Литературное объединение «Белый аист» отметило своё 10-летие

29 лістапада ў Кобрынскім Палацы культуры адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 10-годдзю аматарскага аб’яднання “Белы бусел”. Павіншаваць юбіляраў з важнай датай сабраліся людзі, неабыякавыя да паэтычнага слова.

Заснавальнікам літаратурнага аб’яднання быў урач-афтальмолаг і шчыры прыхільнік паэзіі Васіль Паўзун. 5 гадоў распраўлялі “бусляняты” свае крылы  пад яго кіраўніцтвам. “Пачыналася ўсё не проста. У нас не было пастаяннага месца для правядзення пасяджэнняў. Збіраліся кожную другую нядзелю месяца, дзе надавалася магчымасць: на базе рэдакцыі “Кобрынскі веснік”, па месцы працы членаў аб’яднання, у культурных і адукацыйных установах, у гаражах і нават пад адкрытым небам”, —  падзялілася ўспамінамі член аб’яднання, яго нязменны сакратар Валянціна Літошык.
Яна спынілася на асноўных вехах развіцця клуба, яго імкненні заявіць аб сабе ў грамадстве важкім трапным паэтычным словам. Важнай падзеяй для “буслянят” стаў выхад у свет зборніка прозы і лірыкі Кобрыншчыны “Натхненне”. Значныя перамены адбыліся ў клубе з 2010 года з прыходам на пасаду кіраўніка Людмілы Лазюк. Сваю “пяцігодку” Людміла Іванаўна прадставіла з дапамогай прэзентацыі, якая адлюстроўвала асноўныя накірункі дзейнасці аб’яднання. Тут і актыўная канцэртная дзейнасць, пашырэнне творчых сувязяў, прапаганда беларускай мовы і многае іншае. У гэтым жа годзе ў “буслянят” з’явілася пастаяннае гняздзечка – яно было ўключана ў спіс аматарскіх аб’яднанняў Палаца культуры, што дало права збірацца на пасяджэнні на яго базе. Варта заўважыць, што пры новым кіраўніку аб’яднанне набыло ганаровае званне “народнага”.
Цяпер колькасць удзельнікаў аматарскага аб’яднання складае звыш за 30 членаў. У час святочнай імпрэзы самыя актыўныя з іх былі ўзнагароджаны. Аб вартасці літаратурнай суполкі засведчылі тыя, для каго вершы “Белага бусла” сталі крыніцай натхнення. Творы кобрынскіх паэтаў гучалі з вуснаў школьнікаў, супрацоўнікаў раённай бібліятэкі, мясцовых артыстаў.
У межах мерапрыемства была арганізавана выстава калектыўных і аўтарскіх зборнікаў паэтаў Кобрыншчыны. У іх ліку – зборнік, выдадзены да дзесяцігадовага юбілею “Пад крылом “Белага бусла”, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Людміла Дубіна

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *