Больше десяти лет в Кобрине существует клуб деловых женщин “Бона”

Больш за дзесяць гадоў у Кобрыне існуе клуб дзелавых жанчын “Бона”. І так сталася, што большасць яго членаў ужо падышла да таго ўзросту, калі працягласць вольнага часу значна павялічылася. Зразумеўшы, што жыццё з выхадам на заслужаны адпачынак не спыняецца, жанчыны вырашылі адкрыць пры клубе ўніверсітэт “залатога ўзросту” (УЗУ). Першае — арганізацыйнае — пасяджэнне адбылося нядаўна ў Палацы культуры.
Ідэя УЗУ спела ў галовах актывістак клуба даўно. Вывучаўся вопыт работы з пажылымі людзьмі як у Беларусі, так і за яе межамі: ва Украіне і Польшчы. Некаторыя жанчыны ездзілі на стажыроўку ў Гродна і расказалі шмат цікавага. Вядома, не ўсё адразу можна прымяніць у Кобрыне. Тут іграюць ролю і спецыфіка правінцыяльнага гарадка, і магчымасці пэўных устаноў. Але ж у нас ёсць і нешта сваё, чаго няма ў іншых, таму накірункі секцый выбіралі, перш за ўсё, зыходзячы з інтарэсаў людзей і таго вопыту, якім яны могуць падзяліцца.
Кіраўнік клуба Ала Сапяжынская, яна ж галоўны ідэйны натхняльнік універсітэта “залатога” ўзросту, прапанавала адзін раз у месяц праводзіць агульныя лекцыі. А вось план работы секцый будзе распрацоўвацца самастойна кожнай з іх.
— Галоўны прынцып нашай работы — самакіраванне, — патлумачыла Ала Сяргееўна. — Я магу толькі забяспечыць памяшканнем і лектарамі. Астатняе залежыць ад кожнай з вас.
Да наступнага пасяджэння, у час якога адбудзецца і першая тэматычная лекцыя, жанчыны павінны вызначыцца з тым, у якіх секцыях яны будуць займацца. Таксама ў лістападзе будуць выбраны савет універсітэта і яго кіраўнік і пачнуцца заняткі.
Каб зрабіць пэўны выбар, трэба ведаць усе прапановы. Таму першае пасяджэнне УЗУ ператварылася ў прэзентацыю праграм навучання.
Дырэктар РФАУ “Атлант” Валянціна Бараноўская зацікавіла прысутных спартыўнымі секцыямі і вывучэннем сваіх радаводаў “Жывая гісторыя”. Апошнюю тэму агучыла і член клуба Ірына Сіманава, у якой таксама немалы вопыт у гэтым накірунку. Да таго ж яна разам з Людмілай Суботай прапанавала краязнаўчы праект “Кобрынскі ключ”. “Калі не рухацца, можна заржавець”, — адзначыла Ірына Эдуардаўна. І з ёй цяжка не пагадзіцца.
Каб сапраўды не заржавець і падтрымліваць бадзёрасць не толькі душы, але і цела, Аляксандра Сяргута і Жана Разліванава падзяліліся асабістым вопытам скандынаўскай хадзьбы. Прапанова знайшла здаровы водгук у іншых.
Акрамя таго, былі выказаны ідэі танцаў, камп’ютарных курсаў, школы этыкету для дарослых.
“Мы павінны змяніць якасць жыцця праз інтэлектуальную, эмацыянальную і фізічную актыўнасць”, — гэтая думка чырвонай стужкай сачылася праз усе прэзентацыі і выступленні. А значыць, універсітэт “залатога” ўзросту сапраўды запатрабаваны. Вось толькі навучальны год у ім будзе скарочаны — з кастрычніка да красавіка.
Наталля НІЖНІК.
НА ЗДЫМКУ: першы практычны занятак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *