Пад знакам “Васілька”


У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады да прыярытэтных накірункаў, якія забяспечваюць павышэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, аднесена і стварэнне ўмоў для развіцця ўласных падсобных і фермерскіх гаспадарак. Як лічыць кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Вілія-Агра” Васіль Новік, такі падыход будзе спрыяць хутчэйшаму развіццю фермерскага руху ў сельскай гаспадарцы. Уласная фермерская гаспадарка Васіля Васільевіча за шэсць гадоў свайго існавання прайшла этапы станаўлення, і цяпер нарошчвае вытворчую магутнасць. Летась, напрыклад, “Вілія-Агра” была прызнана лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу прадпрымальнікаў у намінацыі “Лепшая сялянская фермерская гаспадарка”.

Асноўным накірункам з’яўляецца жывёлагадоўля. Тут утрымліваецца больш як 430 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 97 кароў. Акрамя вытворчасці малака, займаюцца вырошчваннем цялушак для ўзнаўлення дойнага статка. У распараджэнні фермера было 700 гектараў зямлі, хутка дабавіцца яшчэ 200. І хоць гэтыя ўгоддзі не вызначаюцца высокай натуральнай  урадлівасцю — яны ацэнены крыху больш як 20 балаў, аднак і на іх навучыліся вырошчваць добрыя ўраджаі збожжа, бульбы, агародніны, кармавых культур. А сёлета “Вілія-Агра” – адзіная ў рэспубліцы фермерская гаспадарка, якая вырошчвала кукурузу на зерне. З кожнага гектара было атрымана каля 100 цэнтнераў. Закладзены і пладовы сад. Сёлета тут пасадзілі 360 груш, каля двух гектараў займаюць буякі.

У прыгожым месцы, дзе калісьці быў хутар, Васіль Новік пабудаваў аграсядзібу. Ёсць дыхтоўны дом з дзвюма банкетнымі заламі, пакоямі для адпачынку. У гасцінічны комплекс уваходзяць лазня на беразе штучнага возера, паляўнічы дамок і нават заапарк з птушыным дваром. Закуплены і насельнікі заапарка: ослік, поні, дзікі, в’етнамскія свінкі, алені, фазаны, паўліны, экзатычныя качкі і куры розных парод. Васіль Васільевіч прывык усё рабіць дыхтоўна, прыгожа, па-гаспадарску. Не выпадкова заяўкі на адпачынак сюды паступілі ад знаёмых з Германіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі. Больш таго, сын Дзмітрый прайшоў спецыяльнае абучэнне ў Англіі па паглыбленым вывучэнні замежнай мовы і арганізацыі аграэкатурызму. Усе адпачываючыя будуць забяспечвацца прадуктамі харчавання, атрыманымі ў фермерскай гаспадарцы. Ды і наогул Васіль Васільевіч клапоціцца аб тым, каб прадукцыя з яго палёў і ферм даходзіла да спажыўцоў і карысталася попытам. Для гэтай мэты ў фермера ёсць кафэ, будуюцца агароднісховішча, магазін. Трэба заўважыць, што больш-менш паспяховая сучасная фірма звычайна мае свой лагатыпны знак. На візітнай картачцы Васіля Новіка красуецца наша палявая кветка – васілёк.

— Мы самі рыхтуем сабе спецыялістаў, — гаворыць Васіль Васільевіч. — Цяпер адзін з працаўнікоў гаспадаркі ў агранамічным каледжы асвойвае спецыяльнасць механіка, другая жанчына – спецыяльнасць агранома. Я і мае два сыны па спецыяльнасці ветурачы.

Хочацца пажадаць усім тым, хто працуе на зямлі, шчасця і дабрабыту. Мы ў сваёй гаспадарцы таксама будзем адзначаць прафесійнае свята. Лепшым працаўнікам уручым падарункі, аб’явім падзякі. Перад імі выступяць і самадзейныя артысты. Няхай і на нашай хлебаробскай ніве будзе сапраўднае свята!

Аляксей САЦУК.

фота РАМАНА МЕЛЬНІКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *