Па працы і слава

Калектыў СВК “Узыходзячая зара” сваімі дасягненнямі вядомы не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. У прыватнасці, за мінулы год жывёлаводы гаспадаркі занялі чацвёртае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па надоях малака і атрымалі яго ад кожнай каровы 8249 кілаграмаў. Выдатных вынікаў дабіліся і асобныя жывёлаводы. Так, пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва былі прызнаны аператар машыннага даення Святлана Батурка, аператар па абслугоўванні дойнага статка Анатоль Кузьміч, тэхнік штучнага асемянення жывёлы Сяргей Паляціла, работнікі свінакомплексу Валянціна Ігнацюк, Нэлі Панасюк і Уладзімір Казакевіч. Трэба адзначыць, што СВК “Узыходзячая зара” сярод гаспадарак раёна атрымлівае кожны дзесяты літр малака і кожны трэці кілаграм мяса. А па выхаду кармавых адзінак на адзін бала-гектар кааператыў з’яўляецца лідарам у абласным спаборніцтве. Сёлета калектыў перадавога сельгаспрадпрыемства таксама ідзе ў авангардзе спаборніцтва. Аб гэтым яскрава сведчаць дасягнутыя за дзесяць месяцаў вынікі работы. З пачатку года валавая вытворчасць малака склала 7227 тон, што на 384 больш, чым летась за гэты час. Ад кожнай каровы атрымана 7044 кілаграмы. Гэта адзін з лепшых вынікаў сярод сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Вялікі клопат у гаспадарцы праўляюць і аб якасці прадукцыі. Так, вышэйшым гатункам і “экстра” жывёлаводы рэалізавалі з пачатку года 97 працэнтаў малака. Як і летась, лідарства сярод аператараў машыннага даення ўтрымлівае Святлана Батурка. За дзесяць месяцаў яна надаіла ад кожнай каровы 8186 кілаграмаў малака. Другое месца ў спаборніцтве заваявала аператар машыннага даення Святлана Бенедзісюк, якая з’яўляецца прэзідэнтам раённага клуба даярак-пяцітысячніц. 7376 кілаграмаў малака ад каровы і на рахунку вопытнага аператара Валянціны Гардун. Шчырых слоў удзячнасці за сваю працу заслугоўвае і калектыў новай сучаснай фермы вёскі Каташы, якім кіруе Валянціна Ігнацюк. У прыватнасці, аператары машыннага даення Наталля Саўчук, Наталля Каракоўская, Галіна Штык і Наталля Самасюк атрымліваюць 50 працэнтаў малака ад агульнай колькасці яго ў гаспадарцы. Прычым уся іх прадукцыя паступае на завод толькі гатункам «экстра». — Мы імкнемся ўвесь час нарошчваць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі, дабівацца высокіх вынікаў па надоях малака, — гаворыць галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Ларыса Паляціла. – Гарантыяй поспеху жывёлаводаў з’яўляецца трывалая кармавая база, укараненне прагрэсіўных тэхналогій і сучаснага абсталявання на фермах, а галоўнае – старанная праца людзей. Гэта дае магчымасць зрабіць жывёлагадоўчую галіну больш высокарэнтабельнай. А што датычыцца славы і гонару, то яны заўсёды сугучны з самаадданай працай тых, хто стварае дабрабыт на роднай зямлі. Пэўна, таму і свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – для ўсіх вяскоўцаў з’яўляецца самым урачыстым днём.

Аляксей САЦУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *