Кобринскому РЦДТ исполнилось 65 лет

Натхненне і творчасць — неразлучныя сябры і не могуць існаваць адно без аднаго. Але сам па сабе такі тандэм мала чаго варты, калі ён не мае дачынення да чалавека. Толькі ўвасабляючыся ў творчай асобе, гэта пара можа зрабіць нешта ўзвышанае, прыгожае і яскравае. Упэўніцца ў праўдзівасці такога меркавання дае магчымасць Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці, які 20 лістапада будзе святкаваць сваё 65-годдзе.

А пачыналася ўсё ў далёкім 1950-м, калі 5 лістапада ў невялічкім аднапавярховым будынку адчыніліся дзверы раённага Дома піянераў і школьнікаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Берліна. У той час у трох класных пакоях працавалі 4 гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Ішлі гады, і Дом піянераў паступова пашыраў сферу сваёй дзейнасці: павялічвалася колькасць гурткоў, далучаліся новыя творчыя накірункі, нават старшыя піянерскія важатыя школ горада і раёна папаўнялі тут свае веды.
У 1962 годзе ўстанова дадатковай адукацыі размясцілася ў былым клубе афіцэраў на вул. Леніна, 43. Чарговы пераезд адбыўся ў 1994-м, калі на той час ужо Дом творчасці юных стаў прымаць дзяцей па новым адрасе: вул. Панфілаўцаў, 6. Дарэчы, за 65-гадовую гісторыю цяперашні раённы цэнтр дзіцячай творчасці неаднаразова мяняў не толькі прапіску, але і назву.
Шмат сіл і часу аддалі роднай навучальнай установе яго кіраўнікі, якія прыйшлі на змену першаму дырэктару. Надзея Дзёміна, Вольга Здановіч, Ларыса Царова, Вялянціна Астравух, Галіна Кабакова, Вольга Шугай — кожная з гэтых жанчын рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб дзецям тут было цікава, а іх творчыя здольнасці пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў развіваліся.
За вялікую работу па выхаванні і навучанні школьнікаў, актыўны ўдзел ва Усесаюзным аглядзе пазашкольных устаноў Кобрынскі Дом піянераў быў узнагароджаны дыпломам 1-й ступені Міністэрства асветы БССР, Ганаровымі граматамі Цэнтральнага Савета Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя У. І. Леніна, Цэнтральнага камітэта Ленінскага камсамола і іншымі. Студыя выяўленчага мастацтва атрымала ганаровае званне “народная”, эстрадны ансамбль “Крыніца”, танцавальныя калектывы “Пралесачкі”, “Калі ласка” і “Мадэрн” — званне “узорны”.
Дзякуючы намаганням Валянціны Астравух быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей. Добрыя справы піянераў і камсамольцаў не засталіся без увагі на самым вышэйшым узроўні, і дзякуючы вялікай колькасці сабранага імі  металалому раён атрымаў аўтобусы “А. Гайдар” і “Аляксандр Сувораў”, а 6 трактароў “МТЗ-80” былі перададзены лепшым камсамольцам Кобрыншчыны.
Дзіцячая творчасць у цэнтры пашырае не толькі межы сфер дзейнасці, але і геаграфію выступленняў. Кобрынскіх дзяцей ведаюць у іншых рэгіёнах Беларусі і нават у блізкім і далёкім замежжы.
У пачатку мінулага навучальнага года Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці ўзначаліла Наталля Белая, якая, як і яе папярэдніцы, сваім запалам і аптымізмам падштурхнула калектыў да новых творчых пошукаў. Сённяшні дзень установы — гэта 5 аддзелаў: па рабоце з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, турызму і краязнаўства, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва, мастацкай творчасці, тэхнічнай творчасці. У 159 аб’яднаннях па інтарэсах пад кіраўніцтвам 65 педагогаў займаюцца каля 3000 навучэнцаў.
Наталля НІЖНІК.
На здымках: эстрадны ансамбль «Крыніца»; Марыя Пячонкіна вядзе занятак гуртка «Тэатр лялек»; на занятку гуртка «Кухня Усходу».
Фота з архіва РЦДТ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *