В Кобрине прошла акция «Поменяй сигарету на конфету»

19 лістапада на цэнтральнай плошчы горада было асабліва шматлюдна. Тут прайшла акцыя “Памяняй цыгарэту на цукерку”, якая рэалізоўвалася ў межах прафілактычнага праекта “Здаровы горад” і была прымеркавана да Міжнароднага дня барацьбы з тытунекурэннем. “Гэтай акцыяй мы хацелі звярнуць увагу на праблему курэння і тую шкоду, якую яно наносіць арганізму чалавека”, — растлумачыла арганізатар мерапрыемства педагог-арганізатар сярэдняй школы № 3 горада Кобрына Дыяна Кавалевіч. Яе ініцыятыву ахвотна падхапілі вучні СШ № 9 і Кобрынскі ЗЦГіЭ. Варта заўважыць, што на Кобрыншчыне падобная акцыя праводзілася не ўпершыню.

Узброіўшыся цукеркамі і добрым настроем, актывісты піянерскай арганізацыі і члены БРСМ вышэйадзначаных устаноў адукацыі “пайшлі ў масы”. “Самі ўдзельнікі акцыі не кураць, выступаюць за здаровы лад жыцця”, — адзначыла ў размове Дыяна Генадзьеўна, зрабіўшы такі вывад на аснове вынікаў анкетавання, якое папярэднічала мерапрыемству.
Патрэбна было бачыць, з якімі задаволенымі тварамі вярталіся дзеці да сваіх настаўнікаў. Мяшэчкі з цукеркамі апусцелі, затое напоўніліся шкоднымі цыгарэтамі. “Рэагавалі людзі па-рознаму. Хто адразу аддаваў цыгарэтку, а хто не мог расстацца з ёй”, — гаворыць дзесяцікласніца СШ № 3 Крысціна.
“Праблема курэння ў сучасным грамадстве стаіць даволі востра. Рады курыльшчыкаў актыўна папаўняюцца новымі членамі, і вельмі прыкра, што ў асноўным злоўжываюць шкоднай звычкай маладыя людзі”, — адзначыла інструктар-валеолаг ЗЦГіЭ Наталля Магдысюк. Якую шкоду наносіць курэнне, курыльшчыкі ведаюць, толькі вось думаюць, што яго наступствы іх не закрануць.  “Калі сёння хоць адзін чалавек адмовіцца ад шкоднай звычкі, значыць, мы спрацавалі на “выдатна”, — падкрэслілі ўдзельнікі акцыі, кідаючы ў сметніцу сабраныя цыгарэты.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *