Кобринский РЦДТ отметил 65-летний юбилей

20 лістапада ў вялікай зале Палаца культуры было шматлюдна: свой 65-гадовы юбілей адзначаў Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці.
Час ляціць няўмольна, і тым больш прыемна было ўсім сустрэцца з тымі, хто некалі працаваў у былым Доме піянераў і школьнікаў, або ў Доме творчасці юных. Іх душы назаўсёды засталіся з роднай установай — там, дзе нараджаюцца цуды, дзе дзіцячыя сэрцы цягнуцца да прыгожага свету мастацтва, дзе жыве казка.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў выставачнай зале гасцей свята сустракала выстаўка, на якой можна было пабачыць плён нястрымнай фантазіі навучэнцаў цэнтра, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтвам. Святочны настрой тут ствараўся і дзякуючы выступленню інструментальнага гурта “Хороший день”, пад акампанемент якога саліравала Настасся Крупко.
Калі на галоўную сцэну адначасова выходзілі настаўнікі разам са сваімі навучэнцамі, з’яўлялася ўсведамленне: у творчасці няма ўзросту.
У гэты дзень усе, хто прыйшоў на свята, мелі магчымасць пазнаёміцца з творчымі накірункамі, якім можна навучыцца ў РЦДТ. На свае вочы гледачы ўпэўніліся, якая прыгажосць ствараецца дзіцячымі рукамі. Некаторым давялося паспрабаваць і прысмакі, якія гатавалі таксама дзеці. А ад спеваў і танцаў прысутныя адчулі сапраўдную эстэтычную асалоду.
Але ў пачатку імпрэзы гледачам было прапанавана зазірнуць у мінулае, пагартаць старонкі летапісу цэнтра, успомніць яго кіраўнікоў, многія з якіх прыйшлі на свята ў якасці шаноўных гасцей.
— Вядома, у 80-я гады мінулага стагоддзя мы працавалі не ў такім прыгожым будынку, трохі горшымі былі бытавыя ўмовы, але мы таксама, як і вы цяпер, імкнуліся задаволіць усе запатрабаванні дзяцей, — падзялілася ўспамінамі былы дырэктар гарадскога Дома піянераў і школьнікаў Валянціна Астравух.
Лепшых педагогаў і іншых супрацоўнікаў цэнтра ў гэты дзень узнагародзілі граматамі і пісьмамі падзякі Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта, Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў, прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля ад імя ўлады Кобрынскага раёна падарыў цэнтру дзіцячай творчасці ноўтбук.
Наталля НІЖНІК.
НА ЗДЫМКАХ: Аляксандр Зазуля ўзнагароджвае кіраўніка ўзорнага ансамбля сучаснага танца «Мадэрн» Таццяну Масайла;   сустрэча праз гады: Анатолій Зуброў, Галіна Кабакова і Генадзій Абрамаў; на выстаўцы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *