а ў Андрэя – з двайнятаў дзед Аляксандр. “Пра цікавы спадчынны ген мы ведалі, але не думалі, што такое здарыцца з намі”, — заўважылі ў адзін голас муж і жонка.
Іх жыццёвыя сцежкі зліліся ў адну даволі рамантычна. Дзяўчына з Бярозы прыехала ў родную вёску Андрэя – Хадакі – на вяселле да сваёй сяброўкі. Там і пазнаёміліся. На той час Наталля скончыла Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік і завочна вучылася ў Гродзенскім аграрным універсітэце.
Як заўважыла субяседніца, усе іх дзеткі нарадзіліся на Кобрыншчыне. Як малады спецыяліст, у свой час па месцы працы – тады СВК “Вербнае” – Наталля атрымала дом у аграгарадку, дзе і пасяліліся .
Аб вялікай сям’і  марылі ў свой час і Андрэй, і Наталля, праўда, як прызналіся, не такімі хуткімі тэмпамі. Яшчэ не забыліся бяссонныя ночы завіханняў ля Мікіты і Арцёма, а тут такое папаўненне.
— Жончына звестка, што ў нас будуць трайняты, выклікала парыў смеху. Я не мог спыніцца, так узрадаваўся, — успамінае шчаслівы бацька.
Трайняты, дарэчы, задаволілі “запыты” Мікіты і Арцёма. Бо, як адзначыла мама Наталля, адзін з іх хацеў браціка, а другі сястрычку. Цяпер хлопчыкі ахвотна дапамагаюць сваім бацькам упраўляцца з малымі. У ліку памочнікаў і маці Андрэя – Галіна Канько, якая прыехала з Івацэвіцкага раёна, каб дапамагчы дзецям. Менавіта дзякуючы ёй, наша гаворка працякала ў спакойнай атмасферы.
Дзень дваццацісямігадовай шматдзетнай маці праходзіць у паскораным рытме. “Не заўважаю, як змяняюцца суткі”, — усміхаецца Наталля. Кожныя тры гадзіны малыя адначасна просяць есці — такі рэжым выпрацаваўся ў іх у Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы, дзе яны правялі больш за 2 месяцы. “Мы любім прагулкі на свежым паветры, а яшчэ купанне, якое, дарэчы, займае ў нас паўтары гадзіны”, — ахвотна расказвае аб сваіх буднях Наталля.  На жаль, Андрэй не заўсёды мае магчымасць дапамагчы жонцы, таму што праца вадзіцелем-міжнароднікам  у ААТ “Інтэрфакт” звязана з доўгімі рэйсамі.
Напэўна, многія з вас, паважаныя чытачы, бачылі на вуліцах горада аўтамабіль, які з розных бакоў упрыгожаны яркімі надпісамі. Гэтая машына належыць адметнай сям’і Канько, а надпісы на ёй зроблены галавой сямейства ў знак удзячнасці жонцы за шчасце, якое яна яму падарыла.
Людміла Дубіна
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *